Адкрыцьцё 7 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І пасля гэтага ўбачыў я чатырох анёлаў, што стаялі на чатырох вуглах зямлі, трымаючы чатыры вятры зямлі, каб вецер не дзьмуў на зямлю, ані на мора, ані на якое дрэва.
 
І просьле гэтага бачыў я чатырох ангілаў, што стаялі на чатырох рагох зямлі, дзяржалі чатыры вятры земныя, каб ня веяў вецер на зямлю ані на мора, ані на якое дзерва.

І ўгледзеў я іншага анёла, які падымаўся з усходу сонца і меў пячатку Бога жывога. І крыкнуў гучным голасам чатыром анёлам, якім даручана было чыніць шкоду зямлі і мору,
 
І бачыў я іншага ангіла, што ўзыходзіў ад усходу сонца і меў пячаць Бога жывога. І гукнуў ён вялікім голасам да чатырох ангілаў, каторым дана шкодзіць зямлі й мору,

кажучы: «Не шкодзьце зямлі і мору, ані дрэвам, пакуль не папячатаем паслугачоў Божых на чолах іх».
 
Кажучы: «Ня шкодзьце зямлі ані мору, ані дзервам, пакуль не пазначым пячацяй на чолах слугаў Бога нашага!»

І пачуў я лік папячатаных: сто сорак чатыры тысячы пазначаных пячаткаю з усіх пакаленняў сыноў Ізраэля:
 
І чуў я лік пазначаных пячацяй з кажнага плямені сыноў Ізраелявых, сто сорок чатыры тысячы пазначаных пячацяй.

з пакалення Юды дванаццаць тысяч папячатаных, з пакалення Рубэна дванаццаць тысяч, з пакалення Гада дванаццаць тысяч,
 
З плямені Юдзінага пазначана пячацяй двананцаць тысячаў; з плямені Рувінавага — двананцаць тысячаў; з плямені Ґадавага, — двананцаць тысячаў;

з пакалення Асэра дванаццаць тысяч, з пакалення Нэфталі дванаццаць тысяч, з пакалення Манасы дванаццаць тысяч,
 
З плямені Ашэравага — двананцаць тысячаў; з плямені Неффалімовага — двананцаць тысячаў; з плямені Манасавага — двананцаць тысячаў;

з пакалення Сімяона дванаццаць тысяч, з пакалення Леві дванаццаць тысяч, з пакалення Ісахара дванаццаць тысяч,
 
З плямені Сымонавага — двананцаць тысячаў; з плямені Левага —двананцаць тысячаў; з плямені Іссахаровага — двананцаць тысячаў;

з пакалення Забулона дванаццаць тысяч, з пакалення Язэпа дванаццаць тысяч, з пакалення Бэньяміна дванаццаць тысяч папячатаных.
 
З плямені Завулонавага — двананцаць тысячаў; з плямені Язэпавага — двананцаць тысячаў; з плямені Веняміновага — двананцаць тысячаў пазначаных пячацяй.

Пасля ўбачыў я: і, вось, вялікі натоўп, якога пералічыць ніхто не мог, з усіх плямёнаў і пакаленняў, народаў і моў. І стаялі яны перад пасадам і перад Ягнём, апранутыя ў белыя вопраткі, і пальмы ў руках іх.
 
Просьле гэтага глянуў я, і гля, вялікі груд, каторага ніхто ня мог зьлічыць, з усіх народаў а плямёнаў а людаў а моваў стаяў перад пасадам а перад Баранчыкам у белых адзецьцях і з пальмовымі галузкамі ў руках сваіх.

І ўсклікаюць яны моцным голасам, кажучы: «Збаўленне ў Бога нашага, Які сядзіць на пасадзе, і ў Ягняці!»
 
І гукалі вялікім голасам, кажучы: «Спасеньне Богу нашаму, што сядзіць на пасадзе, і Баранчыку!»

І ўсе анёлы стаялі вакол пасада, і старэйшынаў, і чатырох жывёлін; і ўпалі перад пасадам на твары свае, і пакланіліся Богу,
 
І ўсі ангілы стаялі навокал пасаду і старых і навокал жывых стварэньняў, і палі перад пасадам на відзеньні свае, і пакланіліся Богу,

кажучы: «Амін! Дабраславенне, і слава, і мудрасць, і падзяка, і ўшанаванне, і магутнасць, і сіла Богу нашаму на векі вечныя. Амін!»
 
Кажучы: «Амін! дабраславенства а слава а мудрасьць а падзяка а чэсьць а сіла а моц Богу нашаму на векі вякоў. Амін».

І адзін са старэйшынаў азваўся да мяне, кажучы: «Хто гэтыя, апранутыя ў белыя шаты, і адкуль яны прыйшлі?»
 
І адзін із старых сказаў імне: «Гэтыя, адзеўшыся ў белыя адзецьці, хто і скуль прышлі?»

А я сказаў яму: «Гаспадару мой, ты ведаеш». І ён сказаў мне: «Гэта тыя, якія выйшлі з вялікага ўціску, і абмылі свае вопраткі, і выбелілі іх у Крыві Ягняці.
 
І я сказаў яму: «Ведаеш, спадару мой». І ён сказаў імне: «Гэта тыя, што прышлі зь вялікае атугі, і абмылі адзецьці свае, і выбялілі ў крыві Баранчыкавай.

Таму стаяць перад пасадам Божым і служаць Яму ўночы і днём у святыні Яго, і Які сядзіць на пасадзе, будзе жыць у іх.
 
За тое яны перад пасадам Божым і служаць Яму дзень і ноч у доме Ягоным; і Тый, што сядзіць на пасадзе, разапнець будан Свой над імі.

Ні голаду, ні смагі больш не будуць цярпець, не будзе пячы іх болей сонца і ніякая спякота,
 
Яны ня будуць ужо прагнуць ані сьмягнуць, і ня будзе пячы іх сонца і ніякі вад;

бо Ягня, Які пасярод пасада, пасвіць іх будзе і вадзіць да крыніцы водаў жыцця, і абатрэ Бог кожную слязу з вачэй іх».
 
Бо Баранчык, што сярод пасаду, будзе пасьціць іх, павядзець із да жаролаў жывое вады, і абатрэць Бог кажную сьлізу з ачоў іхных.