Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Да Рымлянаў 3 Да Рымлянаў 3 разьдзел

1 Дык якое пяршынства Юдэя, ці якая карысьць ад абрэзаньня?
2 Вялікае ў-ва ўсіх адносінах, а перадусім у тым, што ім даве́рана слова Божае.
3 Бо што-ж? калі некаторыя і ня ўве́равалі, дык ці няве́ра іх зьнішчыць ве́ру Божую?
4 Няхай ня ста́нецца! Бог ве́рны, а ўсякі чалаве́к ілжывы, як напісана: Каб ты апраўдаўся ў словах Тваіх і перамог-бы, як суджаны будзеш (Псальм 50:6).
5 Калі-ж няпраўда нашая адкрывае праўду Божую, дык што скажам? няўжо-ж Бог несправядлівы, калі выяўляе гне́ў? — кажу па чалаве́чаму.
6 Хай ня ста́нецца! Бо як жа Богу судзіць сьве́т?
7 Бо, калі праўда Божая мае́ю няпраўдаю на славу Божую ўзвышаецца, за што-ж яшчэ мяне́ судзіць, як грэшніка?
8 І ці не рабіць нам благое, каб вышла дабро, як некаторыя абмаўляюць нас і кажуць, быццам мы гэтак вучым? Праведны суд на такіх!
9 Дык што-ж? ці маем перавагу? Зусім не́: бо мы ўжо даказалі, што і Юдэі, і Грэкі — усе́ пад грэхам,
10 як напісана: няма праведніка ніводнага;
11 няма разуме́ючага; няма нікога, хто шукаў-бы Бога;
12 усе́ зьбіліся з дарогі, усе́ разам нягодныя; няма, хто-б рабіў дабро, няма да адзінага (Псальм 13:1−3).
13 Горла ў іх — адчыненая магіла; языкамі сваімі зводзяць. Яд зьме́яў на вуснах іхніх (Псальм 5:10; 139:3);
14 Рот у іх поўны абмовы й гарчыні (Псальм 9:28).
15 Ногі ў іх хуткія на праліцьцё крыві;
16 зьнішчэньне і загуба на шляхох іхніх;
17 шляху міру яны не пазналі (Прыповесьцяў 1:16; Ісая 59:7−8).
18 Няма страху Божага перад вачыма іх (Псальм 35:2).
19 Мы-ж ве́даем, што закон, калі што гаворыць, гаворыць да тых, якія пад законам, каб кожны рот быў загароджаны, і ўве́сь сьве́т каб вінаватым стаўся перад Богам,
20 бо справамі закону не апраўдаецца перад Ім ніякае це́ла; бо праз закон пазнае́цца грэх.
21 Але сягоньня, незале́жна ад закону, выявілася праўда Божая, аб якой сьве́дчаць закон і прарокі.
22 Праўда-ж Божая праз ве́ру ў Ісуса Хрыста для ўсіх і на ўсіх ве́руючых; бо няма розьніцы,
23 бо ўсе́ саграшылі і пазбаўлены славы Божае,
24 апраўдываныя дарма ласкай Ягонай, адкупле́ньнем, што́ ў Хрысьце́ Ісусе,
25 Якога Бог аддаў на ахвяру зьмілавальную праз веру, у крыві Ягонай, дзеля выяўле́ньня праўды Яго ў дараваньні грахоў, учыненых ране́й,
26 у час доўгацярплівасьці Божае, на выяўле́ньне праўды Яго ў цяпе́рашні час, каб зьявіўся Ён праведным і апраўдываючым ве́руючага ў Ісуса.
27 Гдзе́-ж тое, чым бы хваліцца? Вы́ключана. Якім законам? законам учынкаў? Не, але законам ве́ры.
28 Бо мы прызнае́м, што чалаве́к апраўдываецца ве́раю, незале́жна ад учынкаў закону.
29 Няўжо-ж Бог ёсьць Бог Юдэяў толькі, а не паганаў таксама? Ве́дама, і паганаў,
30 бо адзін ёсьць Бог, які апраўдывае абрэзаньне з ве́ры і не́абрэзаньне праз ве́ру.
31 Дык мы зьніштажаем закон ве́раю? Няхай ня станецца! але ўзмацняем закон.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне Паўлы да Рымлянаў, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.