Адкрыцьцё 13 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Праваслаўнай Царквы
І стаў я на пяску марскім. І ўбачыў звера, які падымаўся з мора, з сямю галовамі і дзесяццю рагамі. На рагах у яго было дзесяць дыядэм, і на галовах яго надпісы блюзнячыя.
І стаў я на пяску́ марскíм і ўба́чыў зве́ра, які выхо́дзіў з мо́ра і які меў сем гало́ў і дзе́сяць раго́ў; і на рага́х яго — дзе́сяць дыядэ́м, і на гало́вах яго — імёны богазневажа́льныя.
І звер, якога я бачыў, быў падобны да барса, а ступні яго як у мядзведзя, а пашча ў яго як у льва. І даў яму дракон сілу сваю, і пасад свой, і вялікую ўладу.
І звер, якога я ба́чыў, быў падо́бны да леапа́рда; і но́гі ў яго — як у мядзве́дзя, і па́шча яго — як па́шча льва; і даў яму драко́н сілу сваю, і прасто́л свой, і ўла́ду вялíкую.
І адна з яго галоў быццам смяротна паранена, і тая яе смяротная рана была залечана. І дзівілася ўся зямля са звера,
І ўба́чыў я, што адна з гало́ў яго нібы́та смяро́тна пара́нена, але смяро́тная ра́на яго загаíлася. І ў здзіўле́нні ўся зямля́ пайшла́ за зве́рам; і пакланíліся драко́ну, які даў ула́ду зве́ру,
і пакланіліся ўсе перад драконам, які даў уладу зверу, і кланяліся зверу, кажучы: «Хто ж зраўняецца са зверам і хто зможа супраць яго ваяваць?»
і пакланíліся зве́ру, ка́жучы: хто́ падо́бны да гэтага зве́ра? і хто́ можа ўступíць у бíтву з ім?
І дадзены былі яму вусны, што гаварылі пыхлівае і блюзнячае, і дадзена была яму ўлада дзейнічаць на працягу сарака двух месяцаў.
І да́дзена было́ яму прамаўля́ць пыхлíва і богазнява́жліва, і да́дзена была́ яму ўла́да дзе́йнічаць со́рак два ме́сяцы.
І адчыніў ён пашчу сваю ў блюзненнях на Бога, каб блюзніць на імя Яго, і палатку Яго, і на тых, што жывуць у небе.
І адкры́ў ён па́шчу сваю для зневажа́ння Бога, каб зневажа́ць імя́ Яго, і жыллё Яго, і жыхаро́ў не́ба.
І пры тым дадзена было яму ваяваць супраць святых і перамагчы іх, і дадзена была яму моц над усякім пакаленнем, народам, моваю і племем.
І да́дзена было́ яму ве́сці вайну́ са святы́мі і перамагчы́ іх; і да́дзена была́ яму ўла́да над усякім кале́нам, і наро́дам, і мо́ваю, і пле́менем.
І паклоняцца яму ўсе, хто жыве на зямлі і чыё імя не запісана ў кнізе жыцця Ягняці, Які быў забіты ад заснавання свету.
І пакло́няцца яму ўсе, хто жыве́ на зямлí, чые́ імёны не напíсаны ў кнíзе жыцця́ ў А́гнца, зако́латага ад стварэ́ння све́ту.
Хто мае вуха, хай слухае:
Хто ма́е ву́ха, няха́й чу́е.
«Каму ў палон, той ідзе ў палон. Хто на забіванне мечам, належыць таму прапасці ад меча. Тут, вось, цярплівасць і вера святых».
Хто ў пало́н бярэ́, той сам у пало́н по́йдзе; хто мячо́м забіва́е, таму нале́жыць мячо́м быць забíтым. Тут сто́йкасць і ве́ра святы́х.
І ўбачыў я іншага звера, што падымаўся з зямлі, і меў ён двое рагоў, якія падобны да Ягнячых, і гаварыў як дракон.
І ўба́чыў я друго́га зве́ра, які выхо́дзіў з зямлí; і ён меў два ро́гі, падо́бныя да ягня́чых, а гавары́ў, як драко́н.
І здзяйсняе ён поўную ўладу першага звера на вачах у яго, і прынукае зямлю і яе жыхароў пакланяцца першаму зверу, якога смяротная рана была залечана.
І ён дзе́йнічае з усёю ўла́даю пе́ршага зве́ра перад ім і прымуша́е ўсю зямлю́ і жыхаро́ў яе пакланя́цца пе́ршаму зве́ру, у якога загаíлася смяро́тная ра́на яго;
І чыніць ён вялікія знакі, нават агонь зводзіць з неба на зямлю на вачах у людзей.
і здзяйсня́е знаме́нні вялікія, так што і агонь зво́дзіць з не́ба на зямлю́ перад людзьмí.
І зводзіць жыхароў зямлі знакамі, якія дадзена яму рабіць перад зверам, кажучы жыхарам зямлі, каб рабілі вобраз звера, што меў рану ад меча, але жывы.
І падма́нвае ён жыхаро́ў зямлí тымі знаме́ннямі, якія да́дзена было́ яму́ здзяйсня́ць перад зве́рам, ка́жучы жыхара́м зямлі, каб яны зрабíлі выя́ву зве́ра, які ма́е ра́ну ад мяча́ і заста́ўся жывы́.
І дадзена яму надаць дух вобразу звера, каб гаварыў вобраз звера і каб таго, хто не пакланяўся вобразу звера, забіваць.
І да́дзена было́ яму́ ўкла́сці дух у выя́ву звера, каб выя́ва зве́ра і загавары́ла, і зрабíла так, каб кожны, хто не будзе пакланя́цца выя́ве зве́ра, быў забíты.
І робіць ён, што малыя і вялікія, багатыя і бедныя, вольныя і нявольнікі атрымліваюць меціну на правай руцэ сваёй або на чале сваім,
І ён зро́біць так, каб усім — малы́м і вялíкім, бага́тым і бе́дным, свабо́дным і раба́м — паста́ўлена было́ кляймо́ на пра́вую руку́ іх альбо́ на лоб іх,
і ніхто не зможа купляць або прадаваць, хто не будзе мець меціны, або імя звера, або лічбы імя яго.
і каб не мог ні купля́ць, ні прадава́ць ніхто, акрамя́ таго, хто ма́е кляймо́, або імя́ зве́ра, або лíчбу íмені яго.
Тут трэба мудрасць; хто мае розум, няхай палічыць лічбу звера, бо гэта лічба чалавека, і лічба гэтая — шэсцьсот шэсцьдзясят шэсць.
Тут патрэ́бна му́драсць. Хто ма́е ро́зум, той няха́й вы́лічыць лíчбу зве́ра, бо гэ́тая лíчба чалаве́чая; і лíчба яго шэсцьсо́т шэсцьдзяся́т шэсць.