Адкрыцьцё 16 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

І пачуў я магутны голас са святыні, які казаў сямі анёлам: «Ідзіце і выліце сем чар гневу Божага на зямлю».
 
І пачу́ў я з хра́ма гу́чны го́лас, які каза́ў сямí А́нгелам: ідзíце і вы́ліце сем чаш я́расці Божай на зямлю́.

І пайшоў першы анёл, і выліў сваю чару на зямлю; і сталіся балючыя і страшныя скулы на людзях, якія маюць меціну звера, і на тых, якія пакланяліся абразу яго.
 
І пайшо́ў пе́ршы А́нгел і вы́ліў ча́шу сваю́ на зямлю́: і з’явíліся балю́чыя і шко́дныя гно́йныя ра́ны на лю́дзях, якія ме́лі кляймо́ зве́ра і пакланя́ліся выя́ве яго.

І другі анёл выліў сваю чару ў мора; і сталася мора як кроў памерлага, і кожная жывая душа, што была ў моры, памерла.
 
І другí А́нгел вы́ліў ча́шу сваю́ ў мо́ра: і з’явíлася кроў, бы́ццам з мёртвага, і ўсякая душа́ жыва́я паме́рла ў мо́ры.

І трэці анёл выліў сваю чару на рэкі і крыніцы водаў, і сталіся яны крывёй.
 
І трэ́ці А́нгел вы́ліў ча́шу сваю́ ў рэ́кі і крынíцы вод: і з’явíлася кроў.

І пачуў я, як казаў анёл водаў: «Справядлівы Ты, Які ёсць, Які быў, Святы, што такі прысуд выдаў,
 
І пачу́ў я А́нгела вод, які каза́ў: пра́ведны Ты, Госпадзі, Які ёсць, і быў, і святы́, таму што прысудзíў так;

бо яны пралівалі кроў святых і прарокаў, дзеля таго Ты даў ім кроў для пітва. Заслужылі яны».
 
пако́лькі яны пралілí кроў святы́х і праро́каў, то і Ты даў ім піць кроў; яны ва́ртыя таго.

І пачуў я голас іншы з ахвярніка, які казаў: «Сапраўды праўдзівыя і справядлівыя прысуды Твае, Госпадзе, Божа Усемагутны».
 
І пачу́ў я іншага, які гавары́ў з ахвя́рніка: так, Госпадзі Божа Уседзяржы́целю, íсцінныя і пра́ведныя суды́ Твае.

І чацвёрты анёл выліў сваю чару на сонца; і дадзена яму паліць людзей агнём.
 
І чацвёрты А́нгел вы́ліў ча́шу сваю́ на со́нца: і да́дзена яму было́ палíць людзе́й агнём.

І апалены былі людзі вялікаю спёкай, і зняважылі імя Бога, Які мае ўладу над гэтымі плягамі, і не навярнуліся, каб уздаць Яму хвалу.
 
І былí апа́лены лю́дзі мо́цнаю спёкаю, і яны зневажа́лі імя́ Бога, Які ма́е ўла́ду над гэтымі бе́дствамі, і не пака́яліся яны і не ўзне́слі Яму сла́вы.

І пяты анёл выліў сваю чару на пасад звера; і тады цемрай ахуталася яго валадарства, і кусалі сабе людзі языкі ад болю,
 
І пя́ты А́нгел вы́ліў ча́шу сваю́ на прасто́л зве́ра: і зрабíлася ца́рства яго змро́чным, і куса́лі лю́дзі языкí свае́ ад бо́лю,

і блюзнілі на Бога нябёсаў за пакуты свае і скулы свае, але не навярнуліся ад спраў сваіх.
 
і зневажа́лі яны Бога Нябе́снага з-за бо́лю свайго і ран сваіх, і не пака́яліся яны ў спра́вах сваіх.

І шосты анёл выліў чару сваю на раку вялікую, што завецца Еўфрат; і высахла яе вада, каб гэтым была падрыхтавана дарога царам з усходу.
 
І шо́сты А́нгел вы́ліў ча́шу сваю́ ў вялíкую раку́ Еўфра́т: і вы́сахла вада́ ў ёй, каб гато́вы быў шлях цара́м, якія з усхо́ду со́нца.

І ўбачыў я, як выходзілі тры нячыстыя духі, падобныя да жаб, з пашчы дракона, з пашчы звера і з пашчы фальшывага прарока.
 
І я ба́чыў, як выхо́дзілі з ву́снаў драко́на, і з ву́снаў зве́ра, і з ву́снаў ілжэпраро́ка тры ду́хі нячы́стыя, падо́бныя да жаб:

Гэта ўсё духі дэманаў, якія робяць знакі і падступаюць да валадароў зямлі і ўсяго свету, каб сабраць іх на бой у дзень вялікі Усемагутнага Бога.
 
гэта дэ́манскія ду́хі, што ро́бяць знаме́нні; яны выхо́дзяць да царо́ў усяго све́ту, каб сабра́ць іх на бíтву ў той вялікі дзень Бога Уседзяржы́целя.

Вось, іду як злодзей. Шчасны той, хто чувае і сцеражэ адзежу сваю, каб не хадзіць голым і каб не паказаць сораму свайго.
 
«Вось, іду, як зло́дзей»: блажэ́нны, хто не спіць і зберагае адзе́нне сваё, каб не хадзíць яму го́лым і каб не ба́чылі со́раму яго.

І сабраў іх у месцы, якое па-гебрайску завецца Гармагедон.
 
І ён сабра́ў іх у ме́сца, якое называ́ецца па-яўрэ́йску Армагедо́н.

І сёмы анёл выліў сваю чару ў паветра; і пачуўся магутны голас са святыні нябеснай ад пасада, які казаў: «Споўнілася!»
 
І сёмы А́нгел вы́ліў ча́шу сваю́ ў паве́тра: і з хра́ма нябе́снага ад прасто́ла пачу́ўся го́лас гу́чны, які сказа́ў: здзе́йснілася!

І сталіся маланкі, і галасы, і грымоты, і пачалося страшнае трасенне зямлі, якога яшчэ ніколі не было з таго часу, калі людзі з’явіліся на зямлі. Такі землятрус, такі вялікі!
 
І былí мала́нкі, і грамы́, і гу́кі, і адбыло́ся землетрасе́нне вялíкае, якога не быва́ла з таго часу, як лю́дзі з’явíліся на зямлí. Такое мо́цнае землетрасе́нне! Такое вялíкае!

І распаўся вялізны горад на тры часткі, і гарады паганаў былі знішчаны. І ўспомнены быў перад Богам вялікі Бабілон, і даў яму піць келіх віна лютасці гневу Яго.
 
І го́рад вялíкі распа́ўся на тры ча́сткі, і гарады́ язы́чніцкія ру́хнулі, і Вавіло́н вялікі быў згада́ны перад Богам, каб была́ да́дзена яму ча́ша віна́ я́расці гне́ву Яго.

І кожны востраў знік, і ніводнай гары не знайшлося.
 
І кожны во́страў знік, і гор не ста́ла;

І вялікі град, велічынёю з талент, спаў з неба на людзей; і людзі зневажалі Бога за плягу ад гэтага града, бо вельмі вялікай была пляга ад яго.
 
і град вялíкі, ваго́ю з тала́нт, вы́паў з не́ба на людзе́й; і зневажа́лі лю́дзі Бога за бе́дства ад гра́ду, бо ве́льмі ця́жкім было́ бе́дства ад яго.