Яна 6 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Пасьля гэтага пайшоў Ісус на той бок мора Галіле́йскага, Тывэрыядзкага.
 
Пасьля гэтага Ісус пайшоў на той бок мора Галілейскага, у навакольлі Тыверыяды;

І пайшло за Ім многа народу, бо бачылі цуды, якія Ён рабіў з хворымі.
 
За Ім сьледам пайшло мноства людзей, таму што бачылі цуды, якія Ён тварыў над хворымі.

І ўзыйшоў Ісус на гару́ і там сядзе́ў з вучнямі Сваімі.
 
Ісус узыйшоў на гару і там сядзеў з вучнямі Сваімі.

А блізка была Пасха, сьвята жыдоўскае.
 
А набліжалася Пасха, сьвята Юдэйскае.

Ісус, падняўшы вочы і ўгле́дзіўшы, што многа народу йдзе́ да Яго, кажа Піліпу: дзе́ нам купіць хле́ба, каб іх накарміць?
 
Ісус, узьвёўшы вочы і ўгледзеўшы, што мноства людзей ідзе да Яго, кажа Піліпу: дзе нам купіць хлябоў, каб іх накарміць?

Казаў жа Ён гэта выве́дываючы ў яго, бо Сам ве́даў, што хаце́ў зрабіць.
 
А казаў гэта, выпрабоўваючы яго; бо Сам ведаў, што хацеў зрабіць.

Піліп адказаў Яму: ім на дзьве́сьці дынараў мала будзе хле́ба, каб кожнаму з іх даста́лася хоць па крысе́.
 
Піліп адказваў Яму: ім на дзьвесьце дынараў ня хопіць хлеба, каб кожнаму дасталося хоць трошкі.

Адзін з вучняў Яго, Андрэй, брат Сымона Пятра, кажа Яму:
 
Адзін вучань Ягоны Андрэй, брат Сымона Пётры, кажа Яму:

Тут ёсьць у аднаго хлопчыка пяць хле́баў ячменных і дзьве́ рыбы; але што гэта для такога множства?
 
Тут ёсьць у аднаго хлопчыка пяць хлябоў ячных і дзьве рыбкі, але што гэта на такое мноства,

Ісус сказаў: скажэце ім пасяда́ць. Была-ж на тым ме́сцы густая трава. І вось пасяда́лі людзі лікам да пяцёх тысячаў.
 
Ісус сказаў: скажэце ім узьлегчы. А было на тым месцы многа травы. І вось узьлегла людзей лікам каля пяці тысяч.

І ўзяў Ісус хле́бы і, аддаўшы хвалу́, раздаў вучням, вучні сядзе́ўшым, так сама і рыбы, колькі хто хаце́ў.
 
Ісус, узяўшы хлябы і ўзьнёсшы падзяку, раздаў вучням, а вучні тым, што ўзьляжалі, гэтак сама і рыбы, колькі хто хацеў.

І, як насыціліся, сказаў вучням сваім: зьбярэце астаўшыяся кускі, каб нічога не прапала.
 
І калі насыціліся, дык сказаў вучням Сваім: зьбярэце кавалкі, што засталіся, каб нічога не прапала.

І сабралі й напоўнілі дванаццаць карабоў кускамі ад пяцёх ячме́нных хле́баў, што асталіся ў е́ўшых.
 
І сабралі, і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі ад пяці ячных хлябоў, што засталіся ў тых, якія елі.

Людзі-ж, што бачылі цуд, зроблены Ісусам, сказалі: гэта запраўды той прарок, што йдзе ў сьве́т.
 
Тады людзі, якія бачылі цуд, учынены Ісусам, сказалі: гэта сапраўды Той Прарок, Які мае прыйсьці ў сьвет.

Ісус жа, ве́даючы, што хочуць не́ўспадзеўкі прыйсьці і ўзяць Яго, каб зрабіць царом, ізноў адыйшоўся на гару адзін.
 
А Ісус, даведаўшыся, што хочуць прыйсьці, неспадзявана ўзяць Яго і зрабіць царом, зноў адыйшоў на гару адзін.

Калі настаў ве́чар, то вучні Яго зыйшлі да мора
 
Калі ж настаў вечар, дык вучні Ягоныя выйшлі да мора,

і, увайшоўшы ў човен, паплылі на той бок мора ў Капэрнаум. Станавілася ўжо цёмна, а Ісус ня прыходзіў да іх.
 
і, увайшоўшы ў лодку, паплылі на той бок мора ў Капернаум. Ужо цямнела, а Ісус ня прыходзіў да іх.

Дуў моцны ве́цер, і мора хвалява́лася.
 
Дзьмуў моцны вецер, і мора хвалявалася.

Праплыўшы каля дваццацёх пяцёх ці трыццацёх стадыяў, яны ўба́чылі Ісуса ідучы па моры і ўжо недалёка ад чаўна́ і спалохаліся.
 
Праплыўшы каля дваццаці пяці ці трыццаці стадыяў, яны ўбачылі Ісуса, Які ішоў па моры і набліжаўся да лодкі, і спалохаліся.

Але Ён сказаў ім: гэта Я, ня бойцеся!
 
Але Ён сказаў ім: гэта Я; ня бойцеся.

Яны захаце́лі ўзяць Яго ў човен, і зараз-жа човен прыстаў да бе́рагу, куды плылі.
 
Яны хацелі прыняць Яго ў лодку; і адразу лодка прыстала да берага, куды плылі.

Назаўтрае народ, які стаяў на тым баку мора і бачыў, што там ня было другога чаўна́, апрача аднаго, у які ўвашлі вучні Яго, і што Ісус не ўваходзіў у човен з вучнямі Сваімі, але адплылі адны вучні Яго,
 
На другі дзень люд, што стаяў па той бок мора, бачыў, што там, апрача адной лодкі, у якую ўвайшлі вучні Ягоныя, другой ня было, і што Ісус не ўваходзіў у лодку з вучнямі Сваімі, а адплылі адны вучні Ягоныя;

другія-ж чаўны прыйшлі з Тывэрыяды, непадалёк ад таго ме́сца, дзе́ е́лі хле́б на багаслаўле́ньне Госпада;
 
тым часам прыйшлі з Тыверыяды іншыя лодкі блізка да таго месца, дзе елі хлеб з дабраславеньня Гасподняга.

вось-жа, калі народ угле́дзіў, што тут няма ні Ісуса, ні вучняў Яго, то ўвайшлі ў човен і прыплылі ў Капэрнаум, шукаючы Ісуса,
 
І вось, калі людзі ўбачылі, што тут няма Ісуса, ні вучняў Ягоных, дык увайшлі ў лодкі і прыплылі ў Капернаум, шукаючы Ісуса,

і, знайшоўшы Яго на тым баку мо́ра, сказалі Яму: Равві: калі Ты сюды прыйшоў?
 
і, знайшоўшы Яго на тым баку мора, сказалі Яму: Равьві! калі Ты сюды прыйшоў?

І адказаў ім Ісус і сказаў: запраўды́, запраўды́ кажу вам: шукаеце Мяне́ не затым, што бачылі цуд, але затым, што е́лі хле́б і насыціліся;
 
Ісус сказаў ім у адказ: праўду, праўду кажу вам: вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што елі хлеб і насыціліся;

працуйце-ж не дзеля е́жы, што зьніштажа́ецца, але дзе́ля е́жы, што астае́цца ў жыцьцё ве́чнае, якое дасьць вам Сын Чалаве́чы, бо на Ім паклаў пячаць Сваю Аце́ц Бог.
 
дбайце не пра ежу прахлую, а пра ежу, што застаецца на жыцьцё вечнае, якую дасьць вам Сын Чалавечы; бо на Яго паклаў пячатку Сваю Айцец, Бог.

Яны-ж сказалі Яму: што нам рабіць, каб рабіць дзе́лы Божыя?
 
І вось, сказалі Яму: што нам рабіць, каб чыніць дзеі Божыя?

І адказаў ім Ісус і сказаў: вось дзе́лы Бога: каб вы ўве́равалі ў Таго, Каго Ён паслаў.
 
Ісус сказаў ім у адказ: вось дзея Божая, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў.

Яны-ж сказалі Яму: які-ж Ты дасі знак, каб мы бачылі й паве́рылі Табе́? што Ты чыніш?
 
На гэта сказалі Яму: якую ж Ты даеш азнаку, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? што Ты робіш?

Бацькі нашыя е́лі манну ў пустыні і насыціліся, паводле напісанага: «хле́б з не́ба даў ім е́сьці» (Псальм 77:24).
 
Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: «хлеб зь неба даў ім есьці».

Ісус жа сказаў ім: Запраўды́, запраўды́ кажу вам: не Майсе́й даў вам хле́б з не́ба, але Аце́ц Мой дае́ вам праўдзівы хле́б з не́ба;
 
А Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: не Майсей даў вам хлеб зь неба, а Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб зь нябёсаў;

бо хле́б Божы ёсьць той, што зыходзіць з не́ба і дае́ жыцьцё сьве́ту.
 
бо хлеб Божы ёсьць Той, Які сыходзіць зь нябёсаў і дае жыцьцё сьвету,

Яны-ж сказалі Яму: Госпадзе! давай нам заўсёды такі хле́б.
 
На гэта сказалі Яму: Госпадзе! давай нам заўсёды такі хлеб.

Ісус жа сказаў ім: Я ёсьць хле́б жыцьця; хто прыходзе да Мяне́, ня будзе галодны, і хто ве́руе ў Мяне́, ня будзе прагнуць ніколі.
 
А Ісус сказаў ім: Я ёсьць хлеб жыцьця; хто прыходзіць да Мяне, ня будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ня спрагнецца ніколі;

Але Я сказаў вам, што й бачылі Мяне́, і ня ве́рыце.
 
але Я сказаў вам, што вы і бачылі Мяне, і ня верыце.

Усё, што дае́ Мне́ Аце́ц, да Мяне́ пры́йдзе, і таго, хто прыхо́дзе да Мяне́, ня выганю вон,
 
Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе; і таго, хто прыходзіць да Мяне, ня выганю прэч;

бо Я зыйшоў з не́ба не дзеля таго, каб чыніць Маю́ волю, але волю паслаўшага Мяне́ Айца;
 
бо Я сыйшоў зь нябёсаў не на тое, каб чыніць волю Маю, а волю Айца, Які паслаў Мяне;

воля-ж паслаўшага Мяне́ Айца ёсьць тая, каб з таго, што Ён Мне́ даў, нічога не загубіць, але ўваскрасіць усё гэнае ў апошні дзе́нь;
 
а воля Айца Майго, Які паслаў Мяне, ёсьць тая, каб з таго, што Ён Мне даў, анічога не загубіць, а ўсё тое ўваскрэсіць у апошні дзень;

воля паслаўшага Мяне́ ёсьць тая, каб кожны, хто бачыць Сына і ве́руе ў Яго, ме́ў жыцьцё ве́чнае, і Я ўваскрашу Яго ў апошні дзе́нь.
 
воля Таго, Хто паслаў Мяне, ёсьць тая, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае; і Я ўваскрэшу яго ў апошні дзень.

Жыды ж гудзе́лі проці Яго, што сказаў: Я ёсьць хле́б што з не́ба зыйшоў,
 
Абурыліся на Яго Юдэі за тое, што Ён сказаў: Я ёсьць хлеб, які сыйшоў зь нябёсаў, —

і гаварылі: ці ня Ісус гэта, сын Язэпаў, бацьку й матку якога ве́даем? Як жа Ён кажа: Я зыйшоў з не́ба?
 
і казалі: ці ня Ісус гэта, сын Язэпаў, Чыйго бацьку і маці мы ведаем; як жа Ён кажа: Я сыйшоў зь нябёсаў?

Ісус жа адказаў ім і сказаў: ня гудзе́це міжы сабою;
 
Ісус сказаў ім у адказ: не абурайцеся між сабою:

ніхто ня можа прыйсьці да Мяне́, калі яго ня прыва́біць Аце́ц, што паслаў Мяне́, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзе́нь.
 
ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі не прывядзе яго Айцец, Які паслаў Мяне; і Я ўваскрэшу яго ў апошні дзень.

Напісана ў прарокаў: і будуць усе́ навучаны Богам. Кожын, чуючы ад Айца і навучыўшыся, прыходзіць да Мяне́ (Ісая 54:13).
 
У прарокаў напісана: «і будуць усе навучаны Богам; кожны, хто чуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне».

Не затым, каб не́хта бачыў Айца апрача Таго, хто ад Бога: той бачыў Айца.
 
Гэта ня тое, каб хто бачыў Айца, апрача Таго, Хто ёсьць ад Бога: Ён бачыў Айца.

Запраўды́, запраўды́ кажу вам: хто ве́руе ў Мяне́, ма́е ве́чнае жыцьцё.
 
Праўду, праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыцьцё вечнае.

Я хле́б жыцьця.
 
Я ёсьць хлеб жыцьця:

Бацькі вашыя е́лі манну ў пустыні і паўміралі,
 
бацькі вашыя елі манну ў пустыні і памерлі;

хле́б жа, які з не́ба зыхо́дзе, такі, што не памрэ, хто е́сьць яго.
 
а хлеб, што сыходзіць зь нябёсаў, такі, што той, хто есьць яго, не памрэ;

Я — хле́б жывы́, што зыйшоў з не́ба: хто е́сьць хле́б гэты, жыць будзе ве́чна. Хле́б жа, які Я дам, ёсьць Це́ла Маё, каторае Я аддам за жыцьцё сьве́ту.
 
Я — хлеб жывы, што сыйшоў зь нябёсаў: хто есьць хлеб гэты, будзе жыць вечна; а хлеб, які Я дам, ёсьць Плоць Мая, якую Я аддам за жыцьцё сьвету.

І спрачаліся між сабою жыды, кажучы: як Ён можа даць нам е́сьці це́ла Сваё?
 
Тады Юдэі пачалі спрачацца паміж сабою, кажучы: як Ён можа даць нам есьці Плоць Сваю?

Ісус жа сказаў ім: запраўды́, запраўды́ кажу вам: калі ня будзеце е́сьці це́ла Сына Чалаве́чага і піць крыві Яго, то ня будзеце мець у сабе́ жыцьця.
 
А Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: калі ня будзеце есьці Плоці Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, ня мецьмеце ў сабе жыцьця:

Хто есьць це́ла Маё і п’е кроў Маю, ма́е жыцьцё ве́чнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзе́нь.
 
Хто есьць Маю Плоць і п’е Маю Кроў, мае жыцьцё вечнае, і Я ўваскрэшу яго ў апошні дзень;

Бо це́ла Маё запраўды́ ёсьць е́жа, і кроў Мая запраўды́ ёсьць піта́;
 
бо Плоць Мая сапраўды ёсьць ежа, і Кроў Мая сапраўды ёсьць пітво;

і хто е́сьць це́ла Маё і п’е кроў Маю, ува Мне́ ёсьць і Я ў ім.
 
хто есьць Маю Плоць і п’е Маю Кроў, застаецца ўва Мне, і Я ў ім;

Як паслаў Мяне́ жывы Аце́ц, і Я жыву Айцом, так і хто е́сьць Мяне́, жыць будзе Мною;
 
як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есьць Мяне, жыць будзе Мною;

гэта-ж і ёсьць хле́б, што з не́ба зыйшоў. Ня так, як бацькі вашыя е́лі манну і паўміралі: хто е́сьць хле́б гэты, жыць будзе ве́чна.
 
гэта той хлеб, што сыйшоў зь нябёсаў; ня так, як бацькі вашыя елі манну і памерлі: хто есьць хлеб гэты, жыць будзе вечна.

Гэтае казаў Ён у школе, навучаючы ў Капэрнауме.
 
Гэта казаў Ён у сынагозе, навучаючы ў Капернауме.

Многія з вучняў Яго, чуючы гэтае, казалі: жорсткае гэта слова. Хто можа слухаць яго?
 
Многія вучні Ягоныя, чуючы гэта, казалі: якія дзіўныя словы! Хто можа такое слухаць?

Ісус жа, ве́даючы ў Сабе́, што вучні Яго гудзяць аб гэтым, сказаў ім: ці гэтае вас спакушае?
 
Але Ісус, ведаючы Сам у Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць на тое, сказаў ім: ці гэта спакушае вас?

а як угле́дзіце Сына Чалаве́чага ўзыходзячы туды, дзе́ быў ране́й?
 
Што ж будзе, калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе быў раней?

Дух жы́віць, це́ла-ж нічога ня ва́ртае; сло́вы, якія вам кажу, ёсьць дух і жыцьцё;
 
Дух творыць жыцьцё, плоць ня творыць нічога; словы, якія кажу Я вам, — гэта дух і жыцьцё;

але ёсьць некато́рыя сярод вас, што ня ве́руюць. Бо Ісус напе́рад ве́даў, што ёсьць няве́руючыя, і хто здрадзіць Яго.
 
Але ёсьць сярод вас некаторыя, што ня вераць. Бо Ісус ад пачатку ведаў, хто ёсьць нявернікі, і хто выдасьць Яго.

І сказаў: дзеля гэтага-ж і казаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне́, калі яму ня будзе да́дзена Айцом Маім.
 
І сказаў: на тое якраз і казаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі гэта ня дадзена будзе ад Айца Майго.

З таго часу многія з вучняў Яго пайшлі назад і ўжо не хадзілі з Ім.
 
З гэтага часу многія вучні Ягоныя адыйшлі ад Яго і ўжо не хадзілі зь Ім.

Тады Ісус сказаў дванаццацём: ці ня хочаце і вы адыйсьціся?
 
Тады Ісус сказаў дванаццацём: ці ня хочаце і вы адыйсьці?

І адказаў Яму Сымон Пётр: Госпадзе! да каго нам ісьці? Ты ма́еш словы ве́чнага жыцьця;
 
Сымон Пётр адказаў Яму: Госпадзе! да каго нам ісьці? Ты маеш словы вечнага жыцьця.

і мы паве́рылі і пазналі, што Ты Хрыстос, Сын Бога жывога.
 
і мы паверылі і спазналі, што Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога.

Ісус адказаў ім: ці ня вас дванаццацёх выбраў Я? Але адзін з вас злы дух.
 
Ісус адказваў ім: ці не дванаццаць вас абраў Я? але адзін з вас д’ябал.

Гэтае гаварыў Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо гэты хаце́ў прадаць Яго, адзін з дванаццацёх.
 
Гэта казаў Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо гэты меўся выдаць Яго, ён быў адзін з дванаццацёх.