Адкрыцьцё 7 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

І пасля гэтага ўбачыў я чатырох анёлаў, што стаялі на чатырох вуглах зямлі, трымаючы чатыры вятры зямлі, каб вецер не дзьмуў на зямлю, ані на мора, ані на якое дрэва.
 
Потым я ўбачыў чатырох анёлаў, якія стаялі на чатырох вуглах зямлі і трымалі чатыры вятры зямлі, каб вецер не дзьмуў ні на зямлю, ні на мора, ні на якое дрэва.

І ўгледзеў я іншага анёла, які падымаўся з усходу сонца і меў пячатку Бога жывога. І крыкнуў гучным голасам чатыром анёлам, якім даручана было чыніць шкоду зямлі і мору,
 
І ўбачыў я іншага анёла, які сыходзіў з усходу сонца і меў пячатку Бога жывога. Ён усклікнуў гучным голасам да чатырох анёлаў, якім было дадзена ўчыніць зло зямлі і мору,

кажучы: «Не шкодзьце зямлі і мору, ані дрэвам, пакуль не папячатаем паслугачоў Божых на чолах іх».
 
кажучы: «Не чыніце зло ні зямлі, ні мору, ні дрэвам, пакуль мы не паставім пячаткі слугам Бога нашага на іхніх чолах».

І пачуў я лік папячатаных: сто сорак чатыры тысячы пазначаных пячаткаю з усіх пакаленняў сыноў Ізраэля:
 
І пачуў я лічбу пазначаных пячаткаю: сто сорак чатыры тысячы пазначаных пячаткаю з усіх плямёнаў сыноў Ізраэля.

з пакалення Юды дванаццаць тысяч папячатаных, з пакалення Рубэна дванаццаць тысяч, з пакалення Гада дванаццаць тысяч,
 
З племені Юды дванаццаць тысяч апячатаных, з племені Рубэна дванаццаць тысяч, з племені Гада дванаццаць тысяч,

з пакалення Асэра дванаццаць тысяч, з пакалення Нэфталі дванаццаць тысяч, з пакалення Манасы дванаццаць тысяч,
 
з племені Асэра дванаццаць тысяч, з племені Нэфталія дванаццаць тысяч, з племені Манасэса дванаццаць тысяч,

з пакалення Сімяона дванаццаць тысяч, з пакалення Леві дванаццаць тысяч, з пакалення Ісахара дванаццаць тысяч,
 
з племені Сімяона дванаццаць тысяч, з племені Леві дванаццаць тысяч, з племені Ісахара дванаццаць тысяч,

з пакалення Забулона дванаццаць тысяч, з пакалення Язэпа дванаццаць тысяч, з пакалення Бэньяміна дванаццаць тысяч папячатаных.
 
з племені Забулона дванаццаць тысяч, з племені Юзафа дванаццаць тысяч, з племені Бэньяміна дванаццаць тысяч апячатаных.

Пасля ўбачыў я: і, вось, вялікі натоўп, якога пералічыць ніхто не мог, з усіх плямёнаў і пакаленняў, народаў і моў. І стаялі яны перад пасадам і перад Ягнём, апранутыя ў белыя вопраткі, і пальмы ў руках іх.
 
Пасля гэтага я ўбачыў вялікі натоўп, якога ніхто не мог палічыць, з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў, якія стаялі перад тронам і Баранкам, апранутыя ў белыя шаты і з пальмовымі галінкамі ў сваіх руках.

І ўсклікаюць яны моцным голасам, кажучы: «Збаўленне ў Бога нашага, Які сядзіць на пасадзе, і ў Ягняці!»
 
Яны крычалі гучным голасам, кажучы: «Збаўленне належыць Богу нашаму, які сядзіць на троне, і Баранку».

І ўсе анёлы стаялі вакол пасада, і старэйшынаў, і чатырох жывёлін; і ўпалі перад пасадам на твары свае, і пакланіліся Богу,
 
Усе анёлы стаялі вакол трона і старэйшын, і чатырох жывых істот. І ўпалі яны на твары свае перад тронам, і пакланіліся Богу,

кажучы: «Амін! Дабраславенне, і слава, і мудрасць, і падзяка, і ўшанаванне, і магутнасць, і сіла Богу нашаму на векі вечныя. Амін!»
 
кажучы: «Амэн! Благаслаўленне і слава, і мудрасць, і падзяка, і пашана, і сіла, і моц Богу нашаму на векі вякоў. Амэн».

І адзін са старэйшынаў азваўся да мяне, кажучы: «Хто гэтыя, апранутыя ў белыя шаты, і адкуль яны прыйшлі?»
 
Адзін са старэйшын звярнуўся да мяне, кажучы: «Хто гэта, апранутыя ў белыя шаты, і адкуль яны паходзяць?»

А я сказаў яму: «Гаспадару мой, ты ведаеш». І ён сказаў мне: «Гэта тыя, якія выйшлі з вялікага ўціску, і абмылі свае вопраткі, і выбелілі іх у Крыві Ягняці.
 
І я сказаў яму: «Мой пане, ты ведаеш». А ён адказаў мне: «Гэта тыя, хто прыйшоў з вялікага ўціску і абмыў свае шаты, і выбеліў іх у крыві Баранка.

Таму стаяць перад пасадам Божым і служаць Яму ўночы і днём у святыні Яго, і Які сядзіць на пасадзе, будзе жыць у іх.
 
Таму яны — перад тронам Бога і служаць Яму ўдзень і ўначы ў святыні. А той, хто сядзіць на троне, раскіне над імі свой шацёр.

Ні голаду, ні смагі больш не будуць цярпець, не будзе пячы іх болей сонца і ніякая спякота,
 
Яны ўжо не будуць ні галадаць, ні прагнуць, і не будзе паліць іх сонца і ніякая спёка,

бо Ягня, Які пасярод пасада, пасвіць іх будзе і вадзіць да крыніцы водаў жыцця, і абатрэ Бог кожную слязу з вачэй іх».
 
бо Баранак, які пасярод трона, будзе пасвіць іх і вадзіць да крыніц жывой вады. І вытра Бог кожную слязу з іхніх вачэй».