Адкрыцьцё 19 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Пасля гэтага пачуў я голас гучны на небе як быццам многіх натоўпаў, што казалі: «Алілуя! Збаўленне, і слава, і пашана, і магутнасць Богу нашаму,
Пасля́ гэ́тага пачу́ў я нíбы го́лас гу́чны вялíкага мно́ства людзе́й на не́бе, якія каза́лі: алілу́ія! спасе́нне, і сла́ва, і го́нар, і сíла Госпаду Богу нашаму!
бо праўдзівыя і справядлівыя суды Яго. Бо Ён асудзіў распусніцу вялікую, якая разбэшчвала зямлю сваёй распустаю, і адпомсціў за кроў паслугачоў Сваіх ад рук яе».
Таму што íсцінныя і пра́ведныя суды́ Яго; бо Ён асудзíў ту́ю блуднíцу вялíкую, якая разбэ́сціла зямлю́ блу́дам сваім, і спагна́ў Ён за кроў рабо́ў Сваіх ад рукí яе.
І зноў усклікнулі: «Алілуя! І дым з яе падымаецца на векі вечныя».
І другí раз прамо́вілі яны: алілу́ія! І дым ад яе ўздыма́ўся на ве́кі вяко́ў.
І палі дваццаць чатыры старэйшыны і чатыры жывёліны, і аддалі паклон Богу, Які сядзіць на пасадзе, і ўсклікнулі: «Амін! Алілуя!».
І два́ццаць чаты́ры ста́рцы і чаты́ры жывёлы ўпа́лі і пакланíліся Богу, Які сядзíць на прасто́ле, і каза́лі: амíнь! алілу́ія!
І голас зышоў ад пасада, кажучы: «Слаўце Бога нашага, усе паслугачы Яго, якія Яго баяцца, малыя і вялікія».
І ад прасто́ла разда́ўся го́лас, які каза́ў: хвалíце Бога нашага, усе рабы́ Яго і тыя, што бая́цца Яго, малы́я і вялíкія.
І пачуў я быццам голас незлічонай грамады, як шум многіх водаў і як гук вялікіх грымот, якія кажуць: «Алілуя, бо ўзяў уладу Госпад, Бог наш Усемагутны.
І пачу́ў я нíбы го́лас вялікага мно́ства людзе́й, і нíбы шум вод многіх, і нíбы гук грамо́ў мо́цных, якія гавары́лі: алілу́ія! бо стаў ца́рстваваць Гасподзь Бог Уседзяржы́цель.
Узрадуемся і ўсцешымся, і аддадзім славу Яму, бо надышоў час шлюбу Ягняці і жонка Яго падрыхтавала сябе.
Узра́дуемся, і ўзвесялíмся, і ўзнясём сла́ву Яму; бо наста́ла вясе́лле А́гнца і жо́нка Яго падрыхтава́ла сябе.
І дадзена ёй прыбрацца ў вісон чысты і ззяючы, вісон жа ёсць учынкі праведнасці святых».
І да́дзена ёй было́ апрану́цца ў вісо́н чы́сты і све́тлы; вісо́н жа — гэта пра́веднасць святы́х.
І кажа мне: «Напішы: “Шчасныя пакліканыя на вячэру шлюбную Ягняці”». І кажа мне: «Гэта сапраўды словы Божыя».
І сказа́ў мне А́нгел: напішы́: «блажэ́нныя тыя, хто паклíканы на вясе́льную вячэ́ру А́гнца». І ка́жа мне: гэта íсцінныя сло́вы Бога.
І я паў яму да ног, каб ушанаваць яго. А ён кажа мне: «Глядзі, не рабі гэтага! Бо я саслужнік твой і братоў тваіх, якія маюць сведчанне Ісуса. Богу пакланіся. Бо сведчанне Ісуса ёсць дух прароцтва».
І ўпаў я да ног яго, каб пакланíцца яму. Але ён сказаў мне: глядзí, не рабí гэтага; я такі ж раб, як ты і браты́ твае, што ма́юць све́дчанне Іісу́сава; Богу пакланíся, бо све́дчанне Іісу́сава — дух праро́цтва.
І ўбачыў я адкрытае неба; і вось, белы конь; і на ім сядзеў Вершнік, называны Верны і Праўдзівы, і Ён справядліва судзіць і змагаецца.
І ўба́чыў я не́ба раскры́тае, і вось конь бе́лы, і Той, Хто сядзíць на ім, Ве́рны і Ісцінны, і Ён пра́ведна су́дзіць і вядзе́ вайну.
Вочы Яго як полымя агністае, і на галаве ў Яго шмат дыядэм, імя Яго напісанае, якога ніхто не ведае, апрача Яго Самога,
Во́чы ж Яго — як по́лымя во́гненнае, і на галаве́ ў Яго мно́ства дыядэ́м; Ён ма́е імя́ напíсанае, якога ніхто не ве́дае, а толькі Ён Сам.
і адзеты Ён у вопратку акрываўленую, і завецца імя Яго — Слова Божае.
І апра́нуты Ён у адзе́нне акрыва́ўленае. І называ́ецца Ён íмем «Слова Божае».
І войска нябеснае, апранутае ў вісон чысты і белы, на белых конях ідзе за Ім.
І во́інствы нябе́сныя ру́халіся ўслед за Ім на ко́нях бе́лых, апра́нутыя ў вісо́н бе́лы і чы́сты.
І з вуснаў Яго выходзіць меч востры, каб ім пабіць народы, і Ён будзе пасвіць іх жалезным кіем і Ён стопча ступу віна лютасці гневу Бога Усемагутнага.
І з ву́снаў Яго выхо́дзіць меч во́стры, каб ім паразíць наро́ды. І Ён па́свіць іх жазло́м жале́зным; і то́пча Ён выціска́льню віна́ я́расці і гне́ву Бога Уседзяржы́целя.
І мае на вопратцы і на сцягне Сваім напісанае імя: Валадар валадароў і Госпад пануючых.
І ма́е Ён на адзе́нні і на сцягне́ Сваім імя́ напíсанае: «Цар над цара́мі і Улада́р над уладара́мі».
І ўбачыў я аднаго анёла, які стаў на сонцы і закрычаў вялікім голасам да ўсіх птушак, якія ляталі праз сярэдзіну неба, кажучы: «Хадзіце і збярыцеся на вялікую вячэру Божую,
І ўба́чыў я аднаго́ А́нгела, які стая́ў на со́нцы; і ён усклíкнуў гу́чным го́ласам, ка́жучы ўсім пту́шкам, што ляце́лі высо́ка ў не́бе: ляцíце, збіра́йцеся на вялíкую вячэ́ру Божую,
каб паесці целы цароў, і целы тысячнікаў, і целы асілкаў, і целы коней і іх вершнікаў, і целы ўсіх вольных і нявольнікаў, малых і вялікіх».
каб з’е́сці це́лы царо́ў, і це́лы тысячанача́льнікаў, і це́лы мо́цных, і це́лы ко́ней і тых, што сядзя́ць на іх, і це́лы ўсіх свабо́дных і рабо́ў, і малы́х і вялíкіх.
І пабачыў я звера і цароў зямлі, а поруч войска іх, падрыхтаванае да бою з Тым, Які сядзеў на кані, і з войскам Яго.
І ўба́чыў я зве́ра, і царо́ў зямны́х, і во́йскі іх, сабра́ныя, каб уступíць у бíтву з Тым, Хто сядзíць на канí, і з во́інствам Яго.
І схоплены быў звер, а з ім фальшывы прарок, які чыніў знакі перад ім, і знакамі тымі зводзіў тых, што атрымалі меціну звера і што пакланяліся перад яго абразом. Абодва яны былі жывымі кінуты ў возера вогненнае, палаючае серкай.
І схо́плены быў звер і з ім ілжэпраро́к, што здзяйсня́ў перад ім знаме́нні, якімі ён увёў у зман тых, што прынялí кляймо́ зве́ра і пакланя́ліся выя́ве яго; або́два жывы́мі былí ўкíнуты ў во́зера во́гненнае, што гарэ́ла се́раю.
А іншыя былі забіты мячом Таго, Які сядзеў на кані, што выходзіў з вуснаў Яго. І ўсе птушкі нажыраваліся целамі іх.
А аста́тнія былí забíты мячо́м, што выхо́дзіў з ву́снаў Таго, Хто сядзíць на канí; і ўсе пту́шкі нае́ліся це́ламі іх.