Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Адкрыцьцё 21 Адкрыцьцё 21 разьдзел

1 І я ўбачыў новае неба і новую зямлю, таму што першае неба і першая зямля мінулі, і мора ўжо няма.
2 І я, Яан, убачыў сьвятое места, Новы Ярузалім, які сыходзіў ад Бога зь Неба, прыгатаваны як маладая, убраная для мужа свайго.
3 І я пачуў голас моцны зь Неба, гаворачы: вось, Скінія Бога з чалавекамі, і Ён будзе жыць зь імі, і яны будуць народамі Ягонымі, і Сам Бог будзе зь імі Богам іхным.
4 І абатрэ Бог усякую сьлязу з вачэй іхных, і сьмерці больш ня будзе; ані плачу, ані ляманту, ані пакуты больш ня будзе, таму што першыя мінулі.
5 І сказаў Сядзяшчы на Пасадзе: вось раблю ўсё новае. І кажа мне: напішы, таму што словы гэтыя ёсьць праўдзівыя і верныя.
6 І Ён сказаў мне: сталася! Я ёсьць Альфа і Омэга, Пачатак і Канец. Прагнучаму Я дам з вытока вады жыцьця да́рма.
7 Хто пераможа атрымае ў спадчыну ўсё, і Я буду яму Богам, і ён будзе Мне сынам.
8 Баязьлівым жа і няверным, і агідным, і забойцам, і блудадзеям, і чарадзеям, і ідаласлужкам, і ўсім ілгунам: доля іхная ў возеры, якое гарыць агнём і серкай. Гэта ёсьць сьмерць другая.
9 І прыйшоў да мяне адзін із сямёх Ангелаў, якія мелі сем чараў, напоўненых сямёма плягамі апошнімі, і загаварыў са мною, кажучы: хадзі, я пакажу табе маладую Ягняка, жонку.
10 І ён узьнёс мяне ў духу на гару вялікую і высокую, і паказаў мне места вялікае, сьвяты Ярузалім, які спускаецца зь Неба ад Бога,
11 якое мае славу Бога, і сьветач ягоны падобны да камня найкаштоўнейшага, быццам да камня ясьпісу, які зьзяе, як крышталь.
12 І (места) мае сьцяну вялікую і высокую; мае дванаццаць брамаў, і на гэтых брамах дванаццаць Ангелаў, і напісаныя імёны, якія ёсьць дванаццаць родаў сыноў Ізраэля;
13 з усходу тры брамы, з поўначы тры брамы, з поўдня тры брамы, з захаду тры брамы.
14 І сьцяна места мае дванаццаць падмуркаў, і на іх імёны дванаццацёх Апосталаў Ягняка́.
15 І той, што гаварыў са мною, меў залатую трысьціну, каб абмераць (яму) места і брамы ягоныя, і сьцяну ягоную;
16 і места ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня яго такая ж, як і шырыня. І ён абмерыў места трысьцінай на дванаццаць тысячаў стадыяў; даўжыня і шырыня і вышыня ягоныя аднолькавыя.
17 І ён абмерыў сьцяну ягоную ў сто сорак чатыры локці мераю чалавечаю, якая ёсьць (і) Ангела.
18 Сьцяна ягоная пабудаваная зь ясьпісу, а места — чыстае золата, падобнае да шкла чыстага.
19 А падмуркі сьцяны места ўпрыгожаны ўсякім камнем каштоўным: падмурак першы — ясьпіс, другі — шапір, трэйці — халцэдон, чацьверты — шмарагд,
20 пяты — сардонікс, шосты — крывавец, сёмы — хрызоліт, восьмы — бэрыл, дзявяты — топаз, дзясяты — хрызопрас, адзінаццаты — гіяцынт, дванаццаты — амэтысты.
21 А дванаццаць брамаў — дванаццаць пэрлаў; кожная брама была із адной пэрліны, і вуліца места — чыстае золата, празрыстае як шкло.
22 І Сьвятыні ў ім я ня ўба́чыў, таму што Госпад, Бог Уседзяржыцель ёсьць Сьвятыня Ягоная і Ягняк.
23 І места ня мае патрэбы ў сонцу, ані ў месяцу, каб сьвяціць у ім, таму што слава Бога асьвяціла яго, і сьветач ягоны — Ягняк.
24 І народы зба́ўленых будуць хадзіць у сьвятле ягоным, і каралі зямлі прынясуць славу і чэсьць сваю ў яго.
25 І брамы ягоныя ня будуць запірацца ўдзень, таму што ночы там ня будзе.
26 І прынясуць славу і чэсьць народаў у яго.
27 І ня ўвойдзе ў яго нішто нячыстае, і той хто чыніць агіду і ілжу, але толькі запíсаныя ў скрутку жыцьця Ягняка.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыцьцё Яана Багаслова, 21 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020