2 Пятра 2 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Былі й ілжэпрарокі ў народзе, як і ў вас будуць ілжэнастаўнікі, якія ўвядуць згубныя ерасі, і адракаючыся ад Госпада, Які адкупіў іх, навядуць самі на сябе неўзабаўную пагібель.
Былі й хвальшывыя прарокі сярод люду, як і запраўды сярод вас будуць хвальшывыя вучыцелі, каторыя патай увядуць згубныя гэрасі і Спадара, Каторы іх выкупіў, адракуцца, прыводзячы самы на сябе борздую загубу.
І многія пасьледуюць іхняй распусьце, і празь іх шлях праўды будзе зьняважаны.
І шмат пойдзе за распустаю іхнаю, ад чаго дарога праўды будзе блявузґана.
І ў любазьдзірстве будуць лавіць вас лісьлівымі словамі; суд ім даўно гатовы і пагібель іхняя ня дрэмле.
І з прагавітасьці будуць таргаваць вамі выдуманымі словамі, каторых суд ня длякаецца, і загуба іхная ня дрэме.
Бо калі Бог анёлаў нашых ня літаваў, а, павязаўшы кайданамі пякельнага мораку, перадаў захаваць іх суду на пакараньне,
Бо калі ангілаў, што ізграшылі, Бог не пашчаджаў, але ў зялезах цямноты, ськінуўшы да тартару, аддаў дзяржаць да суду;
і калі не пашкадаваў першага сьвету, а ў васьмі душах захаваў сям’ю Ноя, вястуна праўды, калі навёў патоп на сьвет бязбожных;
І не пашчаджаў старога сьвету, але захаваў Ноя сама восьмага, казаньніка справядлівасьці, навёўшы патопу на сьвет бязбожных;
і калі гарады Садомскія і Гаморскія, асудзіўшы на вынішчэньне, абярнуў у попел, паказаўшы прыклад будучым бязбожнікам,
І калі месты садомскія а ґоморскія абярнуў у попел, засудзіў на абурэньне, даўшы прыклад тым, што жылі б бязбожным жыцьцём;
а праведнага Лота, стомленага адносінамі паміж людзьмі шалёна разбэшчанымі, выбавіў,
А справядлівага Лота, стамаванага паступкам самадыйных бязуляў, выбавіў, —
бо гэты праведнік, жывучы сярод іх, кожны дзень мучыўся ў справядлівай душы, бачачы і чуючы справы беззаконныя, —
Бо гэты справядлівы, жывучы памеж іх, дзень у дзень мучыўся ў справядлівай душы, бачачы й чуючы ўчынкі бяспраўныя, —
дык, вядома, ведае Гасподзь, як асланяць пабожных ад спакусы, а беззаконцаў захаваць да дня суднага, на пакараньне,
Дык ведае Спадар, як выбаўляць набожных ад спакусаў і дзяржаць несправядлівых да дня суду, дзеля пакараньня,
а асабліва тых, якія ідуць па сьледзе брудных пахацінстваў плоці, пагарджаюць уладамі, дзёрзкія, самавольнікі, і не баяцца ліхасловіць вышэйшых,
І асабліва тых, што ходзяць за целам у нячыстай жадзе і грэбуюць уладаю, гарэзныя, самадыйныя і не баяцца блявузґаць на славутых,
тым часам як анёлы, большыя за іх моцай і сілай, не нясуць на іх да Госпада дакорлівай асуды.
Калі ангілы, вялікшыя моцай а магутнасьцяй, ня выносяць на іх перад Спадаром блявузґальнага.
Яны, як бязмоўныя жывёлы, якіх водзіць іхняя прырода, народжаныя на ўпаляваньне і вынішчэньне, ліхасловячы тое, чаго не разумеюць, у разбэшчанасьці сваёй вынішчацца;
Гэтыя ж, як неразумная жывёла прыроды, зроджаная на лаўбу а расклад, блявузґаючы на тое, чаго не разумеюць, у папсаванасьці сваёй запраўды папсуюцца;
яны атрымаюць помсту за беззаконьне: бо яны бачаць асалоду ў штодзённай распусьце; паганьбенцы і паскуднікі, яны цешацца з ашукаў сваіх, банкетуючы з вамі;
Яны адзяржаць адплату несправядлівасьці. Яны кажнадзеннае бязулства маюць за прыемнасьць, самы пляма а ганьба, маюць любату ў сваіх ашуках, гасьцюючы з вамі.
вочы ў іх поўныя юру і няспыннага грэху; яны вабяць нямоцныя душы; сэрца ў іх прывучана да любазьдзірства: гэта — сыны пракляцьця;
Вочы ў іх поўныя чужалоства і не астаюцца ад грэху, надзячы неўмацаваныя душы, маючы сэрца навытыранае да гальлівасьці, сынове праклёну.
пакінуўшы простую дарогу, яны заблудзіліся і пайшлі па сьлядах Валаама, сына Васоравага, які палюбіў плату несправядлівую,
Пакінуўшы простую дарогу, яны заблудзілі, ідучы дарогаю Валаама Восоронка, што ўлюбіў заплату несправядлівасьці,
але быў выкрыты ў сваім беззаконьні: нямая асьліца, загаварыўшы чалавечым голасам, спыніла безгалоўе прарока.
Але меў ган за сваю нягоднасьць: немая асьліца, прамовіўшы людзкім голасам, спыніла дурноту прарокі.
Гэта — бязводныя крыніцы, хмары і туманы, гнаныя бураю: ім падрыхтаваны морак вечнай цемрадзі.
Гэта — бязводныя жаролы, булакі, гнаныя бураю, каторым цемрадзь цямноты прыгатавана на векі.
Бо, прамаўляючы пыхлівае пустаслоўе, яны надзяць пажадаю цела і распустаю тых, што ледзьве ўцяклі ад замарочаных аблудаю;
Бо, гукаючы вялікія, гарынныя словы марнасьці, яны надзяць цялеснай жадою, бязулствам ледзь уцеклых ад ходзячых у ваблудзе;
абяцаюць ім свабоду, а самыя рабы тленьня; бо, хто кім пераможаны, той таму і раб.
Абяцаюць ім свабоду, прымеж тога яны самы нявольнікі папсаванасьці; бо хто кім пераможаны, тый таму й нявольнік.
Бо, калі, унікнуўшы нечысьці сьвету праз спазнаньне Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, зноў заблытваюцца ў іх і перамагаюцца імі, дык апошняе для такіх бывае горш за першае.
Бо, калі, уцекшы ад брыды сьвету супоўным знацьцём Спадара а Спаса Ісуса Хрыста, ізноў блытаюцца ў ёй і перамагаюцца ёю, дык апошняе становіцца горшае за першае.
Лепей бы ім не спазнаць дарогі праўды, чым, спазнаўшы, вярнуцца назад ад перададзенай ім сьвятой запаведзі.
Валей бы ім не пазнаць дарогі справядлівасьці, чымся, супоўна пазнаўшы, адвярнуцца ад паданага ім сьвятога расказаньня.
Бо здараецца зь імі як у той праўдзівай прымаўцы: сабака вяртаецца на ваніты свае, і: памытая сьвіньня ідзе качацца ў балоце.
Але ім прыгадзілася подле праўдзівае прыказі: сабака зварачаецца да варацакаў сваіх, і памытая сьвіньня качаецца ў балоце.