Адкрыцьцё 14 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

І ўбачыў я, і вось, Ягня, Які стаіць на гары Сыён, і з Ім сто сорак чатыры тысячы тых, якія маюць імя Айца Ягонага, напісанае на ілбах іхніх.
 
І ўбачыў я: вось Баранак стаіць на гары Сіён, а з Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх імя Яго і імя Айца Ягонага напісана на чолах.

І пачуў я голас з неба, як голас мноства водаў, і як голас грымотаў вялікіх; і пачуў я голас гусьляроў, якія граюць на гусьлях сваіх.
 
З неба я пачуў голас, як шум ад мноства водаў і як гук вялікага грому. Голас, які пачуў, быў нібы голас гусляроў, што гралі на гуслях сваіх.

І яны сьпяваюць нібы новы сьпеў перад пасадам, і перад чатырма жывёламі, і старостамі, і ніхто ня мог навучыцца сьпеву [гэтаму], акрамя ста сарака чатырох тысячаў, што адкупленыя ад зямлі.
 
Яны спяваюць як бы новую песню перад тронам і перад чатырма жывымі істотамі і старэйшынамі. І ніхто не мог навучыцца гэтай песні, акрамя ста сарака чатырох тысяч, адкупленых з зямлі.

Гэта тыя, якія не апаганіліся з жанчынамі, бо яны ў дзявоцтве; гэта тыя, якія ідуць за Ягнём, куды б Ён ні ішоў. Яны адкуплены ад людзей, першынцы Богу і Ягняці,
 
Гэта тыя, хто не зганьбіў сябе з жанчынамі, бо гэта цнатліўцы. Гэта тыя, што ідуць следам за Баранкам, куды б Ён ні пайшоў. Яны выкуплены з людзей, як першынец для Бога і Баранка.

і ў вуснах іхніх ня знойдзена хітраваньня, бо яны беззаганныя перад пасадам Божым.
 
У вуснах іхніх няма падману. Яны беззаганныя.

І ўбачыў я іншага анёла, які ляцеў па сярэдзіне неба, які меў вечнае Эвангельле, каб дабравесьціць жыхарам зямлі, і ўсім народам, і каленам, і мовам, і плямёнам,
 
І ўбачыў я іншага анёла, які ляцеў пасярод неба, каб абвясціць вечнае Евангелле жыхарам зямлі і кожнаму роду, племені, мове і народу,

і казаў голасам вялікім: «Бойцеся Бога, і аддайце Яму славу, бо прыйшла гадзіна суду Ягонага, і пакланіцеся Таму, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, і крыніцы водаў».
 
голасна кажучы: «Пабойцеся Бога і аддайце Яму хвалу, бо настала гадзіна Ягонага суда; пакланіцеся таму, хто стварыў неба і зямлю, мора і крыніцы водаў».

І іншы анёл ішоў за [ім], кажучы: «Упаў, упаў Бабілон, горад вялікі, бо віном ярасьці распусты сваёй ён напаіў усе народы».
 
Іншы, другі анёл наблізіўся, кажучы: «Упаў, упаў вялікі Бабілён, які напаіў усе народы шалёным віном сваёй распусты!»

І трэці анёл ішоў за імі, кажучы голасам вялікім: «Калі хто пакланяецца зьверу і вобразу ягонаму і атрымлівае пазнаку на лоб свой ці на руку сваю,
 
А іншы анёл, трэці, прыйшоў пасля іх, гучна кажучы: «Калі нехта пакланяецца зверу і ягонаму вобразу і прымае яго кляймо на сваё чало ці на сваю руку,

той будзе піць віно ярасьці Божай, налітае без дамешкаў у келіх гневу Ягонага, і будзе мучыцца ў агні і ў серцы перад сьвятымі анёламі і перад Ягнём,
 
сам таксама нап’ецца віна Божай лютасці, прыгатаванага без дамешкі ў келіху Ягонага гневу, і будзе катаваны агнём і серай перад святымі анёламі і перад Баранкам.

і дым мучэньняў іхніх будзе ўзьнімацца на вякі вякоў, і ня будуць мець супачынку ўдзень і ўначы тыя, якія пакланяюцца зьверу і вобразу ягонаму, і якія атрымалі пазнаку імя ягонага.
 
Дым катавання іхняга будзе падымацца на векі вякоў, і не будзе мець адпачынку ні днём, ні ноччу той, хто пакланяецца зверу і яго вобразу, і той, хто прымае кляймо ягонага імені».

Тут цярплівасьць сьвятых; тут тыя, якія захоўваюць прыказаньні Божыя і веру Ісусаву».
 
У гэтым цярплівасць святых, якія захоўваюць запаведзі Бога і веру ў Езуса.

І пачуў я голас з неба, які казаў мне: «Напішы: “Адгэтуль шчасьлівыя мёртвыя, якія паміраюць у Госпадзе. Так, — кажа Дух, — каб яны супачылі ад працаў сваіх, і справы іхнія ідуць за імі”».
 
І пачуў я голас з неба, які казаў: «Напішы: Адгэтуль шчаслівыя памерлыя, якія паміраюць у Пану. Сапраўды, — кажа Дух, — няхай адпачнуць ад сваіх прац, бо іхнія справы ідуць за імі».

І ўбачыў я, і вось воблака белае, і на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага, Які мае на галаве Сваёй вянок залаты і ў руцэ Сваёй — серп востры.
 
І ўбачыў я: вось белае воблака, а на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага. На Яго галаве — залаты вянок, а ў руцэ Ягонай — востры серп.

І іншы анёл выйшаў з бажніцы, закрычаўшы вялікім голасам да Таго, Які сядзеў на воблаку: «Пашлі серп Твой і жні; бо прыйшла для Цябе гадзіна жніва, бо сасьпела жніво зямлі».
 
Іншы анёл выйшаў са святыні і ўсклікнуў гучным голасам да таго, хто сядзеў на воблаку: «Пашлі Твой серп і пачынай жаць, бо прыйшоў час жніва, таму што саспела жніво на зямлі».

І кінуў Той, Які сядзеў на воблаку, серп Свой на зямлю, і зямля была зжатая.
 
Той, хто сядзеў на воблаку, кінуў свой серп на зямлю, і зямля была пажата.

І іншы анёл выйшаў з бажніцы, што ў небе, сам маючы серп востры.
 
Яшчэ іншы анёл выйшаў са святыні, якая была на небе. Ён меў востры серп.

І іншы анёл выйшаў з ахвярніку, маючы ўладу над агнём, і ўсклікнуў крыкам вялікім да таго, які меў серп востры, кажучы: «Пашлі твой серп востры і зьбяры ягады вінаграду зямлі, бо сасьпелі гронкі яго».
 
Яшчэ іншы анёл, які меў уладу над агнём, выйшаў ад алтара і гучным голасам крыкнуў да таго, хто меў востры серп: «Пашлі Твой востры серп і збяры гронкі вінаграду на зямлі, бо спелыя яго гронкі».

І кінуў анёл серп свой на зямлю, і сабраў вінаград зямлі, і кінуў яго ў тоўчню вялікую ярасьці Божай;
 
Анёл кінуў свой серп на зямлю, сабраў вінаград зямлі і кінуў у вялікае давіла Божага гневу.

і патапталі яго ў тоўчні па-за горадам, і выйшла кроў з тоўчні аж да цугляў конскіх на тысячу шэсьцьсот стадыяў.
 
Тапталі давіла за горадам, а з давіла пацякла кроў аж да аброцяў коней, на тысячу шэсцьсот стадыяў.