1 І я ўбачыў: і вось Агнец стаіць на гары Сіён і з Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх Яго імя і імя Яго Бацькі напісаны на іх ілбах.
2 І я пачуў голас з неба, як шум многіх водаў і як грукат моцнага грому; і голас, які я пачуў, быццам арфістаў, што іграюць на сваіх арфах.
3 І яны спяваюць [быццам] новую песню перад тронам і перад чатырма жывымі істотамі і старэйшынамі: і ніхто не мог навучыцца гэтай песні, акрамя ста сарака чатырох тысячаў, якія выкупленыя ад зямлі.
4 Гэта тыя, што не апаганіліся з жанчынамі: бо яны цнатлівыя. Гэта тыя, хто ідзе ўслед за Агнецам, куды б Ён ні ішоў. Яны былі выкуплены ад людзей, як першынцы Богу і Агнецу,
5 і ў іх вуснах не было знойдзена лжы: яны беззаганныя [перад Божым тронам].
6 І я ўбачыў іншага Анёла, які ляцеў пасярэдзіне неба і меў вечнае Дабравесце, каб дабравесціць тым, хто жыве на зямлі: кожнаму народу, і пакаленню, і роду, і племю.
7 І ён казаў гучным голасам: Пабойцеся Бога і ўздайце Яму славу, бо прыйшла гадзіна Яго суда; і пакланіцеся Таму, Хто стварыў неба, і зямлю, і мора, і крыніцы водаў.
8 І іншы Анёл, другі, ішоў услед, кажучы: Упаў, упаў Вавілон вялікі, які напаіў усе народы шаленчым віном сваёй распусты!
9 І іншы Анёл, трэці, ішоў услед за імі, кажучы гучным голасам: Калі хто пакланяецца зверу і яго вобразу і прыме кляймо на свой лоб ці на сваю руку,
10 то і ён будзе піць ад віна лютасці Божай, неразведзенае, падрыхтаванае ў чашы Яго гневу; і ён будзе мучаны ў агні і серы перад святымі Анёламі і перад Агнецам.
11 І дым іх мукаў падымаецца векі вечныя; і яны не маюць спакою ні ўдзень, ні ўночы — тыя, хто пакланяецца зверу і яго вобразу, і кожны, хто прымае кляймо яго імя.
12 Тут вытрываласць святых, якія захоўваюць запаведзі Божыя і веру Ісуса.
13 І я пачуў голас з неба, які казаў: Напішы: «З гэтага часу шчаслівыя мёртвыя, што паміраюць ў Госпадзе. Так, кажа Дух: каб яны супакоіліся ад сваіх работ; бо іх учынкі ідуць услед за імі».
14 І я ўбачыў: і вось, белае воблака і на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага, і ў яго на галаве залаты вянок, а ў яго руцэ — востры серп.
15 І іншы Анёл выйшаў з храма, усклікваючы гучным голасам да Таго, Хто сядзеў на воблаку: Пашлі Твой серп і пажні, бо надышла пара жаць, бо зямное жніво даспела.
16 І Той, Хто сядзеў на воблаку, скінуў свой серп на зямлю, і зямля была пажата.
17 І іншы Анёл выйшаў з храма, што ў небе, і ў яго таксама быў востры серп.
18 І іншы Анёл [выйшаў] ад ахвярніка, той, які мае ўладу над агнём, і ўсклікнуў гучным голасам да таго, у каго быў востры серп, кажучы: Пашлі твой востры серп і абрэж гронкі вінаграду зямлі, бо даспелі яго ягады.
19 І скінуў Анёл свой серп на зямлю і абрэзаў з зямной лазы і кінуў у вялікую выціскальню Божага гневу.
20 І патапталі ягады ў выціскальні за горадам, і выйшла кроў з выціскальні аж да аброцяў коней на тысячу шэсцьсот стадый32.
Каментары ці зноскі:
20 32: Г. зн. каля 300 км.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Адкрыццё Іаана Багаслова, 14 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014