Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Адкрыццё 12 Адкрыццё 12 разьдзел

1 І паказаўся вялікі знак на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і пад яе нагамі — месяц, а на яе галаве — вянок з дванаццаці зорак,
2 і яна мае ў лоне і крычыць ад родавых боляў і мукаў нараджэння.
3 І паказаўся другі знак на небе; і вось, вялікі агніста-чырвоны дракон, які мае сем галоў і дзесяць рагоў, а на яго галовах — сем дыядэм,
4 і яго хвост сцягвае трэць зорак нябесных; і ён скінуў іх на зямлю. І дракон стаў перад жанчынаю, якая мелася нарадзіць, каб, калі яна народзіць, зжэрці яе дзіця.
5 І яна нарадзіла хлопчыка, якому належыць пасвіць усе народы жалезным жазлом; і было ўзята яе дзіця да Бога і да Яго трона.
6 А жанчына ўцякла ў пустэльню, дзе ёсць у яе там месца, падрыхтаванае Богам, каб там кармілі яе тысячу дзвесце шэсцьдзесят дзён.
7 І адбылася вайна ў небе: Міхаіл і яго Анёлы ваявалі з драконам27. І дракон ваяваў, і анёлы яго,
8 але ён не адолеў28, і не знайшлося ўжо для іх месца ў небе.
9 І быў скінуты вялікі дракон, змей старадаўні, які называецца д’яблам і сатаною, які ўводзіць у зман увесь населены абшар; ён быў скінуты на зямлю, і яго анёлы былі скінуты з ім.
10 І я пачуў гучны голас ў небе, які казаў: Цяпер настала збавенне, і сіла, і царства нашага Бога і ўлада Яго Хрыста, бо скінуты абвінаваўца нашых братоў, які абвінавачвае іх перад нашым Богам удзень і ўночы.
11 І яны перамаглі яго крывёю Агнеца і словам свайго сведчання, і не любілі свайго жыцця29 аж да смерці.
12 Таму весяліцеся, нябёсы і хто жыве ў іх! Бяда зямлі і мору30, бо сышоў д’ябал да вас у вялікім гневе, ведаючы, што мала ў яго часу.
13 І, калі дракон убачыў, што ён скінуты на зямлю, ён пачаў гнаць жанчыну, якая нарадзіла хлопчыка.
14 І былі дадзены жанчыне два крылы вялікага арла, каб яна ляцела ў пустэльню ў сваё месца, дзе яна кармілася там тэрмін і тэрміны і палавіну тэрміну ўдалечыні ад аблічча змея.
15 І змей выкінуў са сваёй пашчы ўслед за жанчынаю ваду, як раку, каб яе знесла ракою.
16 І зямля дапамагла жанчыне, і раскрыла зямля свае вусны і праглынула раку, якую дракон выкінуў са сваёй пашчы.
17 І дракон раззлаваўся на жанчыну і пайшоў, каб весці вайну з астатнімі з яе патомства, якія выконваюць Божыя запаведзі і маюць сведчанне Ісуса.

Каментары ці зноскі:

7 27: У некат. рукап.: супроць дракона.
8 28: У некат. рукап.: яны не змаглі.
11 29: Або: сваёй душы.
12 30: У некат. рукап.: Бяда тым, хто жыве на зямлі і на моры.
18 У папяровай версіі Клышка ёсць 18 верш: «І ён стаў на пяску мора.», але усюды ён пачатак 1 верша 13 раздзела.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Іаана Багаслова, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014