Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

2 Пётры 2 Другі Пётры 2 разьдзел

1 Былі й хвальшывыя прарокі сярод люду, як і запраўды сярод вас будуць хвальшывыя вучыцелі, каторыя патай увядуць згубныя гэрасі і Спадара, Каторы іх выкупіў, адракуцца, прыводзячы самы на сябе борздую загубу.
2 І шмат пойдзе за распустаю іхнаю, ад чаго дарога праўды будзе блявузґана.
3 І з прагавітасьці будуць таргаваць вамі выдуманымі словамі, каторых суд ня длякаецца, і загуба іхная ня дрэме.
4 Бо калі ангілаў, што ізграшылі, Бог не пашчаджаў, але ў зялезах цямноты, ськінуўшы да тартару, аддаў дзяржаць да суду;
5 І не пашчаджаў старога сьвету, але захаваў Ноя сама восьмага, казаньніка справядлівасьці, навёўшы патопу на сьвет бязбожных;
6 І калі месты садомскія а ґоморскія абярнуў у попел, засудзіў на абурэньне, даўшы прыклад тым, што жылі б бязбожным жыцьцём;
7 А справядлівага Лота, стамаванага паступкам самадыйных бязуляў, выбавіў, —
8 Бо гэты справядлівы, жывучы памеж іх, дзень у дзень мучыўся ў справядлівай душы, бачачы й чуючы ўчынкі бяспраўныя, —
9 Дык ведае Спадар, як выбаўляць набожных ад спакусаў і дзяржаць несправядлівых да дня суду, дзеля пакараньня,
10 І асабліва тых, што ходзяць за целам у нячыстай жадзе і грэбуюць уладаю, гарэзныя, самадыйныя і не баяцца блявузґаць на славутых,
11 Калі ангілы, вялікшыя моцай а магутнасьцяй, ня выносяць на іх перад Спадаром блявузґальнага.
12 Гэтыя ж, як неразумная жывёла прыроды, зроджаная на лаўбу а расклад, блявузґаючы на тое, чаго не разумеюць, у папсаванасьці сваёй запраўды папсуюцца;
13 Яны адзяржаць адплату несправядлівасьці. Яны кажнадзеннае бязулства маюць за прыемнасьць, самы пляма а ганьба, маюць любату ў сваіх ашуках, гасьцюючы з вамі.
14 Вочы ў іх поўныя чужалоства і не астаюцца ад грэху, надзячы неўмацаваныя душы, маючы сэрца навытыранае да гальлівасьці, сынове праклёну.
15 Пакінуўшы простую дарогу, яны заблудзілі, ідучы дарогаю Валаама Восоронка, што ўлюбіў заплату несправядлівасьці,
16 Але меў ган за сваю нягоднасьць: немая асьліца, прамовіўшы людзкім голасам, спыніла дурноту прарокі.
17 Гэта — бязводныя жаролы, булакі, гнаныя бураю, каторым цемрадзь цямноты прыгатавана на векі.
18 Бо, гукаючы вялікія, гарынныя словы марнасьці, яны надзяць цялеснай жадою, бязулствам ледзь уцеклых ад ходзячых у ваблудзе;
19 Абяцаюць ім свабоду, прымеж тога яны самы нявольнікі папсаванасьці; бо хто кім пераможаны, тый таму й нявольнік.
20 Бо, калі, уцекшы ад брыды сьвету супоўным знацьцём Спадара а Спаса Ісуса Хрыста, ізноў блытаюцца ў ёй і перамагаюцца ёю, дык апошняе становіцца горшае за першае.
21 Валей бы ім не пазнаць дарогі справядлівасьці, чымся, супоўна пазнаўшы, адвярнуцца ад паданага ім сьвятога расказаньня.
22 Але ім прыгадзілася подле праўдзівае прыказі: сабака зварачаецца да варацакаў сваіх, і памытая сьвіньня качаецца ў балоце.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другі суборны ліст сьвятога Пётры апостала, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.