Адкрыцьцё 3 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І анёлу царквы, што ў Сардах, напішы: гэта, вось, кажа Той, Які мае сем духаў Божых і сем зорак: ведаю ўчынкі твае, што маеш імя, што жывы, ды ёсць мёртвы.
 
Ангілу царквы Сардзкае напішы: "Гэта кажа Тый, што мае сямёх духоў Божых і сем зораў: Ведаю ўчынкі твае; ты маеш імя, быццам жывы, але ты мертвы.

Чувай і ўзмацняй рэшту, якая мелася загінуць, бо не знаходжу ўчынкаў тваіх выкананымі перад Богам Маім.
 
Будзь чукавы й мацні засталае, каторае ля сьмерці; бо Я не знаходжу, каб учынкі твае былі супоўныя перад Богам Маім.

Дык памятай, як ты атрымаў і чуў, і захавай, і навярніся. Бо калі не будзеш чуваць, прыйду да цябе, як злодзей, і не будзеш ведаць гадзіны, у якую прыйду да цябе.
 
Дык успомні, што ты прыняў і чуў, захочуй і пакайся. А калі ня будзеш чукавы, дык Я прыйду на цябе, як злодзей, і ты ніяк не даведаешся, каторае гадзіны прыйду на цябе.

Але, вось, маеш у Сардах некалькі імёнаў, якія не плямілі вопраткі свае, яны будуць хадзіць са Мною ў белі, бо яны дастойныя.
 
Маеш ты, адылі, колькі ймёнаў у Сардах, што не забрудзянілі адзецьцяў сваіх, і будуць хадзіць з Імною ў белым, бо яны годныя.

Хто пераможа, апранецца ў вопратку белую, і не выкраслю імя яго з кнігі жыцця, і прызнаю імя яго перад Айцом Маім і на віду ў анёлаў Яго.
 
Хто парамагае, тый адзенецца ў белыя адзецьці; і Я ня ізмажу імені ягонага із сувою жыцьця, і вызнаю імя ягонае перад Айцом Сваім і перад ангіламі Ягонымі.

Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам.
 
Хто мае вуха, няхай чуе, што Дух кажа цэрквам".

І анёлу царквы, што ў Філадэльфіі, напішы: гэта кажа Святы і Праўдзівы, Які мае ключ Давідаў, Які адчыніць, і ніхто не замкне, а замкне, і ніхто не адчыніць.
 
І ангілу царквы Філядэльфскае напішы: "Гэта кажа Сьвяты, Праўдзівы, Каторы мае ключ Давідаў, Каторы адчыняе, і ніхто не зачыне; і зачыняе, і ніхто не адчыне:

Ведаю ўчынкі твае. Вось, адкрыў перад табою дзверы, якія ніхто не можа закрыць, бо ты, хоць маеш мала моцы, але захаваў слова Маё і не выракся імя Майго.
 
Ведаю ўчынкі твае; вось, перад табою дзьверы, адчыненыя Імною, каторых ніхто ня можа зачыніць; ты мала маеш сілы, і захаваў Слова Мае, і не адрокся імені Майго.

Вось, дам табе з сінагогі шатана, з тых, якія сябе называюць юдэямі, а імі не ёсць, але падманваюць; вось, зраблю ім, што прыйдуць і паклоняцца табе ў ногі, і даведаюцца, што Я ўзлюбіў цябе.
 
Вось, Я ўчыню тым із бажніцы шайтанскае, каторыя кажуць, што яны Жыды, а ня ё, але маняць, — вось, Я ўчыню, што яны прыйдуць і паклоняцца ў ногі табе, і пазнаюць, што Я ўмілаваў цябе.

Бо ўхаваў ты слова стойкасці Маёй, і Я цябе ўхаваю ў гадзіну спакушэння, якая прыйдзе на ўвесь свет зводзіць жыхароў на зямлі.
 
Як ты захаваў слова трывалкосьці Мае, Я таксама захаваю цябе ад гадзіны спробы, каторая вось, вось, мае прыйсьці на ўвесь сьвет, выпрабаваць жывучых на зямлі.

Прыйду хутка. Трымай тое, што маеш, каб ніхто не скраў вянца твайго.
 
Я прыйду ўборзьдзе; дзяржы, што маеш, каб ніхто ня ўзяў кароны твае.

Хто пераможа, таго ўчыню калонай у святыні Бога Майго, і больш з яе не выйдзе, і напішу на ім імя Бога Майго і імя горада Бога Майго, новага Ерузаліма, які сыходзіць з неба ад Бога Майго, і імя Маё новае.
 
Хто перамагае, таго ўчыню стаўпом у доме Бога Свайго, і ён ужо ня выйдзе вонкі; і напішу на ім імя Бога Свайго й імя места Свайго, новага Ерузаліму, каторы зыходзе зь нябёс ад Бога Майго, і імя Мае новае.

Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам.
 
Хто мае вуха, няхай чуе, што Дух кажа цэрквам".

І анёлу царквы, што ў Лаадыцэі, напішы: гэта кажа Амін, Сведка верны і праўдзівы, Пачатак тварэння Божага.
 
І ангілу царквы ляодыцкае напішы: "Гэта кажя Амін, верны а праўдзівы сьветка, пачатак стварэньня Божага:

Ведаю ўчынкі твае, што ты ані халодны, ані гарачы. О, каб лепш халодным ты быў або гарачым!
 
Ведаю ўчынкі твае, што ты ані сьцюдзёны, ані гарачы; о каб ты быў сьцюдзёны або гарачы!

Але за тое, што ты цёплы, а не халодны і не гарачы, Я вывергну цябе з вуснаў Маіх.
 
Затым што ты летны, а ня сьцюдзёны ані гарачы, Я выплюну цябе з роту Свайго.

Бо кажаш ты: «Багаты я і забяспечаны, і нічога мне не трэба», і не ведаеш, што ты бедны, і найнешчаслівейшы, і ўбогі, і сляпы, і голы.
 
Бо ты кажаш: «Я багаты, забагацеў і нічога не патрабую», а ня ведаеш, што ты нуднік а небарака а бедны а нявісны а голы.

Раю табе купіць сабе ў Мяне золата, агнём ачышчанага, каб быў забяспечаны, і белую вопратку, каб апрануўся і каб не паказалася нікчэмнасць галізны тваёй, і масць, каб памазаў вочы свае і бачыў.
 
Раджу табе купіць у Мяне золата, агнём ачышчанае, каб ты быў багаты, і белае адзецьце, каб адзецца і каб ня відаць быў сорам голасьці твае, і вочнай масьцяй памаж вочы свае, каб бачыць.

Бо Я тых, якіх люблю, дакараю і караю. Дык будзь руплівым і навярніся.
 
Я ганю а зыру толькіх, колькіх люблю. Дык будзь рупатлівы й пакайся.

Вось, стаю ў дзвярах і стукаю. Калі хто пачуе голас Мой і адчыніць Мне дзверы, увайду да яго і павячэраю з ім, а ён са Мной.
 
Вось, стаю ля дзьвярэй і стукаю. Калі хто пачуе голас Мой і адчыне дзьверы, увыйду да яго і буду вячэраць ізь ім, і ён із Імною.

Хто пераможа, таму дам сядзець са Мною на Маім пасадзе, як Я перамог і сеў з Айцом Маім на Яго пасадзе.
 
Хто перамагае, таму дам сесьці з Імною на пасадзе Маім, як і Я перамог і сеў з Айцом Сваім на пасадзе Ягоным.

Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам».
 
Хто мае вуха, няхай чуе, што Дух кажа цэрквам".