Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Адкрыццё 8 Адкрыццё 8 разьдзел

1 І калі Ён зняў сёмую пячатку, настала ў небе маўчанне каля паўгадзіны.
2 І ўбачыў я сем анёлаў, якія стаялі перад Богам, і дадзена было ім сем труб.
3 І выступіў іншы анёл, і стаў перад ахвярнікам, трымаючы залатую кадзільніцу, і дадзена было яму шмат фіміяму, каб з малітвамі ўсіх святых узнёс іх на залаты ахвярнік, які перад пасадам.
4 І падняўся дым фіміяму разам з малітвамі святых з рукі анёла перад Богам.
5 І ўзяў анёл кадзільніцу, і напоўніў яе агнём з ахвярніка, і кінуў на зямлю; і сталіся грымоты, і галасы, і маланкі, і землятрус.
6 І сем анёлаў, што мелі сем труб, нарыхтаваліся, каб трубіць.
7 І першы анёл затрубіў. І стаўся град і агонь, змяшаны з крывёй, і былі кінуты на зямлю. І трэцяя частка зямлі згарэла, і трэцяя частка дрэў спалымнела, і ўся трава зялёная згарэла.
8 І другі анёл затрубіў. І тады быццам велізарная гара, што палымнее агнём, кінута была ў мора. І трэцяя частка мора сталася крывёй,
9 і трэцяя частка марскіх істот, што мелі душы, вымерла, і трэцяя частка караблёў загінула.
10 І затрубіў трэці анёл. І зляцела з неба велізарная зорка, якая палымнела, як паходня, і ўпала яна на трэцюю частку рэк і крыніц водных.
11 І назва той зоркі чытаецца Палын. І трэцяя частка водаў ператварылася ў палын, і многа людзей паўмірала ад той вады, бо вельмі была горкая.
12 І чацвёрты анёл затрубіў. І тады была пашкоджана трэцяя частка сонца, і трэцяя частка месяца, і трэцяя частка зорак, каб пацямнела іх трэцяя частка, і ўдзень не яснела трэцяя частка, і таксама ноччу.
13 Потым глянуў я і пачуў аднаго анёла, які ляцеў па сярэдзіне неба, голасна ўскрыкваючы: «Гора, гора, гора тым, хто жыве на зямлі ад гукаў іншых труб трох анёлаў, якія павінны неўзабаве трубіць».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Яна, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017