Да Галятаў 4 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi
Яшчэ скажу: спадкаемец, пакуль у маленстве, нічым не адрозьніваецца ад раба, хоць і гаспадар усяго:
Але я кажу: спадкаемец, пакуль ён непаўналетні, нічым не адрозніваецца ад раба, хоць ён і гаспадар усяго,
ён пад апекунамі і кіраўнікамі аж да часу вызначанага бацькам.
але знаходзіцца пад апекунамі і домакіраўнікамі да часу, вызначанага бацькам.
Гэтак і мы, пакуль былі ў маленстве, былі паняволеныя рэчавым пачаткам сьвету;
Так і мы, калі былі дзецьмі, былі ў нявольніцтве ў стыхій свету;
але калі споўніўся час, Бог паслаў Сына Свайго (Адзінароднага), Які нарадзіўся ад жанчыны і хадзіў пад законам,
але прыйшла паўната часу, Бог паслаў Свайго Сына, Які нарадзіўся ад жанчыны, нарадзіўся пад законам,
каб адкупіць падзаконных, каб нам атрымаць усынаўленьне.
каб Ён выкупіў падзаконных, каб мы атрымалі ўсынаўленне.
А як што вы — сыны, дык Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, Які ўсклікае: «Абба, Войча!»
А таму што вы — сыны, то Бог паслаў у нашы4 сэрцы Духа Свайго Сына, які ўсклікае: Авва, Татухна!
Таму ты ўжо ня раб, а сын; а калі сын, дык і спадкаемец Божы празь Ісуса Хрыста.
Так што ты ўжо не раб, а сын; а калі сын, то і нашчадак праз Бога5.
Але тады, ня ведаючы Бога, вы служылі божышчам, якія па сутнасьці не багі;
Але тады, не ведаючы Бога, вы былі ў рабстве ў тых, хто з прыроды не багі.
а сёньня, уведаўшы Бога, альбо лепей, атрымаўшы пазнаньне ад Бога, навошта вяртаецеся зноў да бясьсілых і ўбогіх матар’яльных пачаткаў, і хочаце яшчэ зноў падняволіцца ім?
Цяпер жа, пазнаўшы Бога, ці хутчэй, пазнаныя Богам, як жа вы зноў вяртаецеся да слабых і бедных стыхій, якім зноў нанова хочаце аддацца ў рабства?
Вы пільна зважаеце на дні, месяцы, поры і гады.
Вы прытрымліваецеся дзён, месяцаў, пораў і гадоў.
Баюся за вас, ці ня марна я працаваў у вас.
Баюся за вас, ці не марна я працаваў у вас.
Прашу вас, браты, будзьце, як я, таму што і я, як вы. Вы нічым не пакрыўдзілі мяне:
Будзьце як я; бо і я, як вы; браты, малю вас; вы мяне нічым не пакрыўдзілі;
ведаеце, што, хоць я ў нядужай плоці зьвеставаў вам першы раз,
і вы ведаеце, што я ў немачы цела добравесціў вам першы раз;
але вы не пагардзілі спакушэньня майго ў плоці маёй і не пагрэбавалі мною, а прынялі мяне, як анёла Божага, як Хрыста Ісуса.
і тым, што было ў маім целе выпрабаваннем для вас, вы не пагарджалі і не адкінулі з грэбаваннем, а як Анёла Божага прынялі мяне, як Хрыста Ісуса.
Якія вы былі дабрашчасныя! Сьведчу пра вас, што, калі б можна было, вы б вырвалі вочы свае і аддалі мне.
Дык дзе ж тое шчасце ваша? Бо я сведчу вам, што, калі б было можна, вы вырвалі б вочы свае і далі б мне.
І вось, няўжо я стаўся ворагам вашым, кажучы вам праўду?
Так ці зрабіўся я вашым ворагам, кажучы вам праўду?
Рупяцца за вас нячыста, і хочуць вас адвярнуць, каб вы рупіліся пра іх.
Тыя рупяцца пра вас не з добрых намераў, а хочуць вас адлучыць, каб вы рупіліся аб іх.
Добра рупіцца ў добрым заўсёды, а не ў маёй толькі прысутнасьці ў вас.
Добра ж рупіцца аб добрым заўсёды, а не толькі тады, калі я знаходжуся ў вас.
Дзеці мае! я зноў дзеля вас у пакутах народзінаў, пакуль вобраз Хрыста ня выявіцца ў вас.
Дзеці мае, якіх я зноў у пакутах нараджаю, пакуль не выявіцца ў вас Хрыстос;
Хацеў бы я цяпер быць у вас і зьмяніць голас мой, бо я ў недаўменьні пра вас.
я хацеў бы цяпер быць у вас і змяніць мой голас, таму што я не магу зразумець вас.
Скажэце мне вы, хто хоча быць пад законам: хіба вы ня слухаецеся закона?
Скажыце мне тыя, хто хоча быць пад законам, ці ж вы не чуеце закона?
Бо напісана: «Абрагам меў двух сыноў, аднаго ад рабыні, а другога ад вольнай».
Бо напісана, што ў Аўраама было два сыны: адзін ад служанкі і адзін ад вольнай.
Але які рабыніч, той народжаны па плоці; а які ад вольнай, той па абяцаньні.
Але той, што ад служанкі, быў народжаны паводле цела, а той, што ад вольнай, — праз абяцанне.
У гэтым ёсьць іншы сэнс. Гэта два запаветы: адзін ад гары Сінайскай, які родзіць на рабства, які ёсьць Агар,
У гэтым ёсць іншасказанне: бо гэта два запаветы, адзін — ад гары Сінай, што нараджае дзяцей для рабства, гэта Гагар.
бо Агар азначае гару Сінай у Аравіі і адпавядае цяперашняму Ерусаліму, бо ён зь дзецьмі сваімі ў рабстве;
Гагар жа ёсць гара Сінай у Аравіі; і адпавядае яна цяперашняму Іерусаліму, бо ён у рабстве са сваімі дзецьмі.
а вышэйшы Ерусалім вольны: Ён — маці ўсім нам.
А вышні Іерусалім вольны, гэта наша6 маці;
Бо напісана: «узьвесяліся, няплодная, ты, што ня родзіш; усклікні і гукні, ты, што ня мучылася ў родах; бо ў пакінутай куды болей дзяцей, чым у той, што мае мужа».
бо напісана: «Узвесяліся, бясплодная, якая не нараджала, усклікні і закрычы, якая не пакутавала родамі, бо шмат дзяцей у адзінокай, а не ў той, якая мае мужа».
Мы, браты, дзеці абяцаньня, як Ісаак.
Вы ж, браты, — дзеці абяцання, як Ісаак.
Але як тады народжаны ад плоці гнаў таго, хто ад Духа, так і сёньня.
Але як тады народжаны паводле цела гнаў таго, хто ад Духу, так і цяпер.
Што ж кажа Пісаньне? «Выгані рабыню і сына яе, бо сын рабыніч не спадчыньніць разам з сынам вольнае».
Але што кажа Пісанне?: «Выгані служанку і яе сына; бо ў ніякім разе сын служанкі не будзе спадкаемцам разам з сынам вольнай».
Таму, браты, мы дзеці не рабыні, а вольнай.
Таму, браты, мы дзеці не служанкі, а вольнай.