1 Так што, браты мае ўлюбёныя і пажаданыя, радасьць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, улюбёныя.
2 Эўводзію прашу і Сынтыхею прашу думаць гэтаксама ў Госпадзе.
3 Прашу і цябе, шчыры памочніку, дапамагай тым, якія змагаліся дзеля Эвангельля разам са мною, і з Клемэнтам, і з іншымі супрацоўнікамі маімі, імёны якіх у кнізе жыцьця.
4 Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе. Ізноў кажу: радуйцеся.
5 Спагаднасьць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Госпад блізка!
6 Не турбуйцеся ні пра што, але ў-ва ўсякай малітве і просьбе з падзякай няхай адкрываюцца жаданьні вашыя перад Богам,
7 і супакой Божы, які вышэй за ўсякі розум, няхай захавае сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысьце Ісусе.
8 Нарэшце, браты, што ёсьць праўдзівае, што сумленнае, што справядлівае, што чыстае, што вартае любові, што добрай славы, калі ёсьць якая цнота і якая пахвала, — пра тое думайце.
9 І чаго вы навучыліся, і што прынялі, і чулі, і бачылі ў-ва мне, тое рабіце, і Бог супакою будзе з вамі.
10 Я вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, што вы ўжо зноў ажывіліся, каб думаць пра мяне, як і раней думалі, ды ня мелі нагоды.
11 Ня дзеля таго, што я ў нястачы, кажу, бо я навучыўся быць задаволеным тым, што ў мяне ёсьць.
12 Ведаю, як у паніжэньні быць, і ведаю, як у дастатку; навучыўся ўсяго і ў-ва ўсім: і насычацца, і галадаваць, мець і дастатак, і нястачу.
13 Усё магу ў Хрысьце, Які ўмацоўвае мяне.
14 Па-за гэтым, вы добра зрабілі, што ўдзельнічалі ў маім прыгнёце.
15 Вы ж ведаеце, Філіпяне, што на пачатку [абвяшчэньня] Эвангельля, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква не далучылася да мяне праз дораньне і прыняцьцё, акрамя вас адных.
16 Вы і ў Тэсалоніку і раз, і два пасылалі паводле патрэбы маёй.
17 Ня тое, каб я шукаў дару, але шукаю плоду, які памнажаецца на вашу карысьць.
18 Я маю ўсё і маю дастатак; я напоўнены, атрымаўшы ад Эпафрадыта тое, што ад вас, водар салодкі, ахвяру прыемную, якая падабаецца Богу.
19 А Бог мой няхай напоўніць усякую патрэбу вашую паводле багацьця Свайго ў славе, у Хрысьце Ісусе.
20 Богу ж і Айцу нашаму слава на вякі вякоў. Амэн.
21 Прывітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце Ісусе. Вітаюць вас браты, што са мною.
22 Вітаюць вас усе сьвятыя, а найбольш тыя, што з дому цэзара.
23 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Пасланьне да Філіпянаў Апостала Паўла, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023