Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Адкрыццё 16 Адкрыццё 16 разьдзел

1 І пачуў я магутны голас са святыні, які казаў сямі анёлам: «Ідзіце і выліце сем чар гневу Божага на зямлю».
2 І пайшоў першы анёл, і выліў сваю чару на зямлю; і сталіся балючыя і страшныя скулы на людзях, якія маюць меціну звера, і на тых, якія пакланяліся абразу яго.
3 І другі анёл выліў сваю чару ў мора; і сталася мора як кроў памерлага, і кожная жывая душа, што была ў моры, памерла.
4 І трэці анёл выліў сваю чару на рэкі і крыніцы водаў, і сталіся яны крывёй.
5 І пачуў я, як казаў анёл водаў: «Справядлівы Ты, Які ёсць, Які быў, Святы, што такі прысуд выдаў,
6 бо яны пралівалі кроў святых і прарокаў, дзеля таго Ты даў ім кроў для пітва. Заслужылі яны».
7 І пачуў я голас іншы з ахвярніка, які казаў: «Сапраўды праўдзівыя і справядлівыя прысуды Твае, Госпадзе, Божа Усемагутны».
8 І чацвёрты анёл выліў сваю чару на сонца; і дадзена яму паліць людзей агнём.
9 І апалены былі людзі вялікаю спёкай, і зняважылі імя Бога, Які мае ўладу над гэтымі плягамі, і не навярнуліся, каб уздаць Яму хвалу.
10 І пяты анёл выліў сваю чару на пасад звера; і тады цемрай ахуталася яго валадарства, і кусалі сабе людзі языкі ад болю,
11 і блюзнілі на Бога нябёсаў за пакуты свае і скулы свае, але не навярнуліся ад спраў сваіх.
12 І шосты анёл выліў чару сваю на раку вялікую, што завецца Еўфрат; і высахла яе вада, каб гэтым была падрыхтавана дарога царам з усходу.
13 І ўбачыў я, як выходзілі тры нячыстыя духі, падобныя да жаб, з пашчы дракона, з пашчы звера і з пашчы фальшывага прарока.
14 Гэта ўсё духі дэманаў, якія робяць знакі і падступаюць да валадароў зямлі і ўсяго свету, каб сабраць іх на бой у дзень вялікі Усемагутнага Бога.
15 Вось, іду як злодзей. Шчасны той, хто чувае і сцеражэ адзежу сваю, каб не хадзіць голым і каб не паказаць сораму свайго.
16 І сабраў іх у месцы, якое па-гебрайску завецца Гармагедон.
17 І сёмы анёл выліў сваю чару ў паветра; і пачуўся магутны голас са святыні нябеснай ад пасада, які казаў: «Споўнілася!»
18 І сталіся маланкі, і галасы, і грымоты, і пачалося страшнае трасенне зямлі, якога яшчэ ніколі не было з таго часу, калі людзі з’явіліся на зямлі. Такі землятрус, такі вялікі!
19 І распаўся вялізны горад на тры часткі, і гарады паганаў былі знішчаны. І ўспомнены быў перад Богам вялікі Бабілон, і даў яму піць келіх віна лютасці гневу Яго.
20 І кожны востраў знік, і ніводнай гары не знайшлося.
21 І вялікі град, велічынёю з талент, спаў з неба на людзей; і людзі зневажалі Бога за плягу ад гэтага града, бо вельмі вялікай была пляга ад яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Яна, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017