Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Адкрыццё 11 Адкрыццё 11 разьдзел

1 І дадзена была мне трысціна, падобная да жазла, і сказана мне: «Падыміся і памерай святыню Божую, і ахвярнік, і тых, што пакланяюцца ў ёй.
2 А панадворак звонку святыні абміні і не мерай яго, бо ён дадзены паганам, і яны будуць таптаць горад святы на працягу сарака двух месяцаў.
3 І Я дам уладу Маім двум сведкам, і будуць яны прарочыць тысяча дзвесце шэсцьдзесят дзён, адзетыя ў зрэбніцу».
4 Яны — дзве алівы і два светачы, якія стаяць перад Богам зямлі.
5 І калі хто хоча ім шкодзіць, то агонь выходзіць з вуснаў іх і нішчыць іх ворагаў; калі ж хто захоча пакрыўдзіць іх, то гэткі мусіць быць забіты.
6 Яны маюць уладу зачыніць неба, каб не ішоў дождж у час іх праракавання, ды маюць уладу над водамі замяніць іх у кроў, і пляжыць зямлю ўсякай напасцю, калі толькі захочуць.
7 І, калі закончаць яны сведчанне сваё, звер, які паўстане з бяздоння, пачне супраць іх бой, і пераможа іх, і заб’е іх.
8 І трупы іх будуць ляжаць на плошчы вялікага горада, які духоўна завецца Садом і Егіпет, дзе і Госпад наш быў укрыжаваны.
9 І многія з народаў, і пакаленняў, і моў, і плямён будуць аглядаць трупы іх тры дні і паўдня, а целаў іх не дазволяць пакласці ў магілу.
10 І жыхары зямлі будуць радавацца дзеля іх, і весяліцца, і падарункі пасылаць адны адным, бо гэтыя два прарокі мучылі тых, якія жылі на зямлі.
11 І пасля трох з паловай дзён увайшоў у іх дух жыцця ад Бога. І падняліся яны на свае ногі; і вялікі страх ахапіў тых, якія бачылі іх.
12 І пачулі яны з неба магутны голас, што гаварыў да іх: «Узыдзіце сюды». І падняліся яны ў неба ў воблаку, і бачылі іх ворагі іх.
13 І ў той час пачаліся страшныя землятрусы, і дзесятая частка горада абрынулася, і загінула ад землятрусу сем тысяч імён чалавечых, а тыя, што засталіся, былі ахоплены жахам і аддалі славу Богу, Які ў небе.
14 Гора другое мінула; вось, трэцяе гора прыйдзе неўзабаве.
15 І затрубіў анёл сёмы. І сталіся моцныя галасы ў небе, кажучы: «Зрабілася валадарства гэтага свету Валадарствам Госпада нашага і Хрыста Яго, і будзе Ён валадарыць на векі вечныя».
16 І дваццаць чатыры старэйшыны, што сядзяць перад Богам на сваіх пасадах, палі на твары свае і пакланіліся Богу,
17 усклікаючы: «Дзякуем Табе, Госпадзе, Божа Усемагутны, Які ёсць, Які быў і Які ідзеш, што Ты узяў сілу Сваю магутную і запанаваў.
18 І ўзбурыліся народы, і прыйшоў гнеў Твой і гадзіна судзіць памерлых, і даць узнагароду слугам Тваім, прарокам і святым, і тым, што баяцца імя Твайго, малым і вялікім, і час загубы для тых, што губяць зямлю».
19 І адчынілася Божая святыня ў небе, і бачны стаў каўчэг запавету Яго ў святыні Яго, і зазіхацелі маланкі, і пачуліся галасы і грамы, і былі землятрусы і град вялікі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Яна, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017