1 Гэтак, браты мае́ ўмілаваныя і пажаданыя, радасьць і вяне́ц мой, стойце так у Госпадзе, любыя.
2 Прашу Яўводзію, прашу і Сынтыхе́ю думаць гэтак сама ў Госпадзе;
3 ды прашу й цябе́, шчыры супрацоўніку, дапамагай ім, тым, што працавалі ў дабраве́шчаньні разам са мною і з Клімантам, і з рэштай супрацоўнікаў маіх, імёны якіх у кнізе жыцьця.
4 Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе; і йзноў кажу: радуйцеся!
5 Ціхасьць ваша няхай пазнана будзе ўсімі людзьмі. Госпад блізка.
6 Ня турбуйцеся ні аб чым, але заўсёды ў малітве і благаньні падзякай няхай адкрываюцца просьбы вашыя перад Богам, —
7 і мір Божы, які вышэй за ўсякі розум, няхай захавае сэрцы вашыя і мысьлі вашыя ў Хрысьце́ Ісусе.
8 Накане́ц, браты, што ёсьць праўдзівае, што чэснае, што справядлівае, што чыстае, што ласкавае, што хвале́бнае, калі ёсьць якая цната́ і якая пахвала, — аб гэтым думайце.
9 І чаго вы навучыліся, і што прынялі і чулі і бачылі ў-ва мне́, тое рабе́це, — і Бог міру будзе з вамі.
10 Я вельмі ўце́шыўся ў Госпадзе, што вы ўжо калісь пачалі думаць аба мне́, аб якім і ране́й думалі, ды ня было нагоды.
11 Кажу не як дзеля нястачы, бо я навучыўся быць здаволеным тым, што ў мяне́ ёсьць:
12 бо ўмею і ў паніжэньні быць, уме́ю і ў дастатках; навучыўся ўсяго і ў-ва ўсім, і насычацца, і галадаваць, і ме́ць дастаткі і недастатак,
13 Усё магу ў Хрысьце́, які ўзмацняе мяне́.
14 Па-за гэтым вы добра зрабілі, дзе́лячы са мною мой сум.
15 Ве́даеце і вы, Філіпяне, што напачатку дабраве́шчаньня, калі выйшаў я з Македоніі, ні адна царква́ не далучылася да мяне́ праз дораньне і гасьціну, апрача вас адных.
16 Вы і ў Фесалоніку і раз, і два прысылалі мне́ ў патрэбе.
17 Ня тое, каб я шукаў падарунку, але шукаю плоду, які памнажаецца на вашу карысьць.
18 Я дастаў усё і маю дастаткі; я напоўнены, атрымаўшы ад Эпафрадзіта пасланае вамі, пахі салодкія, ахвяру прые́мную, Богу любую.
19 Бог мой няхай напоўніць усякую нястачу вашую паводле багацьця Свайго ў славе, у Хрысьце́ Ісусе.
20 Богу-ж і Айцу нашаму слава на ве́кі вякоў. Амін.
21 Прывітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце́ Ісусе. Вітаюць вас браты, што са мною.
22 Вітаюць вас усе́ сьвятыя, а найбольш тыя, што з ке́саравага дому.
23 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
Каментары ці зноскі:
22−23 У папяровай версіі 22 і 23 вершы аб’яднаны і складаюць адзін 22 верш.
Да Філіпянаў пісана з Рыму праз Эпафрадзіта.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Пасланьне Паўлы да Філіпянаў, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.