Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Адкрыццё 17 Адкрыццё 17 разьдзел

1 І прыйшоў адзін з сямі Анёлаў, якія мелі сем чашаў, і гаварыў са мною, і сказаў [мне]: Падыдзі, я пакажу табе суд над вялікаю распусніцай, якая сядзіць на многіх водах,
2 з якою распуснічалі зямныя цары, і тыя, хто насяляў зямлю, ап’янелі ад віна распусты яе.
3 І ён перанёс мяне ў духу ў пустэльню. І я ўбачыў жанчыну, якая сядзела на барвовым звяры, поўным богазневажальных імёнаў, і меў ён сем галоў і дзесяць рагоў.
4 І жанчына была апранута ў пурпур і парфіру і пазалочаная золатам і каштоўным каменнем і перламі, і трымала ў сваёй руцэ залатую чашу, поўную брыдоты і нечыстотаў яе распусты.
5 І на яе лбе напісана імя — таямніца: Вавілон вялікі, маці распусніц і зямной брыдоты.
6 І я ўбачыў, што жанчына п’яная ад крыві святых і ад крыві сведак Ісусавых. І я здзівіўся, убачыўшы яе, вялікім здзіўленнем.
7 І Анёл сказаў мне: Чаму здзівіўся? Я скажу табе таямніцу гэтай жанчыны і звера, які носіць яе і мае сем галоў і дзесяць рагоў.
8 Звер, якога ты ўбачыў, быў, і яго няма; і ён павінен падняцца з бездані і пайсці ў пагібель; і будуць здзіўляцца тыя, хто жыве на зямлі, імёны якіх не запісаны ў кнізе жыцця ад заснавання свету, калі будуць глядзець на звера, бо ён быў і яго няма, і ён прыйдзе.
9 Тут розум, які мае мудрасць. Сем галоў — гэта сем гор, на якіх сядзіць жанчына — і гэта сем цароў:
10 пяцёра ўпалі, адзін ёсць, другі яшчэ не прыйшоў; а калі прыйдзе, то нядоўга яму заставацца.
11 І звер, які быў і якога няма, ён жа — і восьмы, і ён — з сямі, і ідзе ў пагібель.
12 А дзесяць рагоў, якія ты бачыў, гэта дзесяць цароў, якія яшчэ не атрымалі царства, але атрымаюць уладу як цары на адну гадзіну са зверам.
13 Яны маюць адну думку, і яны даюць сілу і ўладу сваю зверу.
14 Яны будуць весці вайну з Агнецам, і Агнец пераможа іх, бо Ён Валадар валадароў і Цар цароў, і тыя, што з Ім, — пакліканыя і выбраныя, і верныя.
15 І ён кажа мне: Воды, якія ты ўбачыў, дзе сядзіць распусніца, — гэта людзі, і натоўпы, і народы, і роды.
16 І дзесяць рагоў, якія ты ўбачыў, і звер — яны зненавідзяць распусніцу і спустошаць яе, і аголяць, і з’ядуць яе цела, і спаляць яе ў агні.
17 Таму што Бог уклаў ім у сэрцы выканаць Яго волю, і выканаць адну гэту волю і аддаць іх царства зверу, пакуль не спраўдзяцца словы Божыя.
18 І жанчына, якую ты ўбачыў, — гэта вялікі горад, які мае царства над зямнымі царамі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Іаана Багаслова, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014