Адкрыцьцё 18 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Просьле гэтага я абачыў іншага ангіла, што зыходзіў зь неба і меў уладу вялікую. Зямля асьвяцілася ад славы ягонае.
Потым я ўбачыў іншага анёла, які сыходзіў з неба і меў вялікую ўладу, а зямля асвятлілася ад ягонай славы.
І гукнуў ён вялікім голасам, кажучы: «Упаў, упаў Бабілён, вялікая бязуля, і стаў сялібаю чартоў і прытулам кажнага нячыстага духа, прытулам кажнае нячыстае ненавіднае птушкі;
Ён усклікнуў моцным голасам, кажучы: «Упаў, упаў вялікі Бабілён і стаў жыллём дэманаў і прыстанішчам усякага нячыстага духа, прыстанішчам усякай нячыстай птушкі і прыстанішчам усякага нячыстага звера, што абуджае агіду,
Бо віном шалу бязулства свайго напаіла яна ўсі народы; І каралёве земныя бязулілі зь ёю, і купцы земныя забагацелі з моцы раскошы ейнае».
бо шалёным віном яго распусты напіліся ўсе народы, каралі зямлі чынілі з ім распусту, а купцы зямлі ўзбагаціліся з вялізнай раскошы яго!»
І пачуў я іншы голас ізь неба, што казаў: «Выйдзі зь яе, людзе Мой, каб вы ня мелі сяброўства ў грахох ейных і не дасталі болькаў ейных;
І пачуў я іншы голас, які казаў з неба: «Выйдзі з яго, мой народзе, каб вам не саўдзельнічаць у яго грахах і не пацярпець ад яго бедстваў,
Бо грахі ейныя нагрудзіліся аж да неба, і Бог успомнеў несправядлівасьці ейныя.
бо ўзышлі яго грахі аж да неба і згадаў Бог яго правіны.
Уздайце ёй так, як яна ўздавала, і ўдвая, удвая подле ўчынкаў ейных; у чары, у каторай яна мяшала, замяшайце ёй удвая.
Адплаціце яму, як і ён адплаціў, і ўдвая аддайце за яго ўчынкі. У келіху, у якім ён гатаваў віно вам, прыгатуйце яму ўдвая.
Колькі славілася яна а раскошавала, толькі дайце ёй удвая мукаў а немарасьцяў, бо яна кажа ў сэрцу сваім: "Сяджу караліцаю, я не ўдава, ніяк не абачу немарасьці".
Колькі ён славіў сябе і жыў у раскошы, столькі дайце яму катаванняў і смутку, бо ў сэрцы сваім ён кажа: “Я сяджу як каралева і я не ўдава, і не зазнаю смутку”.
За тое аднаго дня прыйдуць на яе болькі, сьмерць а немарасьць а галадоў, і будзе спалена цяплом, бо дужы Спадар Бог, Каторы судзіў яе.
Дзеля гэтага ў адзін дзень настануць яго бедствы: смерць, смутак і голад, і будзе ён спалены агнём, бо моцны Пан Бог, які асудзіў яго».
І заплачуць і загалосяць па ёй каралёве земныя, што бязулілі й раскошавалі зь ёю, як абачаць дым ад пажару ейнага,
Тады заплачуць і будуць лямантаваць над ім каралі зямлі, якія распуснічалі з ім і жылі ў раскошы, калі ўбачаць дым ад яго пажару.
Стоячы здалеку ад страху мукаў ейных, кажучы: "Бяда, бяда, вялікае места Бабілён, места дужое, што аднае гадзіны прышоў рассудак твой".
Стаўшы здалёк ад страху перад яго пакутамі, скажуць: «Гора, гора, вялікі горад Бабілён, моцны горад, бо ў адну гадзіну прыйшоў твой прысуд!»
І купцы земныя заплачуць а засмуцяцца па ёй, бо накладаў іхных ніхто ўжо ня купляе,
Купцы зямлі плачуць і смуткуюць над ім, бо ніхто не купляе ўжо іх тавару:
Накладу золата а срэбла а дарагога каменьня а пэрлаў а цянюсенькага палатна а пурпуры а шоўку а шкарлату а ўсялякага пахнючага дзерва а ўсялякіх вырабаў із сланёвае косьці а ўсялякіх вырабаў з дарагога дзерва, зь медзі а зялеза а мрамару,
золата, срэбра, каштоўных камянёў і пярлінаў, тонкага лёну, пурпуры, шоўку і пунсовай тканіны, ніякага цытрусавага дрэва і ніякай рэчы са слановай косткі, ніякай рэчы з найдаражэйшага дрэва, медзі, жалеза і мармуру,
А цынамону а пахнючых рэчаў а масьцяў а кадзіла а віна а алівы а чыстае мукі а пшонкі а статку а авец а коні а вазоў а целаў а душаў людзкіх.
карыцы, амому і духмянасцяў, міра і кадзіла, віна і алею, чыстай пшанічнай мукі і збожжа, жывёл, авечак і коней, павозак, целаў і людскіх душ.
І сьпелая садавіна, жаданьне душы тваёй, адышла ад цябе, і ўсе сытое а пазорыстае загінула ў цябе, і ніякім парадкам яго ўжо ня знойдзеш.
Плод жадання тваёй душы адышоў ад цябе, усё сытае і цудоўнае прапала для цябе, і ты ўжо гэтага ніколі не знойдзеш.
«Купцы гэтага, каторыя забагацелі зь яе, стануць здалеку із страху мукаў ейных, плачучы а смуцячыся,
Купцы, якія ўзбагачаліся з яго, стануць здалёк ад страху перад ягонымі пакутамі,
Кажучы: "Авохці, авохці, вялікае места, каторае адзявалася ў цянюсенькае палатно а ў пурпуру а шкарлат, і мела прыборы із золата а дарагога каменьня а пэрлаў!"»
кажучы з плачам і смуткам: «Гора, гора, вялікі горад, апрануты ў тонкі лён, пурпуру і пунсовыя шаты, упрыгожаны золатам, каштоўным камнем і пярлінамі,
Бо за адну гадзіну спусьцела такое вялікае багацьце. І кажны штырнік, і ўсі плывучыя куды-колечы ў караблёх, і ўсі плаўбіты, і ўсі працаўні на мору сталі здалеку
бо ў адну гадзіну было спустошана такое багацце!» Кожны стырнавы і кожны, хто плыве на караблі, кожны марак і ўсе, хто працуе на моры, сталі здалёк і крычалі,
І, бачачы дым пажаруяго, загаласілі, кажучы: «Што падобнае да места вялікага!»
убачыўшы дым яго пажару: «Які горад падобны да гэтага вялікага горада?»
І пасыпалі попелам галавы свае, і галасілі, плачучы а зохаючы, кажучы: «Авохці, авохці, вялікае места, каторага каштоўнасьцямі забагацелі ўсі, што мелі караблі на мору! Бо спусьцела за адну гадзіну.
Яны кінулі пыл на свае галовы і крычалі ў плачы і смутку: «Гора, гора, вялікі горад, з дастатку якога ўзбагаціліся ўсе, хто мае караблі на моры, бо за адну гадзіну ён апусцеў!
«Цешчася зь яго, нябёсы, і сьвятыя, і апосталы, і прарокі, бо рассудзіў Бог суд вашы над ім».
Радуйцеся над ім, неба і святыя, апосталы і прарокі, бо Пан асудзіў яго паводле вашага суда!»
І дужы ангіл узяў камень, увелькі зь вялікі жоран, і кінуў у мора, кажучы: «З такім размахам будзе ськінены Бабілён, вялікае места, і ўжо ня будзе знойдзены;
Адзін магутны анёл узяў камень, падобны да вялікіх жорнаў, і ўкінуў у мора, кажучы: «З такою сілаю будзе павалены Бабілён, вялікі горад, і ўжо не будзе яго.
І голасу гарпістых а музыкаў а дудароў а трубялёў наперад ніяк ня будзе чуваць у табе; і наперад ніякі майстра якога-колечы рамяства ніяк ня знойдзецца ў табе, і гуку жорнаў ніяк ня будзе чуць у табе!
Голасу гусляроў і песняроў, флейтыстаў і трубачоў не будзе чутна ў табе больш. Не будзе ўжо ў табе ніводнага мастака ніякага мастацтва, і шуму ад жорнаў не будзе ўжо чутна ў табе.
І наперад сьвятло сьветача не зазьзяе ў табе; і голасу князя маладога і княгіні маладое ніякім парадкам ня чуваць будзе болей у табе: бо купцы твае былі магнатамі земскімі, і чарамі тваімі былі зьведзены ўсі народы.
Ужо не з’явіцца ў табе святло лямпы, і голасу абранніка і абранніцы не будзе ўжо чутна ў табе. Бо твае купцы былі вяльможамі зямлі, бо тваім чарадзействам зведзены ўсе народы.
І ў ім знойдзена кроў прарокаў а сьвятых а ўсіх забітых на зямлі».
У табе знойдзена кроў прарокаў, святых і ўсіх забітых на зямлі!»