Адкрыцьцё 7 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

І пасьля гэтага бачыў я чатырох анёлаў, якія стаялі на чатырох кутах зямлі і трымалі чатыры вятры зямлі, каб ня веяў вецер ні на зямлю, ні на мора, ні на якое дрэва.
 
І пасля́ гэтага ўба́чыў я чатыро́х А́нгелаў, якія стая́лі на чатыро́х вугла́х зямлí і трыма́лі чаты́ры вятры́ зямлí, каб не дзьмуў ве́цер ні на зямлю́, ні на мо́ра, ні на якое дрэ́ва.

І бачыў я іншага анёла, што ўзыходзіў з усходу сонца і меў пячатку Бога жывога. І ўсклікнуў ён гучным голасам да чатырох анёлаў, якім дадзена шкодзіць зямлі і мору, кажучы:
 
І ўба́чыў я яшчэ́ аднаго А́нгела, які ўздыма́ўся з усхо́ду со́нца і меў пяча́ць Бога жыво́га. І ўсклíкнуў ён гу́чным го́ласам да чатыро́х А́нгелаў, якім да́дзена было́ рабіць шко́ду зямлí і мо́ру, ка́жучы:

не рабеце шкоды ні зямлі, ні мору, ні дрэвам, пакуль не накладзём пячаткі на ілбы рабам Бога нашага.
 
не рабíце шко́ды ні зямлí, ні мо́ру, ні дрэ́вам, пакуль не паста́вім пяча́ці раба́м Бога нашага на лбах іх.

І я чуў лік запячатаных: запячатаных было сто сорак чатыры тысячы з усіх каленаў сыноў Ізраілевых.
 
І я пачу́ў ко́лькасць адзна́чаных пяча́ццю: сто со́рак чаты́ры ты́сячы было́ адзна́чаных пяча́ццю з усіх кале́н сыно́ў Ізра́ілевых.

З калена Юды запячатана дванаццаць тысяч; з калена Рувімавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Гадавага запячатана дванаццаць тысяч;
 
З кале́на Іу́ды двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Рувíма двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Га́да двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю;

з калена Асіравага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Нефалімавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Манасіінага запячатана дванаццаць тысяч;
 
з кале́на Асíра двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Нефалíма двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Манасíі двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю;

з калена Сымонавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Левія запячатана дванаццаць тысяч; з калена Ісахаравага запячатана дванаццаць тысяч;
 
з кале́на Сімяо́на двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Левíя двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Ісаха́ра двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю;

з калена Завулонавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Язэпавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Веньямінавага запячатана дванаццаць тысяч.
 
з кале́на Завуло́на двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Іо́сіфа двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Веніямíна двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю.

Пасьля гэтага зірнуў я, і вось, вялікае мноства людзей, якога ніхто ня мог палічыць, з усіх плямёнаў і каленаў, і народаў і родаў стаяла перад тронам і перад Ягнём у белым адзеньні і з пальмавымі галінкамі ў руках сваіх.
 
Пасля́ гэтага ўба́чыў я: вось, вялíкі нато́ўп людзе́й, якога злічы́ць ніхто не мог, з кожнага пле́мені, і кале́н, і наро́даў, і моў; яны стая́ць перад прасто́лам і перад А́гнцам, апра́нутыя ў адзе́нні бе́лыя, і па́льмавыя галíнкі ў рука́х іх.

І ўсклікалі гучным голасам, кажучы: збавеньне Богу нашаму, Які сядзіць на троне, і Ягняці!
 
І ўскліка́юць яны гу́чным го́ласам, ка́жучы: спасе́нне ў Бога нашага, Які сядзíць на прасто́ле, і ў А́гнца!

І ўсе анёлы стаялі вакол трона і старцаў і чатырох жывых істотаў, і ўпалі ніцма перад тронам, і пакланіліся Богу,
 
І ўсе А́нгелы стая́лі вако́л прасто́ла і ста́рцаў і чатыро́х жывёл, і ўпа́лі яны ніц перад прасто́лам і пакланíліся Богу,

кажучы: амін! дабраславеньне і слава, і мудрасьць і падзяка, і гонар і сіла і моц Богу нашаму на векі вечныя! Амін.
 
ка́жучы: амíнь! благаславе́нне, і сла́ва, і праму́драсць, і падзя́ка, і паша́на, і сíла, і моц Богу нашаму на ве́кі вяко́ў! Амíнь.

І, пачаўшы прамову, адзін старац спытаўся ў мяне: гэтыя апранутыя ў белую адзежу, хто, і адкуль прыйшлі?
 
І загавары́ў адзін са ста́рцаў, звярта́ючыся да мяне: гэтыя апра́нутыя ў адзе́нні бе́лыя — хто яны і адку́ль прыйшлí?

Я сказаў яму: ты ведаеш, уладару. І ён сказаў мне: гэта тыя, якія прыйшлі ад вялікае скрухі; яны абмылі вопратку сваю і адбялілі вопратку сваю Крывёю Ягняці.
 
І я сказа́ў яму: ты ве́даеш, гаспада́р. І ён сказа́ў мне: гэта тыя, што прыйшлí ад вялíкага го́ра; яны абмы́лі адзе́нні свае́ і вы́белілі адзе́нні свае́ Крывёю А́гнца.

За гэта яны цяпер перад тронам Бога і служаць Яму дзень і ноч у храме Ягоным, і Той, Хто сядзіць на троне, будзе жыць у іх.
 
За гэта яны знахо́дзяцца перад прасто́лам Бога і слу́жаць Яму дзень і ноч у хра́ме Яго, і Той, Хто сядзíць на прасто́ле, раскíне шацёр Свой над імі.

Яны ня будуць ужо ні голаду ні смагі цярпець, і ня будзе паліць іх сонца, і ніякая сьпёка;
 
У іх не будзе ўжо ні го́ладу, ні сма́гі, і не будзе палíць іх со́нца і нія́кая спёка;

бо Ягня, Якое пасярод трона, будзе пасьвіць іх і вадзіць іх на жывыя крыніцы водаў, і вытра Бог кожную сьлязіну з вачэй іхніх!
 
бо А́гнец, Які пасяро́д прасто́ла, будзе па́свіць іх і вадзíць іх на жывы́я крынíцы вод, і ўтрэ́ Бог кожную слязу́ з вачэ́й іх.