Адкрыцьцё 14 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

І ўба́чыў я: вось, А́гнец стаіць на гары́ Сіён, і з Ім сто со́рак чаты́ры ты́сячы, якíя ма́юць імя́ Айца́ Яго, напíсанае на лбах сваіх.
 
І ўбачыў я: вось Баранак стаіць на гары Сіён, а з Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх імя Яго і імя Айца Ягонага напісана на чолах.

І пачу́ў я го́лас з не́ба, бы́ццам шум мно́ства вод і бы́ццам гук гро́му вялíкага; і пачу́ў го́лас бы́ццам гусляро́ў, што гра́лі на гу́слях сваіх.
 
З неба я пачуў голас, як шум ад мноства водаў і як гук вялікага грому. Голас, які пачуў, быў нібы голас гусляроў, што гралі на гуслях сваіх.

Яны спява́юць нíбы пе́сню но́вую перад прасто́лам і перад чатырма́ жывёламі і ста́рцамі; і ніхто не мог навучы́цца той пе́сні, акрамя́ гэтых ста сарака́ чатыро́х ты́сяч, вы́купленых з зямлí.
 
Яны спяваюць як бы новую песню перад тронам і перад чатырма жывымі істотамі і старэйшынамі. І ніхто не мог навучыцца гэтай песні, акрамя ста сарака чатырох тысяч, адкупленых з зямлі.

Гэта тыя, што не апага́ніліся з жанчы́намі, бу́дучы цнатлíвымі; гэта тыя, што іду́ць усле́д за А́гнцам, куды б Ён ні пайшо́ў. Яны вы́куплены з асяро́ддзя людзе́й, як пе́ршынцы Богу і А́гнцу,
 
Гэта тыя, хто не зганьбіў сябе з жанчынамі, бо гэта цнатліўцы. Гэта тыя, што ідуць следам за Баранкам, куды б Ён ні пайшоў. Яны выкуплены з людзей, як першынец для Бога і Баранка.

і ў ву́снах іх не знайшло́ся хíтрасці, бо яны беззага́нныя перад прасто́лам Божым.
 
У вуснах іхніх няма падману. Яны беззаганныя.

І ўба́чыў я íншага А́нгела, які ляце́ў пасяро́д не́ба і меў ве́чнае Дабраве́сце, каб дабраве́сціць жыхара́м зямлí і ко́жнаму пле́мені, і кале́ну, і мо́ве, і наро́ду;
 
І ўбачыў я іншага анёла, які ляцеў пасярод неба, каб абвясціць вечнае Евангелле жыхарам зямлі і кожнаму роду, племені, мове і народу,

і гавары́ў ён гу́чным го́ласам: бо́йцеся Бога і ўзнясíце Яму сла́ву, бо наста́ла гадзíна суда́ Яго; і пакланíцеся Таму, Хто ствары́ў не́ба, і зямлю́, і мо́ра, і крынíцы вод.
 
голасна кажучы: «Пабойцеся Бога і аддайце Яму хвалу, бо настала гадзіна Ягонага суда; пакланіцеся таму, хто стварыў неба і зямлю, мора і крыніцы водаў».

І другі А́нгел ляце́ў усле́д за ім, гаво́рачы: паў, паў Вавіло́н, го́рад вялікі, бо ён віно́м я́расці блу́ду свайго напаíў усе наро́ды.
 
Іншы, другі анёл наблізіўся, кажучы: «Упаў, упаў вялікі Бабілён, які напаіў усе народы шалёным віном сваёй распусты!»

І трэ́ці А́нгел ляце́ў усле́д за імі, гаво́рачы гу́чным го́ласам: хто пакланя́ецца зве́ру і выя́ве яго і прыма́е кляймо́ на лоб свой альбо́ на руку́ сваю,
 
А іншы анёл, трэці, прыйшоў пасля іх, гучна кажучы: «Калі нехта пакланяецца зверу і ягонаму вобразу і прымае яго кляймо на сваё чало ці на сваю руку,

той будзе піць віно́ я́расці Божай, якое прыгатава́на неразба́ўленым у ча́шы гне́ву Яго, і будзе му́чаны ў агнí і се́ры перад святы́мі А́нгеламі і перад А́гнцам.
 
сам таксама нап’ецца віна Божай лютасці, прыгатаванага без дамешкі ў келіху Ягонага гневу, і будзе катаваны агнём і серай перад святымі анёламі і перад Баранкам.

І дым мучэ́ння іх будзе ўздыма́цца на ве́кі вяко́ў, і не бу́дуць мець спако́ю ні ўдзень, ні ўначы́ тыя, што пакланя́юцца зве́ру і выя́ве яго і прыма́юць кляймо́ íмені яго.
 
Дым катавання іхняга будзе падымацца на векі вякоў, і не будзе мець адпачынку ні днём, ні ноччу той, хто пакланяецца зверу і яго вобразу, і той, хто прымае кляймо ягонага імені».

Тут патрэ́бна сто́йкасць святы́х, якія захо́ўваюць за́паведзі Божыя і ве́ру ў Іісуса.
 
У гэтым цярплівасць святых, якія захоўваюць запаведзі Бога і веру ў Езуса.

І пачу́ў я го́лас з не́ба, які гавары́ў мне: напішы́: «з гэ́тага ча́су блажэ́нныя мёртвыя, якія паміра́юць у Госпадзе; так, ка́жа Дух, няха́й яны́ адпачну́ць ад пра́цы сваёй, бо спра́вы іх ідуць усле́д за імі».
 
І пачуў я голас з неба, які казаў: «Напішы: Адгэтуль шчаслівыя памерлыя, якія паміраюць у Пану. Сапраўды, — кажа Дух, — няхай адпачнуць ад сваіх прац, бо іхнія справы ідуць за імі».

І ўба́чыў я: вось во́блака бе́лае, і на во́блаку сядзíць падо́бны да Сы́на Чалаве́чага; на галаве́ Яго — вяне́ц залаты́, і ў руцэ́ Яго — серп во́стры.
 
І ўбачыў я: вось белае воблака, а на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага. На Яго галаве — залаты вянок, а ў руцэ Ягонай — востры серп.

І íншы А́нгел вы́йшаў з хра́ма і ўсклíкнуў гу́чным го́ласам, звярта́ючыся да Таго, Хто сядзе́ў на во́блаку: пашлí серп Твой і пажнí, таму што прыйшла́ пара́ жніва́, бо ўраджа́й на зямлí паспе́ў.
 
Іншы анёл выйшаў са святыні і ўсклікнуў гучным голасам да таго, хто сядзеў на воблаку: «Пашлі Твой серп і пачынай жаць, бо прыйшоў час жніва, таму што саспела жніво на зямлі».

І Той, Хто сядзе́ў на во́блаку, кíнуў серп Свой на зямлю́, і зямля́ была́ зжа́та.
 
Той, хто сядзеў на воблаку, кінуў свой серп на зямлю, і зямля была пажата.

І íншы А́нгел вы́йшаў з хра́ма, што на не́бе, і ён такса́ма меў серп во́стры.
 
Яшчэ іншы анёл выйшаў са святыні, якая была на небе. Ён меў востры серп.

І íншы А́нгел, які меў ула́ду над агнём, вы́йшаў ад ахвя́рніка і ўсклíкнуў во́клічам гу́чным, звярта́ючыся да таго, што меў серп во́стры, ка́жучы: пашлі серп твой во́стры і зрэж гро́нкі вінагра́ду на зямлí, бо паспе́лі гро́нкі яго.
 
Яшчэ іншы анёл, які меў уладу над агнём, выйшаў ад алтара і гучным голасам крыкнуў да таго, хто меў востры серп: «Пашлі Твой востры серп і збяры гронкі вінаграду на зямлі, бо спелыя яго гронкі».

І кíнуў А́нгел серп свой на зямлю́, і зрэ́заў вінагра́д на зямлí, і кíнуў у вялікую выціска́льню я́расці Божай.
 
Анёл кінуў свой серп на зямлю, сабраў вінаград зямлі і кінуў у вялікае давіла Божага гневу.

І патапта́ны былí я́гады ў выціска́льні за го́радам, і пацякла́ кроў з выціска́льні аж да вуздэ́чак ко́нскіх, на ты́сячу шэсцьсо́т ста́дыяў.
 
Тапталі давіла за горадам, а з давіла пацякла кроў аж да аброцяў коней, на тысячу шэсцьсот стадыяў.