Адкрыцьцё 5 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Праваслаўнай Царквы
І ўбачыў я ў правай руцэ Таго, Які сядзіць на пасадзе, кнігу, запісаную ўнутры і звонку, запячатаную на сем пячатак.
І ўба́чыў я ў пра́вай руцэ́ Таго, Хто сядзíць на прасто́ле, кнігу, напíсаную ўсярэ́дзіне і зво́нку, запяча́таную сямю́ пяча́цямі.
І ўбачыў магутнага анёла, што абвяшчаў гучным голасам: «Хто дастойны разгарнуць кнігу і зняць яе пячаткі?»
І ўба́чыў я А́нгела мо́цнага, Які ўскліка́ў гу́чным го́ласам: хто́ дасто́йны разгарну́ць гэтую кнігу і зняць пяча́ці яе?
І ніхто не мог ані на небе, ані на зямлі, ані пад зямлёй разгарнуць кнігу і глянуць на яе.
І ніхто — ні на не́бе, ні на зямлí, ні пад зямлёю — не мог ані разгарну́ць кнігу, ані зазірну́ць у яе.
І я вельмі плакаў, што ніхто не знайшоўся быць дастойным адкрыць кнігу і глянуць на яе.
І я многа пла́каў, таму што не знайшло́ся нікога дасто́йнага ані разгарну́ць і чыта́ць кнігу, ані зазірну́ць у яе.
І адзін са старэйшынаў сказаў мне: «Не плач, вось Леў з пакалення Юды, корань Давідаў перамог, каб разгарнуць кнігу і сем яе пячатак».
І адзін са ста́рцаў ка́жа мне: не плач — вось, леў з кале́на Іу́давага, ко́рань Давíдаў, перамо́г, каб разгарну́ць кнігу і зняць сем пяча́цяў яе.
І ўбачыў я між пасадам і чатырма жывёлінамі сярод старэйшынаў Ягня стаіць, быццам забіты, маючы сем рагоў і сем вачэй, якія ёсць сем духаў Божых, пасланых на ўсю зямлю.
І я ўба́чыў: вось, паміж прасто́лам і чатырма́ жывёламі і паміж ста́рцамі стаíць А́гнец, нíбы зако́латы, Які ма́е сем раго́ў і сем вачэ́й, — гэта сем ду́хаў Божых, пасла́ных на ўсю зямлю́.
І пайшоў, і ўзяў з правай рукі Таго, Які сядзіць на пасадзе.
І Ён падышо́ў і ўзяў кнігу з пра́вай рукí Таго, Хто сядзе́ў на прасто́ле.
І калі ўзяў кнігу, чатыры жывёліны і дваццаць чатыры старэйшыны ўпалі перад Ягнём, маючы кожны гуслі і залатыя чары, поўныя фіміяму, якія ёсць малітвы святых,
І калі Ён узяў кнігу, тады чаты́ры жывёлы і два́ццаць чаты́ры ста́рцы ўпа́лі перад А́гнцам, і кожны з іх меў гу́слі і залаты́я ча́шы, поўныя фімія́му, — гэта малíтвы святы́х;
і спяваюць новую песню, кажучы: «Дастойны Ты ўзяць кнігу і адкрыць пячаткі яе, бо Ты забіты быў і адкупіў нас Богу Крывёю Тваёй з усякага пакалення, і мовы, і народа, і племя,
і спява́юць новую песню, ка́жучы: Ты дасто́йны ўзяць кнігу і зняць пяча́ці яе; бо Ты быў зако́латы, і Крывёю Сваёю Ты вы́купіў нас для Бога з кожнага кале́на, і ро́ду, і наро́да, і пле́мені,
і ўчыніў нас царамі і святарамі Богу нашаму, і будзем валадарыць на зямлі».
і зрабіў нас цара́мі і свяшчэ́ннікамі Богу нашаму; і мы будзем ца́рстваваць на зямлі.
І ўбачыў, і пачуў вакол пасада голас безлічы анёлаў, жывёлін і старэйшынаў, і лік іх быў мірыяды мірыядаў і тысячы тысяч,
І ба́чыў я, і чуў голас мно́ства А́нгелаў вакол прасто́ла, і жывёл, і ста́рцаў, і была́ колькасць іх — вялікае мно́ства і ты́сячы ты́сяч;
што казалі гучным голасам: «Дастойны Ты, Ягня, што забіты быў, каб прыняць магутнасць, і багацце, і мудрасць, і сілу, і ўшанаванне, і славу, і дабраславенне».
яны гавары́лі гу́чным го́ласам: А́гнец зако́латы дасто́йны прыня́ць сíлу, і бага́цце, і му́драсць, і моц, і паша́ну, і сла́ву, і благаславе́нне.
Тады пачуў я, як заспявала ўсё стварэнне, што на небе, і што на зямлі, і што пад зямлёй, і што на моры, і што ў ім ёсць: «Таму, Які сядзіць на пасадзе, і Ягняці хай будзе дабраславенне, і ўшанаванне, і слава, і ўлада на векі вечныя».
І кожнае стварэ́нне, якое ёсць на не́бе, і на зямлі, і пад зямлёю, і на мо́ры, і ўсё, што ў іх, чуў я, каза́ла: Таму, Хто сядзíць на прасто́ле, і А́гнцу — благаславе́нне, і паша́на, і сла́ва, і сіла на ве́кі вяко́ў.
І чатыры жывёліны казалі: «Амін». І дваццаць чатыры старэйшыны ўпалі і пакланіліся Таму, Хто жывы на векі вечныя.
І чаты́ры жывёлы каза́лі: амíнь. І два́ццаць чаты́ры ста́рцы ўпа́лі і пакланíліся Таму, Хто жыве́ ў ве́кі вяко́ў.