Адкрыцьцё 12 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Праваслаўнай Царквы
І знак вялікі з’явіўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад яе ступнямі, і на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак,
І знаме́нне вялікае з’явíлася на не́бе: жанчы́на, апра́нутая ў со́нца; і пад нага́мі ў яе — ме́сяц, і на галаве́ ў яе — вяне́ц з двана́ццаці зо́рак.
і яна цяжарная, і крычыць ад болю і мук радзільных.
І яна ма́е ва ўло́нні і крычы́ць ад бо́лю і паку́т ро́давых.
І паказаўся іншы знак на небе: і вось, дракон вялізны, агніста-чырвоны, з сямю галовамі і з дзесяццю рагамі, і на галовах яго сем дыядэм,
І з’явíлася друго́е знаме́нне на не́бе: вось, драко́н вялікі агнíста-чырво́ны з сямю́ гало́вамі і дзесяццю́ рага́мі, і на гало́вах яго сем дыядэ́м.
і хвост яго сцягнуў трэцюю частку зорак з неба і кінуў іх на зямлю. І дракон стаў перад жанчынаю, якая павінна нарадзіць, каб, як яна народзіць, зжэрці яе сына.
І хвост яго змята́е трэць зо́рак з не́ба, і ён кíнуў іх на зямлю́. І драко́н стаў перад жанчы́наю, якая ме́лася нарадзíць, каб, калі яна наро́дзіць, зжэ́рці дзіця́ яе.
І нарадзіла сына, хлопчыка, які будзе валадарыць над усімі народамі жазлом жалезным. І ўзяты быў яе сын да Бога і да Яго пасада.
І нарадзíла яна сы́на, дзіця́ мужчы́нскага по́лу, якому нале́жыць па́свіць усе наро́ды жазло́м жале́зным; і ўзне́сена было́ дзіця́ яе да Бога і прасто́ла Яго.
І жанчына ўцякла ў пустыню, дзе мела месца, прыгатаванае Богам, каб кармілі яе там тысячу дзвесце шэсцьдзесят дзён.
А жанчы́на ўцякла́ ў пусты́ню, дзе было́ месца, падрыхтава́нае Богам, каб там кармíлі яе ты́сячу дзве́сце шэсцьдзяся́т дзён.
І пачалася вялікая вайна на небе; Міхал і анёлы яго змагаліся з драконам, а дракон і яго анёлы ваявалі супраць іх,
І адбыла́ся вайна́ на не́бе: Міхаíл і А́нгелы яго ваява́лі су́праць драко́на, а драко́н і а́нгелы яго ваява́лі су́праць іх,
і не асілілі, і не знайшлося ўжо больш месца для іх у небе.
але не адо́лелі, і не знайшло́ся ўжо ім ме́сца на не́бе.
І скінуты быў дракон той магутны, змей старадаўні, які завецца д’ябал і шатан, які зводзіць цэлы свет, і скінуты быў на зямлю, і анёлы яго былі скінуты разам з ім.
І зры́нуты быў драко́н вялікі, змей старажы́тны, называ́ны дыя́валам і сатано́ю, які ўво́дзіць у зман увесь свет, — быў зры́нуты на зямлю́, і а́нгелы яго былí зры́нуты з ім.
І пачуў я голас магутны на небе, які казаў: «Цяпер настала збаўленне і моц, і Валадарства Бога нашага і ўлада Хрыста Яго, бо скінуты абвінаваўца братоў нашых, які абвінавачваў іх перад Богам нашым днём і ўночы.
І пачу́ў я го́лас гу́чны на не́бе, які гавары́ў: цяпер наста́ла спасе́нне, і сíла, і ца́рства Бога нашага і ўла́да Хрыста Яго, бо зры́нуты абвінава́ўца брато́ў нашых, які абвінава́чваў іх перад Богам нашым дзень і ноч.
І тыя перамаглі яго дзякуючы Крыві Ягняці і словам свайго сведчання, і не шкадавалі жыцця свайго нават да смерці.
І яны перамаглí яго крывёю А́гнца і сло́вам све́дчання свайго і не любíлі жыцця́ свайго насто́лькі, каб бая́цца сме́рці.
Дзеля таго цешцеся, нябёсы і жыхары яго. Гора тым, што жывуць на зямлі і ў моры, бо сышоў д’ябал да вас, поўны вялікай лютасці, ведаючы, што мае мала часу!»
Таму весялíцеся, нябёсы і насе́льнікі іх! Го́ра жыхара́м зямлí і мо́ра, бо сышо́ў да вас ды́явал у вялікай лю́тасці, ве́даючы, што нямно́га ў яго ча́су.
А калі дракон убачыў, што скінуты ён на зямлю, пачаў пераследаваць жанчыну, што нарадзіла сына.
І калі драко́н уба́чыў, што зры́нуты на зямлю́, то пача́ў перасле́даваць тую жанчы́ну, якая нарадзíла дзіця́ мужчы́нскага по́лу.
І былі дадзены жанчыне два крылы вялікага арла, каб яна ляцела ў пустыню на сваё месца, дзе яна будзе карміцца ўдалечыні ад змея праз пару, і поры, ды паўпары.
І да́дзены былí жанчы́не два крылы́ арла́ вялікага, каб ляце́ла яна ў пусты́ню, у ме́сца сваё, і там кармíлася час, часы́ і пало́ву ча́су, далёка ад аблíчча зме́я.
І пусціў тады змей з пашчы сваёй за жанчынай ваду, як раку, каб яе знесла патокам.
І пусцíў змей з па́шчы сваёй усле́д жанчы́не ваду́ як раку́, каб зне́сла яе рако́ю.
І дапамагла жанчыне зямля, бо раскрыла зямля вусны свае і праглынула раку, якую выпусціў дракон са сваёй пашчы.
Але зямля́ дапамагла́ жанчы́не, і адкры́ла зямля́ ву́сны свае́, і паглыну́ла раку́, якую пусціў драко́н з па́шчы сваёй.
І ўзлаваўся дракон на жанчыну, і пайшоў ваяваць з астаткам яе нашчадкаў, якія трымаліся загадаў Божых і мелі сведчанне Ісуса Хрыста.
І разгне́ваўся драко́н на жанчы́ну і пайшо́ў, каб ве́сці вайну су́праць аста́тніх з се́мені яе — тых, што захо́ўваюць за́паведзі Божыя і ма́юць све́дчанне Іісуса Хрыста.