Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Якава 5 Якава 5 разьдзел

1 Паслухайце цяпер вы, багатыя: плачча а зохайце над злыбедамі сваімі, што на вас прыходзяць.
2 Багацьце вашае згніло, і адзецьці вашы зьедзены мольлю.
3 Золата ваша а срэбра ваша зьедзена, і іржа іх будзе сьветчыць на вас і ізьесьць целы вашы, як агонь: вы зьберлі сабе скарбы на апошнія дні.
4 Вось, плата работнікаў вашых, што зжалі поле вашае, задзяржаная вамі, гукае, і гуканьні тых жнеяў увыйшлі ў вушы Спадара войскаў.
5 Вы жылі раскошна на зямлі і буяна; укармілі сэрцы свае, бы на дзень зарэзу.
6 Вы засудзілі, забілі справядлівага; ён не працівіўся вам.
7 Дык, браты, майце цярплівосьць да прыходу Спадаровага. Вось, ралейнік чакае дарагога плоду ізь зямлі, маючы цярплівосьць, пакуль яна прыйме дождж раньні й позны.
8 Майце цярплівосьць і вы, умацуйце сэрцы свае, бо прыход Спадароў блізкі.
9 Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб ня быць засуджанымі: вось Судзьдзя стаіць ля дзьвярэй.
10 Бярыце прыклад, браты, зь цярпеньня а цярплівосьці прарокаў, што гукалі ў імя Спадарова.
11 Вось, мы маем за дабраславёных тых, што трывалі. Вы чулі праз трываньне Ёвава і бачылі канец ягоны ад Спадара, бо Спадар вельма міласэрны а спагадлівы.
12 Але наўперад, браты мае, не прысягайце ані небам, ані зямлёю, ані якой іншай прысягаю, але няхай будзе ў вас «Але, але» і «Не, не», каб не падпасьці пад суд.
13 Церпіць хто ліха з памеж вас? няхай моліцца; вясёлы хто? няхай пяець псальмы.
14 Хворы хто з памеж вас? няхай пагукае старшых Царквы, і хай памоляцца над ім, памазаўшы яго алеям у імя Спадарова, —
15 І малітва веры ўздаровіць хворага, і Спадар падыйме яго; і, калі ён учыніў грахі, будуць дараваны яму.
16 Вызнавайце ж адны адным грахі свае і маліцеся адны за адных, каб вы былі ўздароўлены: вялікую мае сілу гарачая малітва справядлівага.
17 Ільля быў чалавек падобны жарсьцьмі да нас, і малітваю памаліўся, каб ня было дажджу: і ня было дажджу на зямлі тры гады і шэсьць месяцаў;
18 І ўзноў памаліўся: і неба дало дождж, і зямля вырасьціла плод свой.
19 Браты мае, калі хто з вас блудзе ад праўды, і навярнуў яго хто,
20 Ведай, што тый, хто навярнуў грэшніка з абмыльнае дарогі ягонае, спасець душу ад сьмерці і пакрые множасьць грахоў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Суборны ліст сьвятога Якава апостала, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.