Адкрыцьцё 16 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І пачуў я магутны голас са святыні, які казаў сямі анёлам: «Ідзіце і выліце сем чар гневу Божага на зямлю».
Я пачуў, як гучны голас казаў са святыні сямі анёлам: «Ідзіце і выліце сем чашаў Божага гневу на зямлю».
І пайшоў першы анёл, і выліў сваю чару на зямлю; і сталіся балючыя і страшныя скулы на людзях, якія маюць меціну звера, і на тых, якія пакланяліся абразу яго.
Пайшоў першы і выліў сваю чашу на зямлю. З’явілася злаякасная і балючая язва на людзях, якія мелі кляймо звера і пакланяліся яго вобразу.
І другі анёл выліў сваю чару ў мора; і сталася мора як кроў памерлага, і кожная жывая душа, што была ў моры, памерла.
Другі выліў сваю чашу ў мора, і яно стала як бы крывёю памерлага, а кожная жывая істота ў моры памерла.
І трэці анёл выліў сваю чару на рэкі і крыніцы водаў, і сталіся яны крывёй.
Трэці выліў сваю чашу ў рэкі і крыніцы водаў, і яны сталі крывёю.
І пачуў я, як казаў анёл водаў: «Справядлівы Ты, Які ёсць, Які быў, Святы, што такі прысуд выдаў,
Тады пачуў я анёла водаў, які казаў: «Справядлівы Ты, які ёсць і які быў, Святы, што так рассудзіў,
бо яны пралівалі кроў святых і прарокаў, дзеля таго Ты даў ім кроў для пітва. Заслужылі яны».
бо яны пралілі кроў прарокаў, і Ты даў ім піць кроў. Яны вартыя гэтага!»
І пачуў я голас іншы з ахвярніка, які казаў: «Сапраўды праўдзівыя і справядлівыя прысуды Твае, Госпадзе, Божа Усемагутны».
І я пачуў, як казаў алтар: «Так, Пане Божа ўсемагутны, праўдзівыя і справядлівыя Твае прысуды!»
І чацвёрты анёл выліў сваю чару на сонца; і дадзена яму паліць людзей агнём.
Чацвёрты выліў сваю чашу на сонца, і было дадзена яму паліць людзей агнём.
І апалены былі людзі вялікаю спёкай, і зняважылі імя Бога, Які мае ўладу над гэтымі плягамі, і не навярнуліся, каб уздаць Яму хвалу.
А людзі, апаленыя вялікай спёкай, пачалі блюзнерыць супраць імя Бога, які мае ўладу над гэтымі бедствамі, і не апамяталіся, каб праславіць Яго.
І пяты анёл выліў сваю чару на пасад звера; і тады цемрай ахуталася яго валадарства, і кусалі сабе людзі языкі ад болю,
Пяты выліў чашу сваю на трон звера, і зацьмілася каралеўства яго, а людзі ад болю грызлі свае языкі.
і блюзнілі на Бога нябёсаў за пакуты свае і скулы свае, але не навярнуліся ад спраў сваіх.
Яны пачалі блюзнерыць супраць Бога неба за свой боль і за свае язвы, і не адвярнуліся ад сваіх учынкаў.
І шосты анёл выліў чару сваю на раку вялікую, што завецца Еўфрат; і высахла яе вада, каб гэтым была падрыхтавана дарога царам з усходу.
Шосты выліў сваю чашу на вялікую раку Еўфрат. І высахла яе вада, каб была падрыхтавана дарога для каралёў з Усходу.
І ўбачыў я, як выходзілі тры нячыстыя духі, падобныя да жаб, з пашчы дракона, з пашчы звера і з пашчы фальшывага прарока.
Убачыў я, як з пашчы цмока, і з пашчы звера, і з пашчы фальшывага прарока выходзілі тры нячыстыя духі, быццам жабы.
Гэта ўсё духі дэманаў, якія робяць знакі і падступаюць да валадароў зямлі і ўсяго свету, каб сабраць іх на бой у дзень вялікі Усемагутнага Бога.
Былі гэта духі дэманаў, якія рабілі знакі. Яны выходзяць да каралёў усяго свету, каб сабраць іх на бітву ў гэты вялікі дзень ўсемагутнага Бога.
Вось, іду як злодзей. Шчасны той, хто чувае і сцеражэ адзежу сваю, каб не хадзіць голым і каб не паказаць сораму свайго.
Вось, прыходжу як злодзей. Шчаслівы той, хто не спіць і пільнуе сваё адзенне, каб не хадзіць голаму і каб не бачылі яго сораму.
І сабраў іх у месцы, якое па-гебрайску завецца Гармагедон.
І сабралі іх у месца, якое па-габрэйску называецца Армагедон.
І сёмы анёл выліў сваю чару ў паветра; і пачуўся магутны голас са святыні нябеснай ад пасада, які казаў: «Споўнілася!»
Сёмы анёл выліў сваю чашу ў паветра, і выйшаў вялікі голас са святыні ад трона, кажучы: «Сталася!»
І сталіся маланкі, і галасы, і грымоты, і пачалося страшнае трасенне зямлі, якога яшчэ ніколі не было з таго часу, калі людзі з’явіліся на зямлі. Такі землятрус, такі вялікі!
Пачаліся маланкі, шум, грымоты, і адбыўся вялікі землятрус, якога не было ад часу, калі чалавек з’явіўся на зямлі. Такі моцны, вельмі вялікі землятрус.
І распаўся вялізны горад на тры часткі, і гарады паганаў былі знішчаны. І ўспомнены быў перад Богам вялікі Бабілон, і даў яму піць келіх віна лютасці гневу Яго.
Вялікі горад распаўся на тры часткі, упалі гарады язычнікаў. Вялікі Бабілён быў згаданы перад Богам, каб даць яму келіх віна Яго лютага гневу.
І кожны востраў знік, і ніводнай гары не знайшлося.
Знікла кожная выспа, і не знайшлося гор.
І вялікі град, велічынёю з талент, спаў з неба на людзей; і людзі зневажалі Бога за плягу ад гэтага града, бо вельмі вялікай была пляга ад яго.
Вялізны град вагою з талант пасыпаўся з неба на людзей. Людзі пачалі блюзнерыць супраць Бога за бедства граду, бо гэтае бедства было вельмі вялікім.