Біблія » Пераклады » Пераклад праваслаўнай царквы

Апакаліпсіс 16 Апакаліпсіс, або Адкравенне 16 разьдзел

1 І пачу́ў я з хра́ма гу́чны го́лас, які каза́ў сямí А́нгелам: ідзíце і вы́ліце сем чаш я́расці Божай на зямлю́.
2 І пайшо́ў пе́ршы А́нгел і вы́ліў ча́шу сваю́ на зямлю́: і з’явíліся балю́чыя і шко́дныя гно́йныя ра́ны на лю́дзях, якія ме́лі кляймо́ зве́ра і пакланя́ліся выя́ве яго.
3 І другí А́нгел вы́ліў ча́шу сваю́ ў мо́ра: і з’явíлася кроў, бы́ццам з мёртвага, і ўсякая душа́ жыва́я паме́рла ў мо́ры.
4 І трэ́ці А́нгел вы́ліў ча́шу сваю́ ў рэ́кі і крынíцы вод: і з’явíлася кроў.
5 І пачу́ў я А́нгела вод, які каза́ў: пра́ведны Ты, Госпадзі, Які ёсць, і быў, і святы́, таму што прысудзíў так;
6 пако́лькі яны пралілí кроў святы́х і праро́каў, то і Ты даў ім піць кроў; яны ва́ртыя таго.
7 І пачу́ў я іншага, які гавары́ў з ахвя́рніка: так, Госпадзі Божа Уседзяржы́целю, íсцінныя і пра́ведныя суды́ Твае.
8 І чацвёрты А́нгел вы́ліў ча́шу сваю́ на со́нца: і да́дзена яму было́ палíць людзе́й агнём.
9 І былí апа́лены лю́дзі мо́цнаю спёкаю, і яны зневажа́лі імя́ Бога, Які ма́е ўла́ду над гэтымі бе́дствамі, і не пака́яліся яны і не ўзне́слі Яму сла́вы.
10 І пя́ты А́нгел вы́ліў ча́шу сваю́ на прасто́л зве́ра: і зрабíлася ца́рства яго змро́чным, і куса́лі лю́дзі языкí свае́ ад бо́лю,
11 і зневажа́лі яны Бога Нябе́снага з-за бо́лю свайго і ран сваіх, і не пака́яліся яны ў спра́вах сваіх.
12 І шо́сты А́нгел вы́ліў ча́шу сваю́ ў вялíкую раку́ Еўфра́т: і вы́сахла вада́ ў ёй, каб гато́вы быў шлях цара́м, якія з усхо́ду со́нца.
13 І я ба́чыў, як выхо́дзілі з ву́снаў драко́на, і з ву́снаў зве́ра, і з ву́снаў ілжэпраро́ка тры ду́хі нячы́стыя, падо́бныя да жаб:
14 гэта дэ́манскія ду́хі, што ро́бяць знаме́нні; яны выхо́дзяць да царо́ў усяго све́ту, каб сабра́ць іх на бíтву ў той вялікі дзень Бога Уседзяржы́целя.
15 «Вось, іду, як зло́дзей»: блажэ́нны, хто не спіць і зберагае адзе́нне сваё, каб не хадзíць яму го́лым і каб не ба́чылі со́раму яго.
16 І ён сабра́ў іх у ме́сца, якое называ́ецца па-яўрэ́йску Армагедо́н.
17 І сёмы А́нгел вы́ліў ча́шу сваю́ ў паве́тра: і з хра́ма нябе́снага ад прасто́ла пачу́ўся го́лас гу́чны, які сказа́ў: здзе́йснілася!
18 І былí мала́нкі, і грамы́, і гу́кі, і адбыло́ся землетрасе́нне вялíкае, якога не быва́ла з таго часу, як лю́дзі з’явíліся на зямлí. Такое мо́цнае землетрасе́нне! Такое вялíкае!
19 І го́рад вялíкі распа́ўся на тры ча́сткі, і гарады́ язы́чніцкія ру́хнулі, і Вавіло́н вялікі быў згада́ны перад Богам, каб была́ да́дзена яму ча́ша віна́ я́расці гне́ву Яго.
20 І кожны во́страў знік, і гор не ста́ла;
21 і град вялíкі, ваго́ю з тала́нт, вы́паў з не́ба на людзе́й; і зневажа́лі лю́дзі Бога за бе́дства ад гра́ду, бо ве́льмі ця́жкім было́ бе́дства ад яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Апакаліпсіс, або Адкравенне святога Апостала Іаана Багаслова, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.