Адкрыцьцё 20 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І ўбачыў я анёла, што сыходзіў з неба і меў у руцэ ключ ад бяздоння і вялікі ланцуг.
Затым я ўбачыў анёла, які сыходзіў з неба і меў ключ ад бездані і вялікі ланцуг у сваёй руцэ.
І схапіў ён дракона, змея старадаўняга, які ёсць д’ябал і шатан, і звязаў яго на тысячу гадоў,
Ён схапіў цмока, змея старадаўняга, які ёсць д’яблам і сатаною, і звязаў яго на тысячу гадоў.
і кінуў яго ў бяздонне, і замкнуў яго, і запячатаў яго, каб не зводзіў больш народы, пакуль не міне тысяча гадоў. А пасля ён мае быць вызвалены на кароткі час.
Укінуў яго ў бездань, замкнуў і апячатаў яе, каб не зводзіў больш народы, пакуль не пройдзе тысяча гадоў. А пасля гэтага ён павінен быць развязаны на кароткі час.
І ўбачыў я пасады, і паселі на іх тыя, якім дадзена права судзіць, і душы тых, якім сцялі галовы за сведчанне аб Ісусе і за слова Божае, і тых, якія не пакланіліся зверу і вобразу яго, якія не мелі меціны на чолах і руках сваіх. І ажылі яны, і валадарылі разам з Хрыстом тысячу гадоў.
Я ўбачыў таксама троны і тых, хто сядзеў на іх і каму дадзена было судзіць, і душы сцятых за сведчанне Езуса і за Божае слова. Яны не пакланіліся зверу, ні вобразу ягонаму, і не прынялі кляйма на сваё чало і на сваю руку. Яны ажылі і пачалі валадарыць з Хрыстом тысячу гадоў.
Рэшта памерлых не ажыла, пакуль не скончылася тысяча гадоў. Гэта ёсць першае ўваскрэсенне.
А іншыя памерлыя не ажылі, пакуль не прайшло тысяча гадоў. Гэта першае ўваскрашэнне.
Шчасны і святы той, хто мае ўдзел у першым уваскрэсенні! Над імі другая смерць не мае ўлады, але яны будуць святарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць з Ім тысячу гадоў.
Шчаслівы і святы той, хто мае ўдзел у першым уваскрашэнні! Другая смерць не будзе мець над імі ўлады, бо яны будуць святарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць з Ім тысячу гадоў.
І, калі міне тысяча гадоў, будзе вызвалены шатан са сваёй вязніцы,
Калі ж міне тысяча гадоў, сатана будзе выпушчаны са сваёй вязніцы,
і выйдзе ўводзіць у зман народы, якія на чатырох канцах зямлі, Гога і Магога, і збіраць іх на бой, а лік іх, як пяску марскога.
і выйдзе зводзіць народы на чатырох канцах зямлі, Гога і Магога, каб сабраць іх на бітву, а лік іх — як марскіх пяшчынак.
І яны ўзышлі на прастор зямлі і акружылі лагер святых і іх умілаваны горад. Але зляцеў ад Бога агонь і знішчыў іх.
Яны выйшлі на прастору зямлі і акружылі лагер святых і ўмілаваны горад. Аднак з неба сышоў агонь і паглынуў іх.
І д’ябал, які зводзіў іх, быў кінуты ў возера агню і серкі, дзе і звер, і фальшывы прарок, і мучыцца будуць яны днём і ўночы на векі вечныя.
А д’ябал, які зводзіў іх, быў кінуты ў возера агню і серы, дзе і звер, і фальшывы прарок будуць мучыцца днём і ноччу на векі вякоў.
І ўбачыў я пасад вялікі белы і Таго, Які сядзеў на ім, перад абліччам Якога ўцяклі зямля і неба, і не знайшлося ім месца.
Затым убачыў я вялікі белы трон і таго, хто сядзеў на ім, і ад аблічча якога ўцякалі неба і зямля, і не знайшлося ім месца.
І ўбачыў я перад пасадам памерлых, вялікіх і малых, што стаяць перад Богам. І былі адкрыты кнігі. І была адкрыта іншая кніга, кніга жыцця. І быў суд над памерлымі за тое, што напісана было ў кнігах, паводле іх ўчынкаў.
Я ўбачыў памерлых, малых і вялікіх, якія стаялі перад тронам, і кнігі былі разгорнутыя. Разгарнулася таксама іншая кніга — кніга жыцця. Памерлыя былі асуджаны згодна з напісаным у кнігах, паводле іхніх учынкаў.
І аддала мора памерлых, якія ў ім былі. Падобным спосабам аддалі смерць і пекла сваіх памерлых, якія ў іх былі. І кожны быў суджаны паводле сваіх учынкаў.
Тады мора аддало памерлых, якія былі ў ім, і смерць, і адхлань аддалі памерлых, якія былі ў іх. І судзілі кожнага паводле ягоных учынкаў.
І смерць і пекла былі ўкінуты ў возера вогненнае. Гэта — другая смерць.
А смерць і адхлань былі ўкінутыя ў вогненнае возера. Вогненнае возера — гэта другая смерць.
І хто не знайшоўся запісаны ў кнізе жыцця, той быў укінуты ў возера вогненнае.
Калі некага не знайшлі запісаным у кнізе жыцця, той быў укінуты ў вогненнае возера.