Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Да Філіпянаў 2 Да Філіпянаў 2 разьдзел

1 Дык, калі ёсьць якое пацяшэньне ў Хрысьце́, калі ёсьць якая патоля любві, калі ёсьць якая лучнасьць духа, калі ёсьць якое міласэрдзе і спачуваньне,
2 то дапоўніце маю радасьць: каб тое самае думалі, тую-ж любоў ме́лі, былі аднадушныя і аднадумныя;
3 нічога (не рабе́це) праз спрэчкі ці дзеля пустое пахвальбы, але ціхой мудрасьцяй лічы́це адзін аднаго вышэйшым за сябе́.
4 Не аб сабе́ толькі кожны клапо́цься, але і аб другіх,
5 бо няхай тое ў вас думаецца, што і ў Хрысьце́ Ісусе:
6 Які, будучы ў пастаці Боскай, ня лічыў захопам быць роўным Богу;
7 але панізіў Сябе́ Самога, прыняўшы абра́з раба́, стаўшыся на падабе́нства людзе́й і здаўшыся выглядам, як чалаве́к,
8 зьняважыў Сябе́, будучы паслухмяным ажно да сьме́рці і сьме́рці крыжовай.
9 Дзеля гэтага і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усякае імя,
10 каб перад іме́ньнем Ісуса сукланілася ўсякае кале́на нябе́сных, зямных і падзе́мных,
11 і каб усякі язык вызнаваў, што Госпад — Ісус Хрыстос, у славу Бога Айца.
12 Дык вось, умілаваныя маі, як вы заўсёды слухалі ня толькі ў бытнасьць маю, але шмат бале́й цяпе́р, у час нябытнасьці мае́й, са страхам і дрыжэньнем аб збаўле́ньне свае́ старайцеся,
13 бо Бог ёсьць той, што робіць у вас і жаданьне і дзе́яньне з зычлівасьці Свае́й.
14 Усё рабе́це без нараканьня і сумляваньня,
15 каб вам быць бязьвіннымі і чыстымі, дзяцьмі Божымі беззаганнымі сярод перакорлівага і распуснага роду, між якім вы зьяеце, як сьве́тачы на сьве́це,
16 маючы слова жыцьця, на пахвалу маю́ ў дзе́нь Хрыстовы, што я не надарма хадзіў і не надарма працаваў.
17 Але, калі я й ро́блюся ахвяраю за жэртву й служэньне ве́ры вашай, я це́шуся і це́шуся супольна з вамі;
18 з гэтага самага і вы це́шцеся, і це́шцеся супольна са мною.
19 Спадзяюся-ж у Госпадзе Ісусе хутка паслаць вам Цімахве́я, каб і я, даве́даўшыся аб вас, уце́шыўся духам.
20 Бо ня маю нікога роўнага душою, хто гэтак шчыра рупіўся-б аб вас;
21 бо ўсе шукаюць свайго, а не Ісуса-Хрыстовага.
22 А яго дасьве́дчаньне ве́даеце, бо ён, як сын бацьку, служыў мне́ ў дабравешчаньні.
23 Дык я спадзяюся паслаць яго зараз-жа, як толькі даве́даюся, што́ будзе са мною.
24 Бо я пэўны ў Госпадзе, што й сам хутка прыду.
25 Я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпафрадзіта, брата і супрацо́ўніка і супольніка майго ў барацьбе́, а вашага пасланца і служку ў патрэбе маёй,
26 бо ён жадаў бачыць усіх вас і цяжка тужыў, што вы дачуліся аб хваробе яго.
27 Бо ён быў хворы траха́ не сьмяротна; але Бог зьлітаваўся над ім, дый не над ім толькі, але і нада мною, каб ня ме́ў я суму да суму.
28 Дык я хутчэй паслаў Яго, каб вы, угле́дзіўшы яго ізноў, уце́шыліся, дый каб я быў ме́нш сумны.
29 Прыме́це-ж яго ў Госпадзе з усякай радасьцяй, і гэтакіх у чэсьці ме́йце,
30 бо ён за справу Хрыстовую быў блізкі да сьме́рці, ня дбаючы аб жыцьці, каб папоўніць нястачу служэньня вашага мне́.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне Паўлы да Філіпянаў, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.