Яна 7 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Пасьля гэтага Ісус хадзіў па Галіле́і; па Юдэі не хаце́ў хадзіць, бо Жыды шукалі, як бы забіць Яго.
 
Пасьля гэтага Ісус хадзіў па Галілеі, бо па Юдэі хадзіць не хацеў, таму што Юдэі намышлялі забіць Яго.

Блізка-ж было сьвята жыдоўскае кучкі.
 
Набліжалася сьвята Юдэйскае — Кучкі.

Тады браты Яго сказалі Яму: ідзі адгэтуль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Тваі бачылі дзе́яньні, якія Ты чыніш.
 
Тады браты Ягоныя сказалі Яму: выйдзі адгэтуль і йдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі дзеі, што Ты ўчыняеш;

Бо ніхто ня робіць нічога ўкрадкам, але сам стараецца быць вядомым. Калі робіш гэткае, дык пакажы Сябе́ сьве́ту;
 
бо ніхто ня робіць чаго-небудзь употай, і стараецца сам быць вядомым; калі Ты чыніш такія дзеі, дык яві Сябе сьвету.

бо і браты Яго ня ве́равалі ў Яго.
 
Бо і браты Ягоныя ня верылі ў Яго.

Ісус жа сказаў ім: Мой час яшчэ ня прыйшоў, а для вас заўсёды час;
 
На гэта Ісус ім сказаў: Мой час яшчэ не настаў, а вам заўсёды час;

вас сьве́т ня можа ненавідзець, а Мяне́ ненавідзіць, бо Я сьве́дчу аб ім, што ўчынкі яго благія.
 
Вас сьвет ня можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сьведчу пра яго, што дзеі ягоныя ліхія;

Ідзе́це вы на гэтае сьвята, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо Мой час яшчэ не настаў.
 
вы ідзеце на сьвята гэтае, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ не настаў.

І, сказаўшы гэтае ім, астаўся ў Галіле́і.
 
Гэта сказаўшы ім, застаўся ў Галілеі.

Але, як пайшлі браты Яго, тады і Ён пайшо́ў на сьвята, ня яўна, але як-быццам пата́йна.
 
Але як прыйшлі браты Ягоныя, тады і Ён прыйшоў на сьвята, не адкрыта, а як бы таемна.

Жыды-ж шукалі Яго на сьвяце й пыталіся: дзе́ Ён?
 
А Юдэі шукалі Яго на сьвяце і казалі: дзе Ён?

І многа шуму было дзеля Яго ў народзе: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: не́, бо зводзіць народ.
 
І многа было гаманы пра Яго ў народзе: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: не, Ён зводзіць людзей.

Але-ж ніхто не гаварыў аб Ім яўна, бо баяліся Жыдоў.
 
Аднак ніхто не гаварыў пра Яго адкрыта, баючыся Юдэяў.

У палове-ж сьвята ўвайшоў Ісус у царкву і навучаў.
 
Але ўжо а палавіне сьвята ўвайшоў Ісус у храм і вучыў.

І дзівіліся Жыды, кажучы: як Ён ве́дае Пісаньні, ня вучы́ўшыся?
 
І дзівавалі Юдэі, кажучы: як Ён ведае Пісаньні, ня вучыўшыся?

Ісус жа адказаў ім і сказаў: Маё вучэньне не Маё, але Паслаўшага Мяне́;
 
Ісус, адказваючы ім, сказаў: Маё вучэньне — не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне;

хто хоча волю Яго чыніць, той даве́даецца аб навуцы, ці ад Бога яна, ці Я Сам ад Сябе́ гавару.
 
хто хоча чыніць волю Ягоную, той даведаецца пра гэтае вучэньне, ці ад Бога яно, ці я Сам ад Сябе кажу;

Хто гаворыць сам ад сябе́, той шукае для сябе́ славы, а хто шукае славы Паслаўшага яго, той пра́ведны, і няма ў ім няпраўды.
 
хто гаворыць сам ад сябе, шукае славы сабе; а Хто шукае славы Таму, Хто паслаў Яго, Той сапраўдны, і няма няпраўды ў Ім.

Ці ня даў вам Майсе́й закону, і ніхто ня жыве́ па закону. За што хочаце забіць Мяне́?
 
Ці ня даў вам Майсей закона? і ніхто з вас ня жыве паводле закона. Завошта ж намышляеце забіць Мяне?

Народ адказаў: ці ня чорт у Табе́? Хто імкне́цца забіць Цябе́?
 
Людзі сказалі ў адказ: ці ня дэман у Табе? Хто намышляе забіць Цябе?

Ісус казаў дале́й: адно дзе́ла зрабіў Я, і вы ўсе́ дзівуецеся;
 
Ісус, прамаўляючы далей, сказаў ім: адну дзею ўчыніў Я, і ўсе вы дзівуеце;

Майсе́й даў вам абразаньне; хоць яно і не ад Майсе́я, але ад бацькоў, і ў суботу вы абраза́еце чалаве́ка;
 
Майсей даў вам абразаньне, — хоць яно не ад Майсея, а ад бацькоў, — і ў суботу вы абразаеце чалавека;

калі ў суботу абраза́ецца чалаве́к, каб ня быў парушаны закон Майсе́яў, — чаму ж нездаволены вы Мною, што Я аздаравіў чалаве́ка ў суботу?
 
калі ў суботу прыймае чалавек абразаньне, каб ня быў парушаны закон Майсееў, — ці не на Мяне гневаецеся за тое, што Я ўсяго чалавека ацаліў у суботу?

Ня судзіце па вы́гляду, але судзіце судом справядлівым.
 
Ня судзеце паводле выгляду, а судзеце судом справядлівым.

Іншыя-ж з ерузалімцаў казалі: ці ж гэта ня Той, Якога шукаюць, каб забіць?
 
Тут некаторыя зь Ерусалімцаў казалі: ці ня Той гэта, Якога спрабуюць забіць?

Вось Ён кажа яўна, і нічога ня кажуць Яму; ці не пераканаліся начальнікі, што Ён запраўды Хрыстос?
 
Вось, Ён гаворыць адкрыта, і нічога ня кажуць Яму: ці ўпэўніліся начальнікі, што Ён сапраўды Хрыстос?

Але мы ве́даем Яго, адкуль Ён; калі-ж прыйдзе Хрыстос, ніхто ня будзе ве́даць, адкуль Ён.
 
Але мы ведаем Яго, адкуль Ён; а Хрыстос, калі прыйдзе, ніхто ня будзе ведаць, адкуль Ён.

І крыкнуў тады Ісус у царкве́, навучаючы і кажучы: і Мяне́ ве́даеце, і ве́даеце адкуль Я, і прыйшоў Я ня Сам ад Сябе́, але праўдзівы Той, што паслаў Мяне́, ды Яго вы ня ве́даеце;
 
Тады Ісус усклікнуў у храме, вучачы і кажучы: і ведаеце Мяне, і ведаеце, адкуль Я; і Я прыйшоў ня Сам ад Сябе, але ў ісьціне Той, Хто паслаў Мяне, Якога вы ня ведаеце;

Я ве́даю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне́.
 
Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне.

І шукалі, як бы ўзяць Яго, але ніхто не ўзлажыў на Яго рукі, бо яшчэ ня прыйшоў Яго час.
 
І намышлялі схапіць Яго, але ніхто не наклаў на Яго рукі, бо яшчэ не настала гадзіна Ягоная.

Многія-ж з народу ўве́равалі ў Яго і казалі: калі пры́йдзе Хрыстос, няўжо-ж Ён зробіць больш цудаў, чымся гэты зрабіў?
 
А многія зь людзей уверавалі ў Яго і казалі: калі прыйдзе Хрыстос, няўжо створыць болей азнакаў, чым колькі Гэты стварыў?

Чулі фарысэі такія гутаркі аб Ім у народзе; і паслалі фарысэі й архірэі слуг сваіх, каб узялі Яго.
 
Пачулі фарысэі такія перасуды пра Яго ў народзе, і паслалі фарысэі і першасьвятары служак — схапіць Яго.

Ісус жа сказаў ім: яшчэ нядоўга Мне́ быць з вамі, і пайду да Паслаўшага Мяне́.
 
А Ісус сказаў ім: яшчэ нядоўга быць Мне з вамі, і пайду да Таго, Хто паслаў Мяне;

Будзеце шукаць Мяне́ і ня знойдзеце, і дзе́ буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці.
 
будзеце шукаць Мяне, і ня знойдзеце; і дзе буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці.

І гаварылі жыды паміж сабою: куды Ён хоча йсьці, што мы ня знойдзем Яго? Ці не да грэцкага рассяле́ньня хоча йсьці і навучаць Грэкаў?
 
Пры гэтым Юдэі гаварылі паміж сабою: куды Ён хоча ісьці, так што мы ня знойдзем Яго? ці ня хоча Ён ісьці ў Элінскае расьсеяньне і вучыць Элінаў?

Што́ маюць значыць гэтыя словы, якія Ён сказаў: «будзеце шукаць Мяне́ і ня знойдзеце, і дзе́ буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці?»
 
Што азначаюць гэтыя словы, якія Ён сказаў: «будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце; і дзе буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці»?

У апошні-ж вялікі дзе́нь сьвята Ісус стаяў і клікаў, кажучы: хто смагу ма́е, ідзі да Мяне́ і пі.
 
У апошні ж вялікі дзень сьвята стаяў Ісус і ўсклікнуў, кажучы: хто прагне, ідзі да Мяне і пі;

Хто ве́руе ў Мяне́, у таго, як сказана ў Пісаньні, з жывата пацякуць рэкі вады́ жывое.
 
хто веруе ў Мяне, у таго, як сказана ў Пісаньні, «з чэрава пацякуць рэкі вады жывое».

Гэтае сказаў Ён аб Духу, якога ме́ліся прыняць ве́руючыя ў Яго: бо ня было йшчэ на іх Духа Сьвятога, бо ня быў яшчэ Ісус усла́ўлены.
 
Гэта сказаў Ён пра Духа, Якога меліся прыняць тыя, што верылі ў Яго: бо яшчэ ня было на іх Духа Сьвятога, бо Ісус яшчэ ня быў праслаўлены.

Многія з народу, чуўшы гэтыя словы, казалі: запраўды, Ён прарок.
 
Многія людзі, пачуўшы гэтыя словы, казалі: Ён сапраўды прарок.

Другія гаварылі: гэта Хрыстос. А іншыя гаварылі: ці ж з Галіле́і прыйдзе Хрыстос?
 
Другія казалі: гэта Хрыстос. А іншыя казалі: хіба з Галілеі Хрыстос прыйдзе?

Ці-ж ня сказана ў Пісаньні, што Хрыстос прыйдзе з сяме́ньня Давідавага і Віфлее́му, з сяла, скуль быў Давід?
 
ці ня сказана ў Пісаньні, што Хрыстос прыйдзе ад насеньня Давідавага і зь Віфляема, з таго месца, адкуль быў Давід?

Дык вось узьнялася аб Ім у людзе́й спрэчка.
 
І вось адбылася наконт Яго спрэчка ў народзе.

Некато́рыя-ж з іх хаце́лі ўзяць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі.
 
Некаторыя зь іх хацелі схапіць Яго; але ніхто не наклаў на Яго рук.

І вярнуліся слугі да архірэяў і фарысэяў, і тыя спыталіся: чаму вы не прывялі Яго?
 
І вось служкі вярнуліся да першасьвятароў і фарысэяў, і гэтыя сказалі ім: чаму вы не прывялі Яго?

Слугі адказалі: ніколі чалаве́к не гаварыў так, як гэты чалаве́к.
 
Служкі адказвалі: ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек.

Фарысэі сказалі ім: няўжо-ж і вас зьвялі?
 
Фарысэі сказалі ім: няўжо і вы ўведзены ў зман?

Ці паве́рыў у Яго хто з начальнікаў і фарысэяў?
 
Ці паверыў у Яго хто з начальнікаў, альбо з фарысэяў?

Бо пракляты гэты народ, што ня ве́дае закону.
 
Але гэты народ невук у законе, пракляты ён.

Кажа ім Нікадэм, адзін з іхніх, што прыходзіў быў да Яго ўначы:
 
Мікадым, які прыходзіў да Яго ўначы, будучы адным зь іх, кажа ім:

ці судзіць закон наш чалаве́ка, ня вы́слухаўшы пе́рш яго і не даве́даўшыся, што ён робіць?
 
ці судзіць закон наш чалавека, калі папярэдне ня выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць?

На гэтае адказалі і сказалі яму: ці і ты не з Галіле́і? пашукай і пабач, што з Галіле́і прарок ня прыходзіў.
 
На гэта сказалі яму: і ты ці не з Галілеі? паглядзі, і ўбачыш, што з Галілеі ня прыходзіць прарок.

І разыйшліся да дому.
 
І разыйшліся ўсе па дамах.