2 Пятра 2 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Былі ж у народзе і фальшывыя прарокі, як і ў вас бываюць настаўнікі-ашуканцы, якія ўцягваюць у згубныя герэзіі і, адцураўшыся Таго Валадара, Які іх адкупіў, рыхтуюць самі сабе скорую загубу.
Былі й хвальшывыя прарокі сярод люду, як і запраўды сярод вас будуць хвальшывыя вучыцелі, каторыя патай увядуць згубныя гэрасі і Спадара, Каторы іх выкупіў, адракуцца, прыводзячы самы на сябе борздую загубу.
І многія пойдуць слядамі іх распусты, і дарога праўды з-за іх знеслаўляцца будзе.
І шмат пойдзе за распустаю іхнаю, ад чаго дарога праўды будзе блявузґана.
І яны ў хцівасці будуць лавіць вас ілжывымі словамі, але прысуд на іх даўно гатовы, і згуба іх не дрэмле.
І з прагавітасьці будуць таргаваць вамі выдуманымі словамі, каторых суд ня длякаецца, і загуба іхная ня дрэме.
Бо калі зграшыўшых анёлаў Бог не пашкадаваў, але, звязаўшы путамі пякельнай цемры, аддаў захаваць на суд;
Бо калі ангілаў, што ізграшылі, Бог не пашчаджаў, але ў зялезах цямноты, ськінуўшы да тартару, аддаў дзяржаць да суду;
і калі не пашкадаваў першага свету, а ўхаваў толькі васьмярых з Ноем, прапаведнікам справядлівасці, наводзячы патоп на бязбожны свет;
І не пашчаджаў старога сьвету, але захаваў Ноя сама восьмага, казаньніка справядлівасьці, навёўшы патопу на сьвет бязбожных;
таксама гарады Садом і Гамору, ператварыўшы ў попел, асудзіў на згубу, даючы прыклад кары для тых, што будуць бязбожнымі ў будучыні,
І калі месты садомскія а ґоморскія абярнуў у попел, засудзіў на абурэньне, даўшы прыклад тым, што жылі б бязбожным жыцьцём;
і выратаваў справядлівага Лота, прыгнятаемага распуснымі паводзінамі нягоднікаў, —
А справядлівага Лота, стамаванага паступкам самадыйных бязуляў, выбавіў, —
бо гэты справядлівы, пражываючы сярод іх, з дня на дзень пакутваў сваёй справядлівай душою ад іх бязбожных учынкаў, каторыя бачыў і аб каторых чуў, —
Бо гэты справядлівы, жывучы памеж іх, дзень у дзень мучыўся ў справядлівай душы, бачачы й чуючы ўчынкі бяспраўныя, —
дык ведае Госпад, як пабожных выратаваць ад спакушэння, а несправядлівых захаваць на пакаранне ў дзень суда,
Дык ведае Спадар, як выбаўляць набожных ад спакусаў і дзяржаць несправядлівых да дня суду, дзеля пакараньня,
а перад усім тых, што ідуць за целам у нячыстай пажадлівасці і пагарджаюць начальствам; нахабнікаў, пыхліўцаў, што не баяцца блюзніць на вышэйшых,
І асабліва тых, што ходзяць за целам у нячыстай жадзе і грэбуюць уладаю, гарэзныя, самадыйныя і не баяцца блявузґаць на славутых,
у той час як анёлы, большыя за іх сілай і магутнасцю, не выносяць перад Госпадам зневажальнага суду.
Калі ангілы, вялікшыя моцай а магутнасьцяй, ня выносяць на іх перад Спадаром блявузґальнага.
Яны, як неразумныя жывёлы, што прызначаны з натуры сваёй на злаўленне і знішчэнне, блюзняць на тое, чаго не разумеюць, ды ў псаванні сваім будуць знішчаны,
Гэтыя ж, як неразумная жывёла прыроды, зроджаная на лаўбу а расклад, блявузґаючы на тое, чаго не разумеюць, у папсаванасьці сваёй запраўды папсуюцца;
яны атрымаюць плату за несправядлівасць. За асалоду ўважаюць штодзённую раскошу; сараматнікі і агіднікі, асалоду знаходзяць у распуснасці сваёй, банкетуючы з вамі.
Яны адзяржаць адплату несправядлівасьці. Яны кажнадзеннае бязулства маюць за прыемнасьць, самы пляма а ганьба, маюць любату ў сваіх ашуках, гасьцюючы з вамі.
Вочы іх поўныя чужаложства і няспыннага граху, зводзяць яны душы хісткія; сэрцы іх апанаваны хцівасцю, яны — дзеці праклёну;
Вочы ў іх поўныя чужалоства і не астаюцца ад грэху, надзячы неўмацаваныя душы, маючы сэрца навытыранае да гальлівасьці, сынове праклёну.
сышоўшы з простага шляху, заблукалі ды пайшлі дарогай Балаама Басорава, які ўзлюбіў плату за несправядлівасць,
Пакінуўшы простую дарогу, яны заблудзілі, ідучы дарогаю Валаама Восоронка, што ўлюбіў заплату несправядлівасьці,
але быў выкрыты ў сваім беззаконні: пад’ярэмная жывёла, нямая, прамовіўшы чалавечым голасам, стрымала неразумнасць прарока.
Але меў ган за сваю нягоднасьць: немая асьліца, прамовіўшы людзкім голасам, спыніла дурноту прарокі.
Яны — крыніцы без вады, воблакі, бураю гнаныя, якія чакае туман цемры на векі.
Гэта — бязводныя жаролы, булакі, гнаныя бураю, каторым цемрадзь цямноты прыгатавана на векі.
Пыхліва і марна гаворачы, яны прывабліваюць да пажадлівасці цялеснай і распусты тых, хто ледзь уцёк ад жывучых у аблудзе;
Бо, гукаючы вялікія, гарынныя словы марнасьці, яны надзяць цялеснай жадою, бязулствам ледзь уцеклых ад ходзячых у ваблудзе;
абяцаюць ім свабоду, а самі — нявольнікі псавання; бо хто кім пераможаны, той таго і нявольнік.
Абяцаюць ім свабоду, прымеж тога яны самы нявольнікі папсаванасьці; бо хто кім пераможаны, тый таму й нявольнік.
Бо калі, пазбегнуўшы брыдот свету праз пазнанне Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста, але зноў заблытаўшыся ў іх, імі перамагаюцца, дык апошняе зрабілася ім горшым за першае.
Бо, калі, уцекшы ад брыды сьвету супоўным знацьцём Спадара а Спаса Ісуса Хрыста, ізноў блытаюцца ў ёй і перамагаюцца ёю, дык апошняе становіцца горшае за першае.
Лепш было б ім дарогі справядлівасці не ведаць, чым, пазнаўшы, адвярнуцца назад ад дадзенага ім святога прыказання.
Валей бы ім не пазнаць дарогі справядлівасьці, чымся, супоўна пазнаўшы, адвярнуцца ад паданага ім сьвятога расказаньня.
Споўнілася бо на іх тое, аб чым слушна кажа прыказка: «Сабака вярнуўся да сваіх рыготаў, а свіння памытая — да качання ў брудзе».
Але ім прыгадзілася подле праўдзівае прыказі: сабака зварачаецца да варацакаў сваіх, і памытая сьвіньня качаецца ў балоце.