Адкрыцьцё 16 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І пачуў я вялікі голас із дому, што казаў сямём ангілам: «Ідзіце й выліце сем чараў гневу Божага на зямлю».
Я пачуў, як гучны голас казаў са святыні сямі анёлам: «Ідзіце і выліце сем чашаў Божага гневу на зямлю».
І пайшоў першы ангіл, і выліў чару сваю на зямлю: і выніклі нягодныя а шкодныя раны на людзёх, што мелі знак зьвераў і кланяліся абразу ягонаму.
Пайшоў першы і выліў сваю чашу на зямлю. З’явілася злаякасная і балючая язва на людзях, якія мелі кляймо звера і пакланяліся яго вобразу.
І другі выліў чару сваю ў мора: і сталася кроў, як мерцьвяка, і ўсе жывое памерла ў мору.
Другі выліў сваю чашу ў мора, і яно стала як бы крывёю памерлага, а кожная жывая істота ў моры памерла.
І трэйці выліў чару сваю ў рэкі а ў жаролы водаў: і сталася кроў.
Трэці выліў сваю чашу ў рэкі і крыніцы водаў, і яны сталі крывёю.
І пачуў я ангіла водаў, каторы казаў: «Справядлівы Ты, Спадару, Каторы ёсьць і быў, сьвяты, што рассудзіў так.
Тады пачуў я анёла водаў, які казаў: «Справядлівы Ты, які ёсць і які быў, Святы, што так рассудзіў,
За тое, што яны разьлілі кроў сьвятых а прарокаў, Ты даў ім піць кроў: яны вартыя».
бо яны пралілі кроў прарокаў, і Ты даў ім піць кроў. Яны вартыя гэтага!»
І пачуў я, што аброчнік казаў: «Запраўды, Спадару, Божа Ўсемагучы, праўдзівыя а справядлівыя суды Твае».
І я пачуў, як казаў алтар: «Так, Пане Божа ўсемагутны, праўдзівыя і справядлівыя Твае прысуды!»
І чацьверты выліў чару сваю на сонца: і дана было яму паліць людзёў цяплом.
Чацвёрты выліў сваю чашу на сонца, і было дадзена яму паліць людзей агнём.
І людзі былі палены вялікім вадам; і блявузґалі на імя Божае, Каторы меў уладу над гэтымі болькамі, і не пакаяліся, каб уздаць Яму славу.
А людзі, апаленыя вялікай спёкай, пачалі блюзнерыць супраць імя Бога, які мае ўладу над гэтымі бедствамі, і не апамяталіся, каб праславіць Яго.
І пяты выліў чару сваю на пасад зьвераў: і стала гаспадарства ягонае хмарнае, і з болю яны кусалі языкі свае,
Пяты выліў чашу сваю на трон звера, і зацьмілася каралеўства яго, а людзі ад болю грызлі свае языкі.
і з боляў сваіх і ад болькаў сваіх блявузґалі на Бога нябёснага; і не пакаяліся з учынкаў сваіх.
Яны пачалі блюзнерыць супраць Бога неба за свой боль і за свае язвы, і не адвярнуліся ад сваіх учынкаў.
І шосты выліў чару сваю на вялікую раку Еўфрат: і высахла вада ў ёй, каб прыгатавана была дарога каралём ад усходу сонца.
Шосты выліў сваю чашу на вялікую раку Еўфрат. І высахла яе вада, каб была падрыхтавана дарога для каралёў з Усходу.
І бачыў я выходзячых ізь ляпы смокавае, і зь ляпы зьверавае, і з роту хвальшывага прарокі трох духоў нячыстых, бы жабы;
Убачыў я, як з пашчы цмока, і з пашчы звера, і з пашчы фальшывага прарока выходзілі тры нячыстыя духі, быццам жабы.
Бо яны духі нячысьцікавы, што чыняць знакі; яны выходзяць да каралёў усяго сьвету, каб зьберці іх на вайну таго вялікага дня Бога Ўсемагучага.
Былі гэта духі дэманаў, якія рабілі знакі. Яны выходзяць да каралёў усяго свету, каб сабраць іх на бітву ў гэты вялікі дзень ўсемагутнага Бога.
«Гля, прыходжу, як злодзей: дабраславёны, хто чукавы і сьцеражэць адзецьці свае, каб не хадзіў голы і каб не абачылі сораму ягонага».
Вось, прыходжу як злодзей. Шчаслівы той, хто не спіць і пільнуе сваё адзенне, каб не хадзіць голаму і каб не бачылі яго сораму.
І ён зьбер іх на месца, званае пагэбрэйску Армаґедон.
І сабралі іх у месца, якое па-габрэйску называецца Армагедон.
І сёмы выліў чару сваю ў паветра: і з дому Божага, з пасаду разьлёгся вялікі голас, каторы казаў: «Сталася!»
Сёмы анёл выліў сваю чашу ў паветра, і выйшаў вялікі голас са святыні ад трона, кажучы: «Сталася!»
І былі маланьні а галасы а пяруны, і сталася вялікае трасеньне зямлі, якога ня бывала адгэнуль, як людзі на зямлі. Такое трасеньне зямлі! Такое вялікае!
Пачаліся маланкі, шум, грымоты, і адбыўся вялікі землятрус, якога не было ад часу, калі чалавек з’явіўся на зямлі. Такі моцны, вельмі вялікі землятрус.
І вялікае места падзялілася на тры часьці, і месты паганскія палі, і Бабілён вялікі ўспомнены перад Богам, каб даць яму чару віна палу гневу Свайго.
Вялікі горад распаўся на тры часткі, упалі гарады язычнікаў. Вялікі Бабілён быў згаданы перад Богам, каб даць яму келіх віна Яго лютага гневу.
І кажны абток уцёк, і гораў не засталося;
Знікла кожная выспа, і не знайшлося гор.
І град, увелькі з цэнтнар, пайшоў зь неба на людзёў; і блявузґалі людзі на Бога за болькі ад граду, бо болька ад яго надта балючая.
Вялізны град вагою з талант пасыпаўся з неба на людзей. Людзі пачалі блюзнерыць супраць Бога за бедства граду, бо гэтае бедства было вельмі вялікім.