2 Пятра 2 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча
Былі-ж і фальшывыя прарокі ў народзе, як і ў вас будуць фальшывыя вучыцялі, якія ўвядуць згубныя гэрэзіі і, адцураўшыся адкупіўшага іх Госпада, сьцягнуць самі на сябе́ хуткую загубу.
Былі й хвальшывыя прарокі сярод люду, як і запраўды сярод вас будуць хвальшывыя вучыцелі, каторыя патай увядуць згубныя гэрасі і Спадара, Каторы іх выкупіў, адракуцца, прыводзячы самы на сябе борздую загубу.
І многія пойдуць сьле́дам за імі да загубы, і праз іх шлях праўды зьняважа́ны будзе.
І шмат пойдзе за распустаю іхнаю, ад чаго дарога праўды будзе блявузґана.
І дзеля імкне́ньня да зыску будуць яны вас лавіць лісьлівымі словамі; суд ім даўно гатовы, і загуба іх ня дрэмле,
І з прагавітасьці будуць таргаваць вамі выдуманымі словамі, каторых суд ня длякаецца, і загуба іхная ня дрэме.
Бо калі не дараваў Бог ангелам, якія саграшылі, але, кінуўшы ў путы це́мры пяке́льнае, аддаў закаваць іх на суд;
Бо калі ангілаў, што ізграшылі, Бог не пашчаджаў, але ў зялезах цямноты, ськінуўшы да тартару, аддаў дзяржаць да суду;
і калі не пашкадаваў пе́ршага сьве́ту, але ў васьмёх душах захаваў Ноя, апавядальніка праўды, як навёў быў патоп на сьве́т паганых;
І не пашчаджаў старога сьвету, але захаваў Ноя сама восьмага, казаньніка справядлівасьці, навёўшы патопу на сьвет бязбожных;
і калі ме́сты Садомскія й Гаморскія, засудзіўшы на зьнішчэньне, абярнуў у попел, як прыклад для будучых бязбожнікаў,
І калі месты садомскія а ґоморскія абярнуў у попел, засудзіў на абурэньне, даўшы прыклад тым, што жылі б бязбожным жыцьцём;
а пра́веднага Лота, стомленага распусным жыцьцём між людзьмі бязбожнымі, выбавіў, —
А справядлівага Лота, стамаванага паступкам самадыйных бязуляў, выбавіў, —
(бо гэты праведнік, жывучы між імі, з дня ў дзе́нь мучыў справядлівую душу сваю, бачучы і чуючы ўчынкі беззаконныя), —
Бо гэты справядлівы, жывучы памеж іх, дзень у дзень мучыўся ў справядлівай душы, бачачы й чуючы ўчынкі бяспраўныя, —
дык ве́дае Госпад, як збаўляць пабожных ад спакушэньня, а няправедных захоўваць на дзе́нь суда дзеля пакараньня,
Дык ведае Спадар, як выбаўляць набожных ад спакусаў і дзяржаць несправядлівых да дня суду, дзеля пакараньня,
найбале́й жа тых, якія йдуць за це́лам у нячыстых пажаданьнях ды не паважаюць начальства; якія дзёрзкія, сваявольныя й не баяцца абмаўляць вышэйшых,
І асабліва тых, што ходзяць за целам у нячыстай жадзе і грэбуюць уладаю, гарэзныя, самадыйныя і не баяцца блявузґаць на славутых,
тады як і Ангелы, большыя за іх моцаю й сілаю, ня выносяць на іх перад Госпадам дакараючага суда.
Калі ангілы, вялікшыя моцай а магутнасьцяй, ня выносяць на іх перад Спадаром блявузґальнага.
Яны, як бязмоўныя жывёлы прыродныя, народжаныя на ловы й убой, лаюць тое, чаго не разуме́юць, і ў тле́ньні сваім вынішчаны будуць,
Гэтыя ж, як неразумная жывёла прыроды, зроджаная на лаўбу а расклад, блявузґаючы на тое, чаго не разумеюць, у папсаванасьці сваёй запраўды папсуюцца;
і заплату дастануць за няпраўду. Бо за шчасьце лічаць яны штодзе́нныя раскошы; со́раматнікі й паскуднікі, яны асалоду знаходзяць у ашуканствах сваіх, банкетуючы з вамі;
Яны адзяржаць адплату несправядлівасьці. Яны кажнадзеннае бязулства маюць за прыемнасьць, самы пляма а ганьба, маюць любату ў сваіх ашуках, гасьцюючы з вамі.
вочы маюць поўныя юрнасьці й нясупыннага грэху; яны душы няцьвёрдыя прывабліваюць; яны маюць сэрцы, прывучаныя да нажывы: гэта сыны праклёну.
Вочы ў іх поўныя чужалоства і не астаюцца ад грэху, надзячы неўмацаваныя душы, маючы сэрца навытыранае да гальлівасьці, сынове праклёну.
Пакінуўшы праведны шлях, яны зблудзілі, пайшоўшы па сьлядох Валаама, сына Васо́равага, што палюбіў заплату няправедную;
Пакінуўшы простую дарогу, яны заблудзілі, ідучы дарогаю Валаама Восоронка, што ўлюбіў заплату несправядлівасьці,
ён быў пакараны за сваё беззаконьне: бязмоўная асьліца, прагаварыўшы чалаве́чым голасам, затрымала шал прарока.
Але меў ган за сваю нягоднасьць: немая асьліца, прамовіўшы людзкім голасам, спыніла дурноту прарокі.
Гэта крыніцы бязводныя, аблокі, бурай ганяныя: для іх це́мра чорная наве́кі прыгатована.
Гэта — бязводныя жаролы, булакі, гнаныя бураю, каторым цемрадзь цямноты прыгатавана на векі.
Бо, прамаўляючы надзьмутымі й пустымі словамі, яны прынаджываюць пажаданьнямі це́ла й распустаю тых, хто ле́дзь толькі ўцёк ад зблудзіўшых;
Бо, гукаючы вялікія, гарынныя словы марнасьці, яны надзяць цялеснай жадою, бязулствам ледзь уцеклых ад ходзячых у ваблудзе;
яны суляць ім свабоду, а самі яны — рабы тле́ньня, бо хто кім пераможаны, той таму й раб.
Абяцаюць ім свабоду, прымеж тога яны самы нявольнікі папсаванасьці; бо хто кім пераможаны, тый таму й нявольнік.
Бо, уцёкшы ад по́шкудзі сьве́ту праз пазнаньне Госпада і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста, ізноў, заблутаўшыся, паддаюцца ёй, дык апошяе для іх горш за пе́ршае:
Бо, калі, уцекшы ад брыды сьвету супоўным знацьцём Спадара а Спаса Ісуса Хрыста, ізноў блытаюцца ў ёй і перамагаюцца ёю, дык апошняе становіцца горшае за першае.
бо ле́пей бы ім не пазнаць шляху праўды, чым, пазнаўшы, адвярнуцца ад пераданае ім сьвятое за́паведзі.
Валей бы ім не пазнаць дарогі справядлівасьці, чымся, супоўна пазнаўшы, адвярнуцца ад паданага ім сьвятога расказаньня.
Бо з імі сталася паводле справядлівай прыказкі: сабака варочаецца да бляво́ціны свае́й, а вымытая сьвіньня — валяцца ў брудзе.
Але ім прыгадзілася подле праўдзівае прыказі: сабака зварачаецца да варацакаў сваіх, і памытая сьвіньня качаецца ў балоце.