Адкрыцьцё 18 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Пасля́ гэтага ўба́чыў я іншага А́нгела, які сыхо́дзіў з не́ба і меў ула́ду вялíкую; і зямля́ асвятлíлася ад сла́вы яго.
 
Потым я ўбачыў іншага анёла, які сыходзіў з неба і меў вялікую ўладу, а зямля асвятлілася ад ягонай славы.

І ўсклíкнуў ён мо́цна, гу́чным го́ласам ка́жучы: паў, паў Вавіло́н, вялíкая блуднíца, і стаў жытло́м дэ́манаў, і цямнíцаю для ўсякага ду́ха нячы́стага, і цямнíцаю для ўсякага пта́ства нячы́стага і агíднага; таму што віно́м я́расці блу́ду свайго напаíла яна ўсе наро́ды;
 
Ён усклікнуў моцным голасам, кажучы: «Упаў, упаў вялікі Бабілён і стаў жыллём дэманаў і прыстанішчам усякага нячыстага духа, прыстанішчам усякай нячыстай птушкі і прыстанішчам усякага нячыстага звера, што абуджае агіду,

і цары́ зямны́я блудадзе́йнічалі з ёю, і купцы́ зямны́я разбагаце́лі ад вялíкай раско́шы яе.
 
бо шалёным віном яго распусты напіліся ўсе народы, каралі зямлі чынілі з ім распусту, а купцы зямлі ўзбагаціліся з вялізнай раскошы яго!»

І пачу́ў я іншы го́лас з не́ба, які каза́ў: вы́йдзі ад яе, наро́д Мой, каб не саўдзе́льнічаць вам у граха́х яе і каб не спасцíглі вас бе́дствы яе;
 
І пачуў я іншы голас, які казаў з неба: «Выйдзі з яго, мой народзе, каб вам не саўдзельнічаць у яго грахах і не пацярпець ад яго бедстваў,

бо грахí яе дасягну́лі да не́ба, і згада́ў Бог злачы́нствы яе.
 
бо ўзышлі яго грахі аж да неба і згадаў Бог яго правіны.

Адплацíце ёй так, як яна плацíла вам, і ўдвая́ адда́йце ёй паво́дле спраў яе; у ча́шу, у якую наліва́ла яна віно́, налíце ёй удвая́.
 
Адплаціце яму, як і ён адплаціў, і ўдвая аддайце за яго ўчынкі. У келіху, у якім ён гатаваў віно вам, прыгатуйце яму ўдвая.

Колькі праслаўля́ла яна сябе і раскашава́ла, столькі да́йце ёй паку́т і го́ра. Бо яна ка́жа ў сэ́рцы сваім: «сяджу́ як цары́ца, і не ўдава́ я, і не ўба́чу го́ра!»
 
Колькі ён славіў сябе і жыў у раскошы, столькі дайце яму катаванняў і смутку, бо ў сэрцы сваім ён кажа: “Я сяджу як каралева і я не ўдава, і не зазнаю смутку”.

За гэта ў адзін дзень пры́йдуць бе́дствы на яе, смерць, і го́ра, і го́лад, і будзе спа́лена агнём, таму што мо́цны Гасподзь Бог, Які су́дзіць яе.
 
Дзеля гэтага ў адзін дзень настануць яго бедствы: смерць, смутак і голад, і будзе ён спалены агнём, бо моцны Пан Бог, які асудзіў яго».

І будуць пла́каць і рыда́ць па ёй цары́ зямны́я, якія блудадзе́йнічалі і раскашава́лі з ёю, калі ўба́чаць дым спале́ння яе,
 
Тады заплачуць і будуць лямантаваць над ім каралі зямлі, якія распуснічалі з ім і жылі ў раскошы, калі ўбачаць дым ад яго пажару.

сто́ячы во́ддаль з-за стра́ху ад паку́т яе і ка́жучы: го́ра, го́ра табе, го́рад вялíкі Вавіло́н, го́рад мо́цны! бо ў адзін мо́мант прыйшло́ асуджэ́нне табе!
 
Стаўшы здалёк ад страху перад яго пакутамі, скажуць: «Гора, гора, вялікі горад Бабілён, моцны горад, бо ў адну гадзіну прыйшоў твой прысуд!»

І купцы́ зямны́я будуць пла́каць і тужы́ць па ёй, бо тава́раў іх больш ніхто не купля́е,
 
Купцы зямлі плачуць і смуткуюць над ім, бо ніхто не купляе ўжо іх тавару:

тава́раў зо́лата, і срэ́бра, і камянёў кашто́ўных, і жэ́мчугу, і вісо́ну, і парфíры, і шо́ўку, і пу́рпуру, і ўсякага дрэ́ва духмя́нага, і ўсякага вы́рабу са слано́вай ко́сці, і ўсякага вы́рабу з дрэ́ва кашто́ўнага, і з ме́дзі, і з жале́за, і з марму́ру,
 
золата, срэбра, каштоўных камянёў і пярлінаў, тонкага лёну, пурпуры, шоўку і пунсовай тканіны, ніякага цытрусавага дрэва і ніякай рэчы са слановай косткі, ніякай рэчы з найдаражэйшага дрэва, медзі, жалеза і мармуру,

і кары́цы, і фімія́му, і мíра, і ла́дану, і віна́, і але́ю, і мукí, і пшанíцы, і буйно́й скацíны, і аве́чак, і ко́ней, і каляснíц, і цел і душ чалаве́чых.
 
карыцы, амому і духмянасцяў, міра і кадзіла, віна і алею, чыстай пшанічнай мукі і збожжа, жывёл, авечак і коней, павозак, целаў і людскіх душ.

І пладо́ў, якіх жада́е душа́ твая, не ста́ла ў цябе, і ўсяго тлу́стага і раско́шнага не ста́ла ў цябе, і ты ўжо не зно́йдзеш гэтага.
 
Плод жадання тваёй душы адышоў ад цябе, усё сытае і цудоўнае прапала для цябе, і ты ўжо гэтага ніколі не знойдзеш.

Хто гандлява́ў гэтым, хто ўзбагацíўся ад яе, ста́нуць во́ддаль, з-за стра́ху ад паку́т яе, пла́чучы, і смутку́ючы,
 
Купцы, якія ўзбагачаліся з яго, стануць здалёк ад страху перад ягонымі пакутамі,

і ка́жучы: го́ра, го́ра табе, го́рад вялíкі, убра́ны ў вісо́н, і парфíру, і пу́рпур і аздо́блены зо́латам, і камяня́мі кашто́ўнымі, і жэ́мчугам,
 
кажучы з плачам і смуткам: «Гора, гора, вялікі горад, апрануты ў тонкі лён, пурпуру і пунсовыя шаты, упрыгожаны золатам, каштоўным камнем і пярлінамі,

бо ў адзін мо́мант знíкла такое бага́цце! І кожны стырнавы́, і ўсе, што плыву́ць на карабля́х, і маракí, і ўсе, хто гандлю́е на мо́ры, ста́лі во́ддаль
 
бо ў адну гадзіну было спустошана такое багацце!» Кожны стырнавы і кожны, хто плыве на караблі, кожны марак і ўсе, хто працуе на моры, сталі здалёк і крычалі,

і крыча́лі, гле́дзячы на дым спале́ння яе і ка́жучы: якí горад падо́бны на гэ́ты го́рад вялíкі?
 
убачыўшы дым яго пажару: «Які горад падобны да гэтага вялікага горада?»

І пасы́палі по́пелам гало́вы свае́ і крыча́лі, пла́чучы і смутку́ючы, і каза́лі: го́ра, го́ра табе, го́рад вялíкі, кашто́ўнасцямі якога ўзбагацíліся ўсе, хто ма́е караблí на мо́ры, таму што ў адзін мо́мант ты быў спусто́шаны.
 
Яны кінулі пыл на свае галовы і крычалі ў плачы і смутку: «Гора, гора, вялікі горад, з дастатку якога ўзбагаціліся ўсе, хто мае караблі на моры, бо за адну гадзіну ён апусцеў!

Ра́дуйся гэтаму, не́ба, і святы́я Апо́сталы, і праро́кі, бо здзе́йсніў Бог суд ваш над ім.
 
Радуйцеся над ім, неба і святыя, апосталы і прарокі, бо Пан асудзіў яго паводле вашага суда!»

І адзін мо́цны А́нгел узяў ка́мень, падо́бны на вялíкі жаро́н, і кíнуў у мо́ра, ка́жучы: з такою сíлаю бу́дзе нізры́нуты Вавіло́н, вялікі го́рад, і ўжо не будзе яго.
 
Адзін магутны анёл узяў камень, падобны да вялікіх жорнаў, і ўкінуў у мора, кажучы: «З такою сілаю будзе павалены Бабілён, вялікі горад, і ўжо не будзе яго.

І го́ласу гусляро́ў, і спевако́ў, і жале́йшчыкаў, і трубачо́ў ужо не будзе чува́ць у табе; і нія́кага раме́сніка, і нія́кага рамяства́ ўжо не будзе ў табе, і гу́ку ад жо́рнаў ужо не будзе чува́ць у табе;
 
Голасу гусляроў і песняроў, флейтыстаў і трубачоў не будзе чутна ў табе больш. Не будзе ўжо ў табе ніводнага мастака ніякага мастацтва, і шуму ад жорнаў не будзе ўжо чутна ў табе.

і святло́ свяцíльніка ўжо не з’я́віцца ў табе; і го́ласу жаніха́ і няве́сты ўжо не будзе чува́ць у табе; таму што купцы́ твае былí вяльмо́жамі зямны́мі, і чарадзе́йствам тваім уве́дзены ў зман усе наро́ды.
 
Ужо не з’явіцца ў табе святло лямпы, і голасу абранніка і абранніцы не будзе ўжо чутна ў табе. Бо твае купцы былі вяльможамі зямлі, бо тваім чарадзействам зведзены ўсе народы.

І ў ім зно́йдзена кроў праро́каў, і святы́х, і ўсіх забíтых на зямлí.
 
У табе знойдзена кроў прарокаў, святых і ўсіх забітых на зямлі!»