Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Адкрыцьцё 12 Адкрыцьцё 12 разьдзел

1 І знак вялікі быў зьяўлены на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад нагамі ў яе, і на галаве ейнай вянок з дванаццаці зорак.
2 І маючы ўва ўлоньні, яна крычыць, пераносячы болі дзетанараджэньня і пакутуючы ад родаў.
3 І быў зьяўлены другі знак на небе: і вось дракон вялікі агніста-чырвоны, які мае сем галоў і дзесяць рагоў, і на галовах ягоных сем дыядэмаў.
4 І хвост ягоны звалок трэйцюю частку зорак (зь) неба, і скінуў іх на зямлю. І дракон стаў перад жанчынай, якая мела нарадзіць, каб калі народзіць дзіця сваё, зжэрці (яго).
5 І нарадзіла яна сына, мужнага, якому належыць пасьвіць усе народы паліцай жалезнай. І ўзьнята было дзіця ейнае да Бога і да Пасаду Ягонага.
6 І жанчына ўцякла ў пустэльню, дзе яна мае мейсца, прыгатаванае ад Бога, каб кармілі яе там тысячу дзьвесьце шэсьцьдзясят дзён.
7 І адбылася вайна на небе: Міхаіл і Ангелы ягоныя ваявалі супраць дракона, і дракон і ангелы ягоныя ваявалі (супраць іх).
8 Але (яны) ня выстаялі, і ня знайшлося ўжо мейсца для іх на небе.
9 І скінуты быў дракон вялікі, зьмей старадаўны, называны д’яблам і шата́нам, які ўводзіць у заблуджэньне ўсю зямлю, быў скінуты на зямлю, і ангелы ягоныя былі скінуты (разам) зь ім.
10 І пачуў я голас моцны, які гаварыў на небе: цяпер настала збаўленьне і сіла, і Валадарства Бога нашага, і ўлада Хрыста Ягонага, таму што скінены абвінаваўца братоў нашых, які вінаваціў іх перад Богам нашым удзень і ўноч.
11 І яны перамаглі яго Крывёю Ягняка і словам сьведчаньня свайго, і ня пашкадавалі жыцьця свайго аж да сьмерці.
12 Таму радуйцеся Нябёсы, і тыя, хто ў іх жыве! Гора жыхарам зямлі і мора, таму што зыйшоў д’ябал да вас, маючы лютасьць вялікую, ведаючы, што ня шмат мае часу.
13 І калі дракон убачыў, што скінуты на зямлю, пачаў перасьледаваць жанчыну, каторая нарадзіла мужнага.
14 І даны былі жанчыне два крылы арла вялікага, каб яна ляцела ў пустэльню ў мейсца сваё, (схавацца) ад аблічча зьмея, дзе б яна была харчаваная там пару́, і поры, і поўпары.
15 І пусьціў зьмей за жанчынай із роту свайго ваду, як раку, каб яна была зьнесена ракой.
16 Але жанчыне памагла зямля, і адчыніла зямля рот свой і праглынула раку, якую пусьціў быў дракон із роту свайго.
17 І раз'юшыўся дракон на жанчыну і пайшоў ваяваць з астатнімі з насеньня ейнага, якія выконваюць загады Бога і маюць сьведчаньне Ісуса Хрыста.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыцьцё Яана Багаслова, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020