Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Адкрыццё 10 Адкрыццё 10 разьдзел

1 Пасля ўбачыў я іншага магутнага анёла, апранутага ў воблака, які сыходзіў з неба, і над галавой у яго вясёлка, і твар яго — быццам сонца, і ногі яго — як слупы вогненныя,
2 і меў ён у руцэ сваёй адкрытую маленькую кніжку. І паставіў ён ногі свае: правую — на мора, а левую — на зямлю,
3 і ўсклікнуў магутным голасам на падабенства рыкаючага льва. І калі ён усклікнуў, прамовілі сем грымот галасамі сваімі.
4 І калі прагучалі гэтыя сем грымот, хацеў я пісаць, але пачуў з неба голас, які казаў мне: «Запячатай тое, што прамовілі сем грымот, і не пішы таго».
5 І анёл, якога я бачыў, што стаяў на моры і на зямлі, падняў правую руку сваю ў неба
6 і прысягнуў Тым, Хто жыве на векі вечныя, Які стварыў неба і ўсё, што на ім ёсць, і зямлю і тое, што на ёй ёсць, і мора і што ў ім ёсць: «Часу ўжо больш не будзе!
7 Але ў тых днях, у час голасу сёмага анёла, калі ён пачне трубіць, збудзецца таямніца Божая, як Ён дабравесціў паслугачам Сваім прарокам».
8 І пачуў я зноў голас з неба, які гаварыў са мной і казаў: «Ідзі і вазьмі адкрытую маленькую кніжку з рукі анёла, што стаіць на моры і на зямлі».
9 І пайшоў я да анёла, кажучы яму: «Дай мне маленькую кніжку». І ён сказаў мне: «Бяры кнігу і з’еж яе; і яна стане горкаю ў жываце тваім, але ў вуснах тваіх будзе яна салодкая, як мёд».
10 І ўзяў я маленькую кніжку з рукі анёла і з’еў яе; і ў вуснах маіх была яна салодкай, як мёд, а, калі яе спажыў, нутро маё напоўнілася горыччу.
11 І кажа мне: «Ты павінен зноў прарочыць пра народы, пра плямёны, пра мовы і пра многіх цароў».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Яна, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017