Адкрыцьцё 6 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І ўбачыў я, як Ягня зняў першую з сямі пячатак, і пачуў, як адна з чатырох жывёлін сказала быццам гукам грымоты: «Прыйдзі і глядзі!»
 
І я бачыў, як Баранчык зьняў першую ізь сямёх пячацяў, і я пачуў адно з чатырох стварэньняў, што, бы голасам грому, сказала: «Падыйдзі й глянь!»

І ўбачыў я: і вось, белы конь; і той, што сядзеў на ім, трымаў лук, і дадзены яму вянец, і выйшаў ён, перамагаючы і каб перамагчы.
 
І я глянуў, і вось, конь белы, і на ім коньнік із лукам, і дана была яму карона; і вышаў ён пераможны, і каб перамагаць.

І калі адкрыў Ён другую пячатку, пачуў я другую жывёліну, што казала: «Прыйдзі і глядзі!»
 
І як Ён зьняў другую пячаць, я чую другое жывое стварэньне, што казала: «Падыйдзі й глянь!»

І выйшаў тады іншы конь, агніста-чырвоны; і таму, што сядзеў на ім, дадзена, каб спыніў супакой на зямлі, каб людзі адны другіх забівалі, і дадзены яму вялікі меч.
 
І вышаў другі конь, руды; і коньніку, што сядзеў на ім, дана ўзяць супакой ізь зямлі, каб забівалі адзін аднаго; і даны яму вялікі меч.

І калі адкрыў Ён трэцюю пячатку, пачуў я трэцюю жывёліну, што казала: «Прыйдзі і глядзі!» І ўбачыў я: і вось, конь вараны; і той, што сядзеў на ім, трымаў вагу ў руцэ сваёй.
 
І як ён зьняў трэйцюю пячаць, я чуў трэйцяе жывое стварэньне, што казала: «Падыйдзі й глянь!» І я глянуў, і вось, конь вараны, і на ім коньнік із вагою ў руццэ сваёй.

І пачуў я голас паміж тых чатырох жывёлін, што казаў: «Хінікс пшаніцы за дынар, і тры хініксы ячменю за дынар; і не марнуй віна і алею».
 
І чуў я голас пасярод чатырох жывых стварэньняў, што казалі: «Карэц пшонкі за дынар, і тры карцы ячменю за дынар; аліве ж а віну ня шкодзь».

І калі адкрыў Ён чацвёртую пячатку, пачуў я голас чацвёртай жывёліны, што казаў: «Прыйдзі і глядзі!»
 
І як Ён зьняў чацьвертую пячаць, я пачуў голас чацьвертага жывога стварэньня, што казала: «Падыйдзі й глянь!»

І ўбачыў я: і вось, конь бледны, і вершніку, які сядзеў на ім, было імя смерць, і пекла ішло следам за ім, і дадзена яму ўлада на чацвёртай частцы зямлі забіваць мечам, голадам, і смерцю, і звярамі зямлі.
 
І я бачыў, і вось, конь палавы, і на ім коньнік, імя ягонае сьмерць; і пекла ішла за ім, і дана ім улада над чэцьверцяй зямлі — забіваць мячом і галадоўю, і сьмерцяй, і зьвярамі земнымі.

І калі адкрыў Ён пятую пячатку, убачыў я пад ахвярнікам душы тых, якія былі пазабіваны за слова Божае і за сведчанне, якое яны мелі.
 
І як Ён зьняў пятую пячаць, я абачыў пад аброчнікам душы забітых за слова Божае а за сьветчаньне, каторае сьветчылі.

І гаманілі яны гучным голасам, кажучы: «Госпадзе, святы і справядлівы, як доўга будзеш марудзіць з судом і помстай за нашу кроў над жыхарамі зямлі?»
 
І загаласілі яны вялікім голасам, кажучы: «Пакуль, Валадару, сьвяты а праўдзівы, ня судзіш і ня імсьціш жывучым на зямлі за кроў нашую?»

І кожнаму з іх была дадзена белая вопратка, і сказана было ім, каб яны супакоіліся яшчэ на кароткі час, пакуль не дапоўніцца лік саслужнікаў іх і братоў, якія маюць памерці падобна, як і яны.
 
І даны былі кажнаму зь іх адзецьці белыя, каб яны супакоіліся яшчэ на малы час, пакуль супрацаўні іхныя а браты іхныя, каторыя будуць забіты, дапоўняць.

І калі Ён адкрыў шостую пячатку, убачыў я, як зрабіўся жудасны землятрус, і сонца стала чорнае, як мех валасяны, і месяц зрабіўся, як кроў,
 
І я глянуў, як ён зьняў шостую пячаць, і сталася вялікае трасеньне зямлі, і сонца сьцямнела, як зрэбніна, і месяц стаў, як кроў;

і зоркі нябесныя паспадалі на зямлю так, як фігавае дрэва скідае свае недаспелыя плады, калі ім страсяне вялікі вецер,
 
І гвезды нябёсныя палі на зямлю, як фіґа, трэсеная вялікім ветрам, страсае нясьпелыя фіґі свае;

і неба знікла, як быццам звілося ў скрутак, і кожная гара і астравы зрушыліся са сваіх месцаў.
 
І неба зьвілося, бы сувой зьвіваецца; і кажная гара й абток скрануліся зь месцаў сваіх.

І цары зямлі, і магнаты, і тысячнікі, і багацеі, і асілкі, і кожны нявольнік і вольны пахаваліся ў пячорах і горных скалах
 
І каралёве земныя, і вялікія, і тысячнікі, і багатыя, і дужыя, і кажны нявольнік, і кажны вольнік схаваліся ў пячоры і ў скалы гораў;

і кажуць гарам і скалам: «Упадзіце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Які сядзіць на пасадзе, і ад гневу Ягняці,
 
І кажуць горам а скалам: «Зваліцеся на нас і закрыйце нас ад віду Седзячага на пасадзе і ад гневу Баранчыкавага»;

бо надышоў вялікі дзень гневу Яго, і хто можа выстаяць?»
 
Бо прышоў вялікі дзень гневу Ягонага, і хто можа вытрываць?