Да Піліпянаў 3 разьдзел
Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi
У астатнім, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам пра гэта самае мне ня цяжка, а вам карысна.
Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам тое самае для мяне не цяжка, а вас засцеражэ ад небяспекі.
Пільнуйцеся ад сабак, пільнуйцеся ад ліхіх дзеячаў, пільнуйцеся ад абразаньня;
асцерагайцеся сабак2, асцерагайцеся ліхіх работнікаў, асцерагайцеся абразання.
бо абразаньне — мы, калі служым Богу духам і хвалімся Хрыстом Ісусам, і не на плоць спадзяёмся;
Бо мы — абразанне, тыя, хто служыць духу Бога3 і хваліцца Ісусам Хрыстом, а не на цела мае надзею,
хоць я магу спадзявацца і на плоць. Калі хто іншы думае пакласьціся на плоць, дык тым болей я,
хоць я маю упэўненасць і ў целе. Калі хто іншы думае, што ён упэўнены ў целе, то я — тым болей:
абрэзаны на восьмы дзень, з роду Ізраілевага, калена Веньямінавага, Габрэй ад Габрэяў, паводле закона — фарысэй,
абрэзаны ў восьмы дзень, з роду Ізраілевага, племя Веніямінавага, яўрэй, народжаны ад яўрэяў, паводле закона — фарысей,
а ў руплівасьці — ганіцель царквы Божай, па праўдзе закона — беззаганны.
праз запал свой — гнаў Царкву [Бога], што да праведнасці паводле закона — стаў беззаганны.
Але што мне было перавагаю, тое дзеля Хрыста я палічыў марнасьцю.
Але тое, што было для мяне набыткам, гэта палічыў марнасцю дзеля Хрыста.
Ды і ўсё лічу марнасьцю дзеля перавагі пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго: дзеля Яго я ад усяго адмовіўся, і ўсё лічу сьмецьцем, каб здабыць Хрыста,
І, вядома, я лічу, што ўсё ёсць марнасць і перавышаецца пазнаннем Хрыста Ісуса, майго Госпада, дзеля Якога я ва ўсім пацярпеў страту і ўсё лічу за смецце, толькі б здабыць Хрыста
і знайсьці сябе ў Ім не з маёю праведнасьцю, якая ад закона, а з тою, якая празь веру ў Хрыста, з праведнасьцю ад Бога па веры;
і быць знойдзеным у Ім, маючы не сваю праведнасць, якая ад закона, а тую, якая праз веру ў Хрыста, праведнасць, якая ад Бога на падставе веры,
каб спазнаць Яго, і сілу ўваскрэсеньня Ягонага, і мець удзел у пакутах Ягоных, прыпадобніцца да Яго ў сьмерці,
каб пазнаць Яго, і сілу Яго ўваскрэсення, і ўдзел у Яго пакутах, прыпадабняючыся да Яго смерці,
каб дасягнуць уваскрэсеньня зь мёртвых.
ці не дасягну як-небудзь уваскрэсення з мёртвых.
Ня тое, каб я ўжо дасягнуў мэты, альбо ўдасканаліўся; але прагну, а ці не дасягну і я, як дасягнуў мяне Хрыстос Ісус.
Не таму, што я ўжо дасягнуў, ці ўжо ўдасканаліўся, але я імкнуся, ці яшчэ не авалодаю тым, чым і авалодаў мною Хрыстос Ісус.
Браты, я ня лічу, што я ўжо дасягнуў; а толькі, забываючы тое, што ўжо за мною, і сягаючы наперад,
Браты, я не лічу, што сам я авалодаў; але адно раблю: забываючы тое, што ззаду і парываючыся да таго, што наперадзе,
імкнуся да мэты, да гонару вышэйшага пакліканьня Божага ў Хрысьце Ісусе.
імкнуся да мэты па ўзнагароду, да якой Бог у Хрысце Ісусе паклікаў мяне ўгару.
І вось, хто з нас дасканалы, так і мусіць думаць; калі ж вы пра што іначай думаеце, дык і гэта Бог вам прасьветліць.
Дык усе тыя, хто дасканалы, давайце будзем думаць так; а калі вы ў нечым думаеце інакш, то і гэта Бог вам адкрые.
Тым часам, чаго б мы ні дасягнулі, так і павінны мысьліць і паводле таго правіла жыць.
Але чаго мы дасягнулі, так і павінны думаць і паводле таго правіла жыць.
Пераймайце, браты, мяне і дзівецеся на тых, якія робяць згодна з прыкладам, які маеце ў нас.
Пераймайце, браты, мяне і глядзіце на тых, хто жыве паводле ўзору, які вы маеце ў нас.
Бо многія, пра каго я часта казаў вам, а цяпер нават са сьлязьмі кажу, робяць, як ворагі крыжа Хрыстовага;
Бо многія, пра якіх я часта казаў вам, а цяпер і, плачучы, кажу, жывуць як ворагі крыжа Хрыстовага;
іхні канец — пагібель, іхні бог — чэрава, і слава іхняя — у ганьбе: яны думаюць пра зямное.
іх канец — пагібель, іх бог — чэрава, а іх слава — у іх ганьбе; яны думаюць толькі пра зямное.
А нашае жыцьцё — на нябёсах, адкуль мы чакаем і Збаўцу, Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Бо наша жыхарства ў нябёсах, адкуль і чакаем мы Збаўцу, Госпада Ісуса Хрыста,
Які нашае паганьбёнае цела пераўтворыць так, што яно прыпадобніцца праслаўленаму Целу Ягонаму, станецца сілаю, якою Ён дзейнічае і ўпакорвае Сабе ўсё.
Які ператворыць цела нашага прыніжэння, каб яно прыпадобнілася да цела Яго Славы, тою дзейнай сілаю, якою Ён адолеў і падпарадкаваў Сабе ўсё.