Яна 7 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Васіля Сёмухі
І хадзіў Іісус пасля гэтага па Галіле́і, бо не хацеў па Іудзеі хадзіць, таму што Іудзеі шука́лі, як забіць Яго.
Пасьля гэтага Ісус хадзіў па Галілеі, бо па Юдэі хадзіць не хацеў, таму што Юдэі намышлялі забіць Яго.
А было́ блізка свята Іудзейскае — пастаўле́нне ку́шчаў.
Набліжалася сьвята Юдэйскае — Кучкі.
Сказалі тады Яму браты́ Яго: пайдзі адсюль і ідзі ў Іудзею, каб і вучні Твае бачылі справы Твае, якія Ты робіш;
Тады браты Ягоныя сказалі Яму: выйдзі адгэтуль і йдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі дзеі, што Ты ўчыняеш;
бо ніхто ўпо́тай не робіць нічога і стара́ецца сам навідаво́ку быць; калі Ты такое робіш, пакажы́ Сябе свету.
бо ніхто ня робіць чаго-небудзь употай, і стараецца сам быць вядомым; калі Ты чыніш такія дзеі, дык яві Сябе сьвету.
Бо і браты Яго не ве́равалі ў Яго.
Бо і браты Ягоныя ня верылі ў Яго.
Сказаў жа ім Іісус: час Мой яшчэ не прыйшоў, а ваш час заўсёды ная́ўны;
На гэта Ісус ім сказаў: Мой час яшчэ не настаў, а вам заўсёды час;
не можа свет ненавíдзець вас, Мяне ж ён ненавíдзіць, бо Я сведчу пра яго, што справы яго ліхíя;
Вас сьвет ня можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сьведчу пра яго, што дзеі ягоныя ліхія;
вы пайдзíце на гэтае свя́та, а Я яшчэ не пайду на свя́та гэтае, таму што час Мой яшчэ не наста́ў.
вы ідзеце на сьвята гэтае, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ не настаў.
І, сказаўшы гэта ім, Ён застаўся ў Галілеі.
Гэта сказаўшы ім, застаўся ў Галілеі.
Калі ж пайшлі браты Яго, тады і Ён пайшоў на свя́та, не адкрыта, а нíбы ўпо́тай.
Але як прыйшлі браты Ягоныя, тады і Ён прыйшоў на сьвята, не адкрыта, а як бы таемна.
А Іудзеі шука́лі Яго на свяце і гаварылі: дзе Ён?
А Юдэі шукалі Яго на сьвяце і казалі: дзе Ён?
І многа спрэ́чак было́ пра Яго ў народзе: адны казалі, што Ён добры, а іншыя казалі: не, Ён жа ўво́дзіць у зман народ.
І многа было гаманы пра Яго ў народзе: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: не, Ён зводзіць людзей.
Ніхто, аднак, адкрыта не гаварыў пра Яго з-за страху перад Іудзеямі.
Аднак ніхто не гаварыў пра Яго адкрыта, баючыся Юдэяў.
Калі ж свята дайшло ўжо да паловы, увайшоў Іісус у храм і вучыў;
Але ўжо а палавіне сьвята ўвайшоў Ісус у храм і вучыў.
і здзіўляліся Іудзеі, гаво́рачы: як Ён ведае Пісанні, не вучы́ўшыся?
І дзівавалі Юдэі, кажучы: як Ён ведае Пісаньні, ня вучыўшыся?
У адказ ім Іісус сказаў: Маё вучэ́нне — не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне;
Ісус, адказваючы ім, сказаў: Маё вучэньне — не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне;
калі хто хоча волю Яго выко́нваць, то даве́даецца пра гэтае вучэ́нне, ці ад Бога яно, ці Я Сам ад Сябе гавару;
хто хоча чыніць волю Ягоную, той даведаецца пра гэтае вучэньне, ці ад Бога яно, ці я Сам ад Сябе кажу;
хто гаво́рыць сам ад сябе, той ула́снай сла́вы шука́е, а Хто шукае сла́вы Таму, Хто пасла́ў Яго, Той праўдзíвы, і няма няпра́ўды ў Ім;
хто гаворыць сам ад сябе, шукае славы сабе; а Хто шукае славы Таму, Хто паслаў Яго, Той сапраўдны, і няма няпраўды ў Ім.
ці не даў Маісей вам закон? і ніхто з вас не выко́нвае закону. Чаму вы хочаце забíць Мяне?
Ці ня даў вам Майсей закона? і ніхто з вас ня жыве паводле закона. Завошта ж намышляеце забіць Мяне?
Народ адказаў: дэман у Табе; хто хоча забіць Цябе?
Людзі сказалі ў адказ: ці ня дэман у Табе? Хто намышляе забіць Цябе?
У адказ Іісус сказаў ім: адну справу зрабіў Я, і вы ўсе здзіўля́ецеся;
Ісус, прамаўляючы далей, сказаў ім: адну дзею ўчыніў Я, і ўсе вы дзівуеце;
вось Маісей даў вам абрэ́занне, — хоць яно і не ад Маісея, але ад айцоў, — і ў суботу вы абраза́еце чалавека;
Майсей даў вам абразаньне, — хоць яно не ад Майсея, а ад бацькоў, — і ў суботу вы абразаеце чалавека;
калі абрэ́занне прыма́е чалавек у суботу, каб не быў пару́шаны закон Маісееў, — чаму на Мяне вы гне́ваецеся, што ўсяго чалавека Я ацалíў у суботу?
калі ў суботу прыймае чалавек абразаньне, каб ня быў парушаны закон Майсееў, — ці не на Мяне гневаецеся за тое, што Я ўсяго чалавека ацаліў у суботу?
Не судзíце па вы́гляду, а пра́ведным судо́м судзíце.
Ня судзеце паводле выгляду, а судзеце судом справядлівым.
Гаварылі тады некато́рыя з Іерусалíмлян: ці не Той гэта, Якога шукаюць, каб забіць?
Тут некаторыя зь Ерусалімцаў казалі: ці ня Той гэта, Якога спрабуюць забіць?
І вось, Ён адкрыта гаворыць, і нічога Яму не кажуць; няўжо на самай справе дазна́ліся нача́льнікі, што Ён сапраўды́ Хрыстос?
Вось, Ён гаворыць адкрыта, і нічога ня кажуць Яму: ці ўпэўніліся начальнікі, што Ён сапраўды Хрыстос?
Але Гэтага мы ведаем, адкуль Ён; калі ж Хрыстос пры́йдзе, ніхто не будзе ведаць, адкуль Ён.
Але мы ведаем Яго, адкуль Ён; а Хрыстос, калі прыйдзе, ніхто ня будзе ведаць, адкуль Ён.
Прамо́віў го́ласна тады Іісус у храме, ву́чачы і гаворачы: і Мяне ве́даеце, і ве́даеце, адкуль Я; і не Сам ад Сябе Я прыйшоў, але íсцінны Той, Хто паслаў Мяне, Якога вы не ве́даеце;
Тады Ісус усклікнуў у храме, вучачы і кажучы: і ведаеце Мяне, і ведаеце, адкуль Я; і Я прыйшоў ня Сам ад Сябе, але ў ісьціне Той, Хто паслаў Мяне, Якога вы ня ведаеце;
Я ведаю Яго, таму што Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне.
Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне.
Тады шукалі, як схапíць Яго, але ніхто не падня́ў на Яго рукí, бо яшчэ не прыйшоў час Яго.
І намышлялі схапіць Яго, але ніхто не наклаў на Яго рукі, бо яшчэ не настала гадзіна Ягоная.
А многія з народу ўве́равалі ў Яго і казалі: калі пры́йдзе Хрыстос, хіба́ Ён больш цудаў зробіць, чым Гэты зрабіў?
А многія зь людзей уверавалі ў Яго і казалі: калі прыйдзе Хрыстос, няўжо створыць болей азнакаў, чым колькі Гэты стварыў?
Пачулі фарысеі, што народ так спрача́ецца пра Яго; і паслалі фарысеі і першасвятары́ слуг, каб схапілі Яго.
Пачулі фарысэі такія перасуды пра Яго ў народзе, і паслалі фарысэі і першасьвятары служак — схапіць Яго.
Сказаў тады ім Іісус: яшчэ нядоўга Я бу́ду з вамі, і пайду да Таго, Хто паслаў Мяне;
А Ісус сказаў ім: яшчэ нядоўга быць Мне з вамі, і пайду да Таго, Хто паслаў Мяне;
бу́дзеце шука́ць Мяне, і не зно́йдзеце, і дзе буду Я, туды вы не можаце прыйсцí.
будзеце шукаць Мяне, і ня знойдзеце; і дзе буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці.
І гаварылі Іудзеі паміж сабою: куды Ён збіра́ецца ісці, што мы не зно́йдзем Яго? ці не да рассе́леных між Грэкамі збіра́ецца Ён ісці і навуча́ць Грэкаў?
Пры гэтым Юдэі гаварылі паміж сабою: куды Ён хоча ісьці, так што мы ня знойдзем Яго? ці ня хоча Ён ісьці ў Элінскае расьсеяньне і вучыць Элінаў?
што зна́чаць гэтыя словы, якія Ён сказаў: «бу́дзеце шука́ць Мяне, і не зно́йдзеце, і дзе буду Я, туды вы не можаце прыйсцí»?
Што азначаюць гэтыя словы, якія Ён сказаў: «будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце; і дзе буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці»?
У апошні ж вялікі дзень свята стаяў Іісус і ўсклíкнуў, ка́жучы: калі хто ма́е смагу, няхай прыхо́дзіць да Мяне і п’е;
У апошні ж вялікі дзень сьвята стаяў Ісус і ўсклікнуў, кажучы: хто прагне, ідзі да Мяне і пі;
хто веруе ў Мяне, як ска́зана ў Пісанні, у таго з нутра́ пацяку́ць рэ́кі вады жывой.
хто веруе ў Мяне, у таго, як сказана ў Пісаньні, «з чэрава пацякуць рэкі вады жывое».
А сказаў Ён гэта пра Духа, Якога ме́ліся прыня́ць ве́руючыя ў Яго; бо не было́ яшчэ на іх Духа Святога, таму што Іісус яшчэ не быў прасла́ўлены.
Гэта сказаў Ён пра Духа, Якога меліся прыняць тыя, што верылі ў Яго: бо яшчэ ня было на іх Духа Сьвятога, бо Ісус яшчэ ня быў праслаўлены.
Многія з народу, пачуўшы гэтыя словы, казалі: Ён сапраўды́ прарок.
Многія людзі, пачуўшы гэтыя словы, казалі: Ён сапраўды прарок.
Іншыя казалі: гэта Хрыстос. А другія казалі: хіба́ ж з Галіле́і Хрыстос пры́йдзе?
Другія казалі: гэта Хрыстос. А іншыя казалі: хіба з Галілеі Хрыстос прыйдзе?
ці ж не ска́зана ў Пісанні, што з се́мені Давідавага і з Віфлее́ма, таго пасе́лішча, адкуль быў Давід, Хрыстос пры́йдзе?
ці ня сказана ў Пісаньні, што Хрыстос прыйдзе ад насеньня Давідавага і зь Віфляема, з таго месца, адкуль быў Давід?
Дык вось нязго́да ўзнíкла ў наро́дзе з-за Яго.
І вось адбылася наконт Яго спрэчка ў народзе.
Некато́рыя ж з іх хацелі схапíць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукí.
Некаторыя зь іх хацелі схапіць Яго; але ніхто не наклаў на Яго рук.
І вось прыйшлі слу́гі да першасвятароў і фарысеяў, і тыя сказалі ім: чаму вы не прывялí Яго?
І вось служкі вярнуліся да першасьвятароў і фарысэяў, і гэтыя сказалі ім: чаму вы не прывялі Яго?
Слу́гі адказалі: ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек.
Служкі адказвалі: ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек.
На гэта фарысеі сказалі ім: няўжо і вас увялі ў зман?
Фарысэі сказалі ім: няўжо і вы ўведзены ў зман?
хіба́ хто з начальнікаў уве́раваў у Яго, ці з фарысеяў?
Ці паверыў у Яго хто з начальнікаў, альбо з фарысэяў?
А народ гэты, што не ведае закону, — пракля́ты ён.
Але гэты народ невук у законе, пракляты ён.
Кажа ім Нікадзім, які прыходзіў да Яго ўначы́ і быў адзін з іх:
Мікадым, які прыходзіў да Яго ўначы, будучы адным зь іх, кажа ім:
хіба́ закон наш су́дзіць чалавека, не вы́слухаўшы яго спача́тку і не даве́даўшыся, што ён робіць?
ці судзіць закон наш чалавека, калі папярэдне ня выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць?
У адказ сказалі яму: ці не з Галіле́і і ты? даследуй і пабач, што з Галіле́і прарок не прыхо́дзіць.
На гэта сказалі яму: і ты ці не з Галілеі? паглядзі, і ўбачыш, што з Галілеі ня прыходзіць прарок.
І пайшлі кожны ў свой дом.
І разыйшліся ўсе па дамах.