Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Да Філіпянаў 3 Да Філіпянаў 3 разьдзел

1 Урэшце, браты маі, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам аб тым самым для мяне́ ня цяжка, а для вас цьвёрда.
2 Сьцеражыцеся сабак, сьцеражыцеся благіх працаўнікоў, сьцеражыцеся абрэзаньня,
3 бо абрэзаньне — мы, што служым Богу духам і пахваляемся ў Хрысьце́ Ісусе, і ня ў це́ле ма́ем спадзяваньне:
4 хоць і я спадзяюся і на це́ла. Калі хто іншы думае спадзявацца на це́ла, дык бале́й я,
5 абрэзаны ў восмы дзе́нь, з роду Ізраілявага, з кале́на Бэніямінавага, Жыд з Жыдоў, водле закону Фарысэй,
6 які праз руплівасьць перасьле́даваў Царкву, водле праведнасьці законнай — беззаганны.
7 Але, што́ для мяне́ было набыткам, тое дзеля Хрыста лічыў я за страту.
8 Дый усё лічу стратай для вышэйшага пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё ўтраціў і ўсё лічу за сьмяцьцё, каб Хрыста прыдбаць
9 і апынуцца ў Ім, маючы не маю́ праведнасьць, што з закону, але тую, што праз ве́ру ў Хрыста, праведнасьць ад Бога на падставе ве́ры,
10 каб пазнаць Яго і сілу ўваскрасе́ньня Яго, і ўчасьце ў муках Яго, упадабляючыся сьме́рці Яго,
11 каб толькі дасягнуць ускрасе́ньня мёртвых.
12 Не затым, што я ўжо дасягнуў, ці ўжо стаўся дасканалым, а імкнуся, ці не дасягну й я таго, за што і мяне́ дасягнуў Хрыстос Ісус.
13 Браты, я ня думаю аб сабе́, што дасягнуў, а толькі, забываючыся аб мінулым і пнучыся да таго, што напе́радзе,
14 імкнуся да мэты, да чэсьці вышэйшага прызваньня Божага ў Хрысьце́ Ісусе.
15 Дык хто з нас дасканалы, ду́майма гэтак; калі-ж вы аб чым іначай думаеце, дык і гэтае вам Бог адкрые.
16 Па-за гэтым, чаго мы дасягнулі, (ёсьць:) тым жа законам жыці, тое-ж думаці.
17 Насьлядуйце, браты, мяне́ і ўзірайцеся на тых, хто гэтак паступае, па ўзору, які маеце ў нас.
18 Бо многія, аб якіх я часта гаварыў вам, а цяпе́р і са сьлязьмі кажу, паступаюць, як ворагі Хрыстовага крыжа, —
19 якіх кане́ц — загуба, якіх бог — чэрава, і слава якіх у сораме іх, тых, што думаюць аб зямны́м.
20 Нашае-ж жыцьцё — на нябёсах, адкуль мы чакаем і Збавіцеля, Госпада Ісуса Хрыста,
21 Які ператворыць це́ла зьнявагі нашае, каб яно сталася падобным да це́ла славы Яго, сілаю, якою Ён дуж і пакарыць Сабе́ ўсё.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне Паўлы да Філіпянаў, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.