Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

2 Пётры 2 Другое Пётры 2 разьдзел

1 Былі ж у народзе хвальшывыя прарокі, як і ў вас будуць хвальшывыя вучыцялі, якія ўвядуць згубныя гарэзіі і адкідаючы адкупіўшага іх Госпада і наклікаючы на сябе няўзабаўную пагібель.
2 І многія пойдуць за імі на пагібель, з-за каторых шлях праўды будзе зганьбаваны,
3 і ў прагавітасьці будуць яны падкупляць вас прытворнымі словамі; суд іх ня марудзіць, і загуба іх ня дрэмле.
4 Бо калі Бог ангелаў саграшыўшых ня пашкадаваў, але ў путах цемры кíнуўшы ў тартар аддаў захоўваць (іх) для суда,
5 і (калі) ня пашкадаваў старога сьвету, але ў васьмёх (ду́шах) захаваў Ноя, апавяда́льніка пра́веднасьці, навёўшы патоп на сьвет бязбожных;
6 і калі месты Садома і Гаморры абярнуўшы ў попел засудзíў на зьнішчэньне, паказаўшы прыклад бу́дучым бязбожнікам;
7 а праведнага Лота, прыгнятаемага бяззаконьнікамі цераз распутства (іхных) паводзінаў, выбавіў:
8 бо гэты праведнік, жывучы сярод іх, дзень у дзень мучыўся праведнай душой, чуючы і бачучы (іхныя) бяззаконныя ўчынкі;
9 (дык) ведае Госпад, як збаўляць на́бажных ад спакушэньня, а бяззаконьнікаў — захоўваць на дзень суда дзеля пакараньня,
10 асабліва ж тых, якія ідуць усьлед за плоцьцю у пажа́длівасьці нячысьцінí ды пагарджаюць уладу, якія дзёрзкія, свавольныя, і ня баяцца ліхасловіць шаноўных (царкоўныя ўлады)
11 тады (як і) Ангелы, зьяўляючыся большымі за іх паўнамоцтвамі і сілай, ня прыносяць супраць іх перад Госпадам дакараючага суда.
12 Яны ж як няразумныя прыродныя жывёлы, народжаныя на ўлоў і забой, ліхасловяць тое, чаго ня разумеюць, (і) у тленьні сваім зьнíшчаны будуць.
13 Яны атрымаюць адплату за няправеднасьць, (бо) яны знаходзяць суцяшэньне ў штодзённай раскошы; сораматнікі і паскуднікі, (яны) асалоду знаходзяць у ашуканствах сваіх, застольнічаючы разам з вамі;
14 вочы маюць поўныя чужалоства і нясупыннага грэху; яны душы няцьвёрдыя ўлаўліваюць; яны маюць сэрца прывучанае да сква́пнасьці, гэта сыны праклёну.
15 Пакінуўшы правільны шлях, яны зблудзíлі, пайшоўшы шляхам Балаама, (сына) Басора, які палюбіў адплату няправеднасьці.
16 Дакор жа атрымаў у сваім бяззаконьні: бязмоўная асьліца, прагаварыўшы голасам чалавека, спыніла няразважлівасьць гэтага прарока.
17 Яны ёсьць крыніцы бязводныя, аблокі, бу́рай гнаныя, каторым цямнота цемры навек прыгатавана.
18 Бо, прамаўляючы надзьмутымі і пустымі словамі, яны ўлаўляюць пажаданьнямі цела і распустаю тых, хто сапраўды ўцёк ад (яшчэ) знаходзячыхся ў заблуджэньні:
19 яны суляць ім свабоду, самі зьяўляючыся рабамі тлэньня. Бо хто кім пераможаны, той (таму) і раб.
20 Бо калі, уцёкшы ад брыдотаў сьвету праз пазнаньне Госпада і Збаўцы (нашага) Ісуса Хрыста ізноў, заблытаўшыся, паддаюцца ім, дык апошняе такім сталася горш першага.
21 Бо лепей было (бы) ім ня пазнаць шляху праведнасьці, чым, пазнаўшы, адвярнуцца ад пераданага ім сьвятога прыказаньня.
22 Але зь імі сталася паводля справядлівай прыказкі: сабака вярнуўся да рыготаў сваіх, а вымытая сьвіньня — да валяньня ў гразі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другое саборнае Пасланьне Апостала Пётры, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020