Адкрыцьцё 13 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І стаў я на пяску марскім. І ўбачыў звера, які падымаўся з мора, з сямю галовамі і дзесяццю рагамі. На рагах у яго было дзесяць дыядэм, і на галовах яго надпісы блюзнячыя.
І стаў на беразе мора. Я ўбачыў як з мора выходзіў звер, які меў дзесяць рагоў і сем галоў, а на рагах ягоных — дзесяць дыядэм, і на галовах ягоных — імя блюзнерства.
І звер, якога я бачыў, быў падобны да барса, а ступні яго як у мядзведзя, а пашча ў яго як у льва. І даў яму дракон сілу сваю, і пасад свой, і вялікую ўладу.
Звер, якога я ўбачыў, нагадваў пантэру, а лапы яго — як у мядзведзя, а пашча яго — як у льва. І даў яму цмок сваю моц, свой трон і вялікую ўладу.
І адна з яго галоў быццам смяротна паранена, і тая яе смяротная рана была залечана. І дзівілася ўся зямля са звера,
Адна з яго галоў — быццам смяротна параненая, а яе смяротная рана была вылечаная. Уся зямля дзівілася, ідучы за зверам.
і пакланіліся ўсе перад драконам, які даў уладу зверу, і кланяліся зверу, кажучы: «Хто ж зраўняецца са зверам і хто зможа супраць яго ваяваць?»
Пакланіліся таксама цмоку, бо ён даў уладу зверу, і пакланіліся зверу, кажучы: «Хто падобны да звера, і хто можа пачаць з ім вайну?»
І дадзены былі яму вусны, што гаварылі пыхлівае і блюзнячае, і дадзена была яму ўлада дзейнічаць на працягу сарака двух месяцаў.
Былі дадзеныя яму вусны, што казалі рэчы, якія гучалі як вялікія, і блюзнерствы, і была яму дадзена ўлада дзейнічаць сорак два месяцы.
І адчыніў ён пашчу сваю ў блюзненнях на Бога, каб блюзніць на імя Яго, і палатку Яго, і на тых, што жывуць у небе.
І адкрыў ён сваю пысу для блюзнерстваў супраць Бога, каб блюзніць супраць імені Яго і скініі Яго, і супраць нябесных жыхароў.
І пры тым дадзена было яму ваяваць супраць святых і перамагчы іх, і дадзена была яму моц над усякім пакаленнем, народам, моваю і племем.
Было дадзена яму весці вайну са святымі і перамагчы іх. Была дадзена яму таксама ўлада над кожным племем, родам, мовай і народам.
І паклоняцца яму ўсе, хто жыве на зямлі і чыё імя не запісана ў кнізе жыцця Ягняці, Які быў забіты ад заснавання свету.
Яму паклоняцца ўсе жыхары зямлі, чыё імя не запісана ад заснавання свету ў кнізе жыцця забітага Баранка.
Хто мае вуха, хай слухае:
Калі нехта мае вушы, няхай пачуе.
«Каму ў палон, той ідзе ў палон. Хто на забіванне мечам, належыць таму прапасці ад меча. Тут, вось, цярплівасць і вера святых».
Калі некаму наканавана няволя,няхай ідзе ў няволю.Калі некаму наканавана загінуць ад мяча,той павінен быць забіты мячом.У гэтым цярплівасць і вера святых.
І ўбачыў я іншага звера, што падымаўся з зямлі, і меў ён двое рагоў, якія падобны да Ягнячых, і гаварыў як дракон.
Убачыў я таксама іншага звера, які выходзіў з зямлі і меў два рогі, як у Баранка, але гаварыў як цмок.
І здзяйсняе ён поўную ўладу першага звера на вачах у яго, і прынукае зямлю і яе жыхароў пакланяцца першаму зверу, якога смяротная рана была залечана.
У прысутнасці першага звера ён спаўняе усю яго ўладу і робіць так, каб уся зямля і яе жыхары пакланіліся першаму зверу, смяротная рана якога была вылечана.
І чыніць ён вялікія знакі, нават агонь зводзіць з неба на зямлю на вачах у людзей.
Ён робіць вялікія знакі, прымушаючы нават агонь сыходзіць з неба на зямлю перад людзьмі.
І зводзіць жыхароў зямлі знакамі, якія дадзена яму рабіць перад зверам, кажучы жыхарам зямлі, каб рабілі вобраз звера, што меў рану ад меча, але жывы.
Ашуквае жыхароў зямлі з дапамогай знакаў, якія яму было дадзена ўчыніць перад зверам, кажучы жыхарам зямлі, каб яны зрабілі вобраз звера, які атрымаў удар мячом і ажыў.
І дадзена яму надаць дух вобразу звера, каб гаварыў вобраз звера і каб таго, хто не пакланяўся вобразу звера, забіваць.
Было дадзена яму напоўніць духам вобраз звера, каб вобраз звера гаварыў і дзейнічаў так, каб быў забіты кожны, хто не паклоніцца вобразу звера.
І робіць ён, што малыя і вялікія, багатыя і бедныя, вольныя і нявольнікі атрымліваюць меціну на правай руцэ сваёй або на чале сваім,
Ён робіць таксама, што ўсе, малыя і вялікія, багатыя і бедныя, свабодныя і нявольнікі атрымліваюць кляймо на правую руку або на сваё чало.
і ніхто не зможа купляць або прадаваць, хто не будзе мець меціны, або імя звера, або лічбы імя яго.
І ніхто не можа ні купіць, ні прадаць, калі не мае знаку, імені звера або лічбы ягонага імені.
Тут трэба мудрасць; хто мае розум, няхай палічыць лічбу звера, бо гэта лічба чалавека, і лічба гэтая — шэсцьсот шэсцьдзясят шэсць.
Тут ёсць мудрасць. Хто мае розум, няхай падлічыць лічбу звера, бо гэта лічба чалавека. А лічба яго шэсцьсот шэсцьдзясят шэсць.