Яна 13 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі
Перад сьвятам жа Пасхі Ісус, ве́даючы, што прыйшла Яго гадзіна перайсьці з гэтага сьве́ту да Айца, палюбіўшы Сваіх, што на сьве́це, даканца́ ўзьлюбіў іх.
Перад сьвятам Пасхі Ісус, ведаючы, што прыйшла гадзіна Ягоная перайсьці ад сьвету гэтага да Айца, паказаў справаю, што, палюбіўшы Сваіх сутных у сьвеце, да канца палюбіў іх.
І ў час вячэры, калі д’ябал улажыў ужо ў сэрца Юды Сымо́навага Іскарыёта прадаць Яго,
І падчас вячэры, калі д’ябал ужо схіліў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта выдаць Яго,
Ісус, ве́даючы, што Аце́ц усе аддаў у рукі Яго, і што Ён ад Бога вы́йшаў і да Бога йдзе́,
Ісус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя, і што Ён ад Бога прыйшоў і адыходзіць да Бога,
устаў ад стала, скінуў з Сябе́ ве́рхнюю вопратку і, узяўшы рушнік, падпераза́ўся.
устаў зь вячэры, распрануўся і, узяўшы ручнік, аперазаўся;
Пасьля наліў вады ў умывальніцу і пачаў абмываць ногі вучням сваім і выціраць рушніком, якім быў апераза́ны.
потым уліў вады ва ўмывальніцу і пачаў абмываць ногі вучням і абціраць ручніком, якім быў аперазаны.
І падыходзіць да Сымона Пятра, і той кажа Яму: Госпадзе! ці-ж Табе́ абмываць мае́ ногі?
Падыходзіць да Сымона Пятра, і той кажа Яму: Госпадзе! ці Табе абмываць мае ногі?
І адказаў Ісус і сказаў яму: што Я ро́блю, ты цяпе́р ня ве́даеш, але даве́даешся пасьля.
Ісус сказаў яму ў адказ: што Я раблю, цяпер ты ня ведаеш, а ўразумееш пасьля.
Пётр кажа Яму: ня ўмыеш ног маіх даве́ку. Ісус адказаў яму: калі ня ўмыю цябе́, ня ма́еш часьці са Мною.
Пётр кажа Яму: не абмыеш ног маіх вавек. Ісус адказваў яму: калі не абмыю цябе, ня маеш долі са Мною.
Сымон Пётр кажа Яму: Госпадзе, ня толькі ногі мае́, але й рукі і галаву.
Сымон Пётр кажа Яму: Госпадзе! ня толькі ногі мае, але рукі і галаву.
Ісус кажа яму: абмытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ўвесь чысты, і вы чыстыя, але ня ўсе́.
Ісус кажа яму: абмытаму трэба толькі ногі ўмыць, бо чысты ўвесь; і вы чыстыя, але ня ўсе.
Бо ве́даў, хто прадасьць Яго, дый затым і сказаў: ня ўсе́ вы чыстыя.
Бо ведаў Ён прадажніка Свайго, таму і сказаў: «ня ўсе вы чыстыя».
Калі-ж абмыў ім ногі і апрануў Сваю вопратку, дык, супачыўшы ізноў, спытаўся: ці ве́даеце, што гэта Я зрабіў вам?
А калі абмыў ім ногі і надзеў вопратку Сваю, дык, узьлёгшы зноў, сказаў ім: ці ведаеце, што Я зрабіў вам?
Вы называеце Мяне́ Вучы́целем і Го́спадам і справядліва кажаце, бо Я і ёсьць такі.
Вы называеце Мяне Настаўнікам і Госпадам, і слушна кажаце, бо Я сапраўды гэта.
Дык вось, калі Я, Госпад і Вучыцель, абмыў вам ногі, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму,
Дык вось, калі Я, Гасподзь і Настаўнік, абмыў ногі вам, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму:
бо Я даў вам пры́клад, каб, як Я зрабіў вам, рабілі і вы.
бо Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі тое самае, што Я зрабіў вам.
Запраўды́, запраўды́ кажу вам: слуга ня большы за гаспадара свайго, і паслане́ц ня большы за таго, хто яго пасылае.
Праўду, праўду кажу вам: раб ня большы за гаспадара свайго, і пасланец ня большы за таго, хто паслаў яго.
Калі гэтае ве́даеце, шчасьлівыя вы, калі гэтае рабіць будзеце.
Калі гэта ведаеце, дабрашчасныя вы, калі выконваеце.
Не аб усіх вас гавару. Я ве́даю, каго выбраў. Але няхай ста́нецца, што напісана: Той, хто е́сьць са Мною хле́б, падняў на Мяне́ пяту сваю (Псальм 40:10).
Не пра ўсіх вас кажу: Я ведаю, каго Я абраў. Але хай збудзецца Пісаньне: «той, хто есьць хлеб са Мною, падняў на Мяне пяту сваю».
Цяпе́р кажу вам, ране́й, чым гэта ста́лася, каб, як станецца, вы паве́рылі, што гэта Я.
Цяпер маўляю вам, перш чым тое збылося, каб, калі збудзецца, паверылі вы, што гэта Я.
Запраўды́, запраўды́ кажу вам: хто прыймае таго, каго Я пашлю, Мяне́ прыймае, а хто Мяне́ прыймае, прыймае Паслаўшага Мяне́.
Праўду, праўду кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прыме; а хто прымае Мяне, прымае Таго, Хто паслаў Мяне.
Сказаўшы гэтае, Ісус узварушы́ўся духам і засьве́дчыў і сказаў: запраўды́, запраўды́ кажу вам, што адзін з вас прадасьць Мяне́!
Сказаўшы гэта, Ісус узрушыўся духам, і засьведчыў, і сказаў: праўду, праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне.
Тады вучні аглядаліся адзін на аднаго, ня ве́даючы, аб кім гаворыць.
Тады вучні азіраліся адзін на аднаго, не разумеючы, пра каго Ён кажа.
Быў жа за сталом адзін з вучняў Яго на ўлоньні Ісуса, якога Ісус любіў.
А адзін вучань Ягоны, якога любіў Ісус, узьляжаў каля грудзей Ісуса;
Яму Сымон Пётр кіўнуў, каб папытаўся, хто гэта, аб кім гаворыць.
яму Сымон Пётр зрабіў знак, каб спытаўся, хто той, пра якога кажа.
І той, прыпаўшы да грудзе́й Ісуса, кажа: Госпадзе! хто гэта?
Ён, прыпаўшы да грудзей Ісуса, сказаў Яму: Госпадзе, хто гэта?
І адказвае Ісус: той, каму Я падам, абмачыўшы, кусок хле́ба. І, абмачыўшы кусок, падаў Юдзе Сымонаваму Іскарыёту.
Ісус адказваў: той, каму Я, умачыўшы кавалак хлеба, падам. І ўмачыўшы кавалак, падаў Юду Сымонаву Іскарыёту.
І за куском увайшоў у яго шата́н. І кажа яму Ісус: што робіш, рабі хутчэй.
І пасьля гэтага кавалка увайшоў у таго сатана. Тады Ісус сказаў яму: што робіш, рабі хутчэй.
Але ніхто з прысутных таго не зразуме́ў, дзеля чаго гэтае сказаў яму.
Але ніхто з тых, што ўзьляжалі, не зразумеў, навошта Ён сказаў яму.
А як у Юды была скарбонка з грашыма, дык іншыя думалі, быццам Ісус кажа яму: купі, што трэба нам на сьвята, ці каб даў не́шта ўбогім.
А як што ў Юды была скарбонка, дык некаторыя думалі, што Ісус кажа яму: купі, што нам трэба на сьвята, альбо, каб даў што-небудзь убогім.
Той жа, узяўшы кусок, зараз жа выйшаў; а была ноч.
Ён, прыняўшы кавалак, адразу выйшаў; а была ноч.
А як выйшаў, кажа Ісус: цяпе́р уславіўся Сын Чалаве́чы, і Бог уславіўся ў Ім.
Калі ён выйшаў, Ісус сказаў: сёньня праславіўся Сын Чалавечы, і Бог праславіўся ў Ім;
Калі Бог уславіўся ў Ім, то Бог уславіць і Яго ў Сабе́, і ў хуткім часе ўславіць Яго.
калі Бог праславіўся ў Ім, дык і Бог праславіць Яго ў Сабе, і хутка праславіць Яго.
Дзе́ці! яшчэ нядоўга Мне́ быць з вамі: будзеце шукаць Мяне́, і, як Я сказаў Жыдом: куды Я іду, вы ня можаце йсьці, — так гавару цяпе́р і вам.
Дзеткі! ня доўга ўжо быць Мне з вамі: будзеце шукаць Мяне, і, як сказаў Я Юдэям, што, куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці, так і вам кажу цяпер.
Даю вам новае прыказа́ньне: каб любілі адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы любе́це адзін аднаго.
Запаведзь новую даю вам, палюбеце адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы палюбеце адзін аднаго;
Па гэтым пазна́юць усе́, што вы Маі вучні, калі будзеце ме́ць любоў адзін да аднаго.
Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою.
Кажа Яму Сымон Пётр: Госпадзе, куды Ты йдзе́ш? Ісус адказаў яму: куды Я йду, ты ня можаш цяпе́р за Мною йсьці; пазьней жа пойдзеш за Мною.
Сымон Пётр сказаў Яму: Госпадзе! куды Ты ідзеш? Ісус адказваў яму: куды Я іду, ты ня можаш цяпер за Мною ісьці, а потым пойдзеш за Мною.
Пётр сказаў Яму: Госпадзе! чаму я не магу ісьці за Табою цяпе́р? Я душу маю́ палажу за Цябе́.
Пётр сказаў Яму: Госпадзе! чаму я не магу ісьці за Табою цяпер? я душу маю пакладу за Цябе.
Ісус адказаў яму: душу тваю за Мяне́ паложыш? запраўды́, запраўды́ кажу табе́: не прапяе́ пе́вень, як тройчы адрачэшся ад Мяне́.
Ісус адказваў яму: душу тваю за Мяне пакладзеш? Праўду, праўду кажу табе: не прасьпявае певень, як зрачэшся Мне тройчы.