Адкрыцьцё 22 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І паказаў мне чыстую раку вады жыцця, светлую, як быццам крышталь, якая выцякае з пасада Бога і Ягняці.
 
І паказаў імне раку вады жыцьця, сьветлую, як крыштал, каторая выцякала з пасаду Божага а Баранчыкавага.

На сярэдзіне вуліцы яго і паабапал ракі дрэва жыцця, што прыносіць плады дванаццаць разоў, даючы штомесяц плод свой, і лісце дрэва — для ацалення народаў.
 
Сярод вуліцы ягонае і паабапал ракі — дзерва жыцьця, што родзе двананцаць пладоў, кажнага месяца выдаець плод свой; і лісты дзерва — да ўздараўленьня народаў.

І не будзе ўжо больш нічога праклятага. І пасад Бога і Ягняці ў ім будзе, і паслугачы Яго Яму служыць будуць,
 
І нічога ўжо ня будзе праклятага; але пасад Божы а Баранчыкаў будзе ў ім, і слугі Ягоныя будуць служыць Яму.

і ўбачаць аблічча Яго, і імя Яго на чолах сваіх.
 
І абачаць від Ягоны, і імя Ягонае будзе на чолах іхных.

І ночы ўжо не будзе, і не трэба будзе ўжо святла лямпы, ані святла сонца, бо Госпад Бог асвятляе іх, і будуць яны валадарыць на векі вечныя.
 
І ночы ня будзе там, ня будуць патрабаваць сьветача ані сьвятліні сонечнае, бо Спадар Бог будзе асьвячаць іх; і будуць караляваць на векі вякоў.

І сказаў мне: «Словы гэтыя самыя верныя і праўдзівыя, і Госпад, Бог святых прарокаў, паслаў Свайго анёла, каб паказаць паслугачам Сваім, што павінна стацца неўзабаве.
 
І сказаў імне: «Гэтыя словы верныя а праўдзівыя; і Спадар Бог духоў прарокаў паслаў Ангіла Свайго паказаць слугам Сваім тое, што мае стацца неўзабаве.

І вось, прыходжу хутка. Шчасны, хто захоўвае словы прарочыя гэтай кнігі».
 
І вось, іду неўзабаве»: дабраславёны, хто заховуе словы прароцтва сувою гэтага.

І я, Ян, чуў гэта і бачыў. І, калі гэта пачуў і ўгледзеў, паў да ног анёла, што мне гэта паказаў, каб пакланіцца яму.
 
І я, Яан, чуў і бачыў гэта. І як я пачуў і абачыў, паў у ногі ангілу, што паказаваў імне гэта, каб пакланіцца;

І ён кажа мне: «Глядзі, не рабі! Бо я толькі саслужнік твой і братоў тваіх прарокаў разам з тымі, якія захоўваюць словы гэтай кнігі. Богу пакланіся».
 
Але ён сказаў імне: «Глядзі, не рабі гэтага: я — сунявольнік твой, і братоў тваіх прарокаў, і заховуючых словы сувою гэтага; Богу кланяйся».

І кажа мне: «Не запячатвай прарочых слоў гэтай кнігі, бо час ужо блізкі.
 
І сказаў імне: «Не запячатавай словаў прароцтва сувою гэтага; час блізка.

Хто ліхі, няхай больш ліхадзейнічае, хто апаганены, няхай больш апаганьваецца, і справядлівы няхай яшчэ павялічвае справядлівасць, і святы няхай яшчэ больш усвячаецца.
 
Несправядлівы няхай яшчэ чыне несправядлівасьць; і брудзяны няхай брудзяніцца яшчэ; а справядлівы няхай чыне справядлівасьць яшчэ, і сьвяты няхай усьвячаецца яшчэ».

Вось, прыходжу хутка, і адплата Мая разам са Мною, каб аддаць кожнаму паводле ўчынкаў яго.
 
«Вось, прыйду неўзабаве, і адплата Мая з імною, каб адплаціць кажнаму подле ўчынкаў ягоных.

Я — Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец.
 
Я Альфа й Омэґа, першы й апошні, пачатак і канец».

Шчасныя, што выконваюць прыказанні Яго, яны будуць мець уладу над дрэвам жыцця і ўвойдуць у горад праз брамы.
 
Дабраславёныя тыя, што памыюць уборы свае, бо яны будуць мець права да дзерва жыцьця і каб увыйсьці пераз брамы да места.

За мурам застануцца сабакі, чараўнікі, распуснікі, забойцы, балванапаклоннікі і ўсе тыя, што любяць і чыняць няпраўду.
 
Вонках — сабакі і чараўнікі, і бязулі, і забіўцы, і балвахвалы, і кажны, хто любе й чыне ману.

Я, Ісус, паслаў Майго анёла, каб даў вам гэтае сведчанне ў цэрквах. Я — Корань і Род Давідаў, Зорка светлая і ранішняя».
 
«Я, Ісус, паслаў ангіла Свайго пасьветчыць гэта вам у цэрквах. Я карэнь і пагон Давідаў, зорка сьветлая, ранічная».

І Дух і нявеста клічуць: «Прыйдзі!» І хто чуе, няхай скажа: «Прыйдзі!» І хто смагне, няхай прыйдзе; хто жадае, хай бярэ ваду жыцця дарма.
 
І дух і княгіня маладая кажуць: «Прыйдзі!» І чуючы няхай скажа: «Прыйдзі!» Усьмяглы хай прыходзе, і зычачы няхай бярэць ваду жыцьця дарма.

Вось, сведчу кожнаму, хто слухае словы прароцтва гэтай кнігі: калі хто да іх дадасць нешта, таго Бог пакарае адной з тых плягаў, што запісаны ў гэтай кнізе,
 
Я сьветчу кажнаму, хто чуе словы прароцтва сувойчыка гэтага: калі хто дадасьць што да іх, таму дадасьць Бог болькаў, апісаных у сувойчыку гэтым.

і, калі хто адыме ад слоў прароцтва гэтай кнігі, у таго Бог адыме долю яго з кнігі жыцця, і з горада святога, і з таго, што ў гэтай кнізе напісана.
 
І калі хто адыйме ад словаў сувойчыка прароцтва гэтага, адыйме Бог дзель ягоную зь дзерва жыцьця і зь места сьвятога, апісанага ў гэтым сувойчыку.

Той, Хто пра гэта сведчыць, кажа: «Так, прыйду неўзабаве!» Амін! Прыйдзі, Госпадзе Ісусе!
 
Тый, што сьветча гэта кажа: «Запраўды прыйду неўзабаве». Амін. Прыйдзі, Спадару Ісусе!

Ласка Госпада Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін!
 
Ласка Спадара Ісуса Хрыста з усімі сьвятымі. Амін.