Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Да Філіпійцаў 3 Да Філіпійцаў 3 разьдзел

1 Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам тое самае для мяне не цяжка, а вас засцеражэ ад небяспекі.
2 асцерагайцеся сабак2, асцерагайцеся ліхіх работнікаў, асцерагайцеся абразання.
3 Бо мы — абразанне, тыя, хто служыць духу Бога3 і хваліцца Ісусам Хрыстом, а не на цела мае надзею,
4 хоць я маю упэўненасць і ў целе. Калі хто іншы думае, што ён упэўнены ў целе, то я — тым болей:
5 абрэзаны ў восьмы дзень, з роду Ізраілевага, племя Веніямінавага, яўрэй, народжаны ад яўрэяў, паводле закона — фарысей,
6 праз запал свой — гнаў Царкву [Бога], што да праведнасці паводле закона — стаў беззаганны.
7 Але тое, што было для мяне набыткам, гэта палічыў марнасцю дзеля Хрыста.
8 І, вядома, я лічу, што ўсё ёсць марнасць і перавышаецца пазнаннем Хрыста Ісуса, майго Госпада, дзеля Якога я ва ўсім пацярпеў страту і ўсё лічу за смецце, толькі б здабыць Хрыста
9 і быць знойдзеным у Ім, маючы не сваю праведнасць, якая ад закона, а тую, якая праз веру ў Хрыста, праведнасць, якая ад Бога на падставе веры,
10 каб пазнаць Яго, і сілу Яго ўваскрэсення, і ўдзел у Яго пакутах, прыпадабняючыся да Яго смерці,
11 ці не дасягну як-небудзь уваскрэсення з мёртвых.
12 Не таму, што я ўжо дасягнуў, ці ўжо ўдасканаліўся, але я імкнуся, ці яшчэ не авалодаю тым, чым і авалодаў мною Хрыстос Ісус.
13 Браты, я не лічу, што сам я авалодаў; але адно раблю: забываючы тое, што ззаду і парываючыся да таго, што наперадзе,
14 імкнуся да мэты па ўзнагароду, да якой Бог у Хрысце Ісусе паклікаў мяне ўгару.
15 Дык усе тыя, хто дасканалы, давайце будзем думаць так; а калі вы ў нечым думаеце інакш, то і гэта Бог вам адкрые.
16 Але чаго мы дасягнулі, так і павінны думаць і паводле таго правіла жыць.
17 Пераймайце, браты, мяне і глядзіце на тых, хто жыве паводле ўзору, які вы маеце ў нас.
18 Бо многія, пра якіх я часта казаў вам, а цяпер і, плачучы, кажу, жывуць як ворагі крыжа Хрыстовага;
19 іх канец — пагібель, іх бог — чэрава, а іх слава — у іх ганьбе; яны думаюць толькі пра зямное.
20 Бо наша жыхарства ў нябёсах, адкуль і чакаем мы Збаўцу, Госпада Ісуса Хрыста,
21 Які ператворыць цела нашага прыніжэння, каб яно прыпадобнілася да цела Яго Славы, тою дзейнай сілаю, якою Ён адолеў і падпарадкаваў Сабе ўсё.

Каментары ці зноскі:

2 2: Г. зн. бессаромных, нахабных.
3 3: У некат. рукап.: духам Богу.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Філіпійцаў, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014