Адкрыцьцё 8 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

І калі Ён зьняў сёмую пячатку, моўча паўстала на небе як бы на паўгадзіны.
 
І калі Ён зняў сёмую пяча́ць, маўча́нне наста́ла на не́бе прыблíзна на паўгадзíны.

І ўгледзеў я сем анёлаў, якія стаялі перад Богам; і дадзена ім сем трубаў.
 
І ўба́чыў я сем А́нгелаў, якія стая́лі перад Богам; і да́дзены ім былí сем труб.

І прыйшоў іншы анёл і стаў перад ахвярнікам, трымаючы залатое кадзіла; і дадзена было яму багата фіміяму, каб ён з малітвамі ўсіх сьвятых усклаў яго на залаты ахвярнік перад тронам.
 
І прыйшо́ў іншы А́нгел і стаў каля ахвя́рніка, трыма́ючы залату́ю кадзíльніцу; і да́дзена было́ яму многа фімія́му, каб ён ускла́ў яго з малíтвамі ўсіх святы́х на залаты́ ахвя́рнік, што перад прасто́лам.

І ўзьнёсься дым фіміяму з малітвамі сьвятых ад рукі анёла перад Богам.
 
І ўзнёсся дым фімія́му з малíтвамі святы́х ад рукí А́нгела перад Богам.

І ўзяў анёл кадзіла, і напоўніў яго жарам з ахвярніка, і кінуў на зямлю: і ўчыніліся галасы і грамы, і маланкі і землятрусы.
 
І ўзяў А́нгел кадзíльніцу, і напо́ўніў яе агнём з ахвя́рніка, і кíнуў на зямлю́: і ўзнíклі гу́кі, і грамы́, і мала́нкі, і землетрасе́нні.

І сем анёлаў, што мелі сем трубаў, падрыхтаваліся трубіць.
 
І сем А́нгелаў, што ме́лі сем труб, прыгатава́ліся трубíць.

Першы анёл затрубіў, і зрабіўся град і вагонь, зьмяшаныя з крывёю, і апалі на зямлю; і траціна ўсіх дрэваў згарэла, і ўся трава зялёная выгарала.
 
І пе́ршы А́нгел затрубíў, і ўзнік град і агонь, змяша́ныя з крывёю, і былí кíнуты на зямлю́; і трэць дрэў згарэ́ла, і ўся трава́ зялёная згарэ́ла.

Другі анёл затрубіў, і як бы вялікая гара, вагнём распаленая, абвалілася ў мора; і траціна мора зрабілася крывёю,
 
І другí А́нгел затрубíў, і нíбы гара́ вялікая, агнём пала́ючы, абры́нулася ў мо́ра; і трэць мо́ра зрабíлася крывёю,

і вымерла траціна жывога стварэньня ў моры, і траціна караблёў загінула.
 
і вы́мерла трэць стварэ́нняў, што жыву́ць у мо́ры, і трэць караблёў загíнула.

Трэйці анёл затрубіў, і ўпала зь неба вялікая зорка, палаючы, нібы сьветач, і ўпала на траціну рэк і крыніцы водаў.
 
І трэ́ці А́нгел затрубíў, і ўпа́ла з не́ба зо́рка вялíкая, пала́ючы, як фа́кел, і ўпа́ла на трэць рэк і на крынíцы вод.

Імя гэтай зорцы палын; і траціна ўсіх водаў зрабілася палыном, і многія людзі памерлі ад водаў, бо яны прагорклі.
 
Імя́ гэтай зо́ркі — палы́н; і трэць вод зрабíлася як палы́н, і многія лю́дзі паме́рлі ад вод, бо яны ста́лі горкімі.

Чацьвёрты анёл затрубіў, і ўдар спасьціг траціну сонца і траціну месяца і траціну зорак, так што зацьмілася траціна іх, і траціна дня не сьвяціла больш — так, як і ночы.
 
І чацвёрты А́нгел затрубíў, і была́ пашко́джана трэць со́нца, і трэць ме́сяца, і трэць зо́рак, так што ста́ла цьмя́наю трэць іх, і дзень стра́ціў святло́ на трэць, такса́ма і ноч.

І бачыў я і чуў аднаго анёла, які ляцеў пасярод неба і прамаўляў гучным голасам: гора, гора, гора жывым на зямлі ад астатніх трубных галасоў трох анёлаў, якія будуць трубіць!
 
І ўба́чыў я, і пачу́ў аднаго А́нгела, які ляце́ў пасяро́д не́ба і прамаўля́ў гу́чным го́ласам: го́ра, го́ра, го́ра жыхара́м зямлí ад аста́тніх тру́бных галасо́ў трох А́нгелаў, якія бу́дуць трубíць!