Яна 21 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Васіля Сёмухі
Пасля гэтага явíўся зноў Іісус вучням на моры Тыверыя́дскім. Явíўся ж так:
Пасьля таго зноў зьявіўся Ісус вучням Сваім пры моры Тыверыядскім. А зьявіўся так:
былí разам Сíман Пётр і Фама́, зва́ны Блізню́к, і Нафана́іл з Ка́ны Галілейскай, і сыны́ Зевядзе́евы, і двое іншых з вучняў Яго;
былі разам Сымон Пётр, і Тамаш, называны Блізьнюк, і Натанаіл з Каны Галілейскай, і сыны Зевядзеевыя, і двое іншых з вучняў Ягоных.
кажа ім Сíман Пётр: іду рыбу лавíць. Кажуць яму: ідзём і мы з табою. Вы́йшлі яны і селі адразу ў лодку, і ў тую ноч не злавíлі нічога.
Сымон Пётр кажа ім: іду лавіць рыбу. Кажуць яму: ідзём і мы з табою. Пайшлі, і адразу ўвайшлі ў лодку, і не злавілі ў тую ноч нічога.
Калі ж настала ўжо раніца, стаў Іісус на бе́разе, але не пазна́лі вучні, што гэта Іісус;
А як ужо разьвіднела, Ісус стаяў на беразе; але вучні не пазналі, што гэта Ісус.
кажа ім Іісус: дзеці! ці ёсць у вас якая ежа? Яны адказалі Яму: няма.
Ісус кажа ім: дзеці! ці ёсьць у вас ежа якая? Яны адказалі Яму: няма.
Ён жа сказаў ім: закіньце мярэ́жу з правага боку лодкі, і зло́віце. Яны закінулі і ўжо не маглі вы́цягнуць яе з-за мноства рыбы.
А Ён сказаў ім: закіньце нерат па правы бок лодкі, і зловіце. Яны закінулі, і ўжо не маглі выцягнуць нерат ад мноства рыбы.
Тады вучань, якога любіў Іісус, кажа Пятру: гэта Гасподзь. А Сíман Пётр, пачуўшы, што гэта Гасподзь, апая́саўся во́праткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора;
Тады вучань, якога любіў Ісус, кажа Пётру: гэта Гасподзь. А Сымон Пётр, пачуўшы, што гэта Гасподзь, апаясаўся шатай, — бо ён быў голы, — і кінуўся ў мора;
іншыя ж вучні прыплылí ў лодцы, — бо яны былí не далёка ад зямлí, а локцяў каля двухсот, — ця́гнучы мярэ́жу з рыбаю;
а іншыя вучні прыплылі ў лодцы, — бо недалёка былі ад зямлі, локцяў каля дзьвюхсот, — цягнучы нерат з рыбаю.
калі ж яны вы́йшлі на зямлю, бачаць раскла́дзенае во́гнішча, а на ім рыба ляжы́ць і хлеб;
А калі выйшлі на зямлю, бачаць раскладзенае вогнішча і на ім ляжыць рыба і хлеб.
кажа ім Іісус: прынясíце той рыбы, што вы злавíлі цяпер.
Ісус кажа ім: прынясеце рыбы, якое вы цяпер налавілі.
Пайшоў Сíман Пётр і вы́цягнуў на зямлю мярэ́жу, поўную вялікіх рыб, якіх было́ сто пяцьдзесят тры, і пры такой колькасці не парва́лася мярэжа.
Сымон Пётр пайшоў і выцягнуў на зямлю нерат зь вялікімі рыбінамі, якіх было сто пяцьдзясят тры; і пры мностве такім не парвалася сетка.
Кажа ім Іісус: хадзíце сюды́, сне́дайце. І ніхто з вучняў не пасмеў спыта́цца ў Яго: хто Ты́ — ведаючы, што гэта Гасподзь.
Ісус кажа ім: прыйдзеце, абедайце. З вучняў жа ніхто не адважыўся папытацца ў Яго: хто Ты?, ведаючы, што гэта Гасподзь.
Падыхо́дзіць Іісус, бярэ хлеб і дае́ ім; і рыбу таксама.
Ісус прыходзіць, бярэ хлеб і дае ім, гэтак сама і рыбу.
Гэта ўжо трэці раз явіўся Іісус вучням Сваім, уваскрэ́сшы з мёртвых.
Гэта ўжо трэйці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім пасьля ўваскрэсеньня Свайго зь мёртвых.
Калі ж яны пасне́далі, кажа Сíману Пятру Іісус: Сíмане Іонаў, ці лю́біш ты Мяне больш, чым яны? Той кажа Яму: так, Госпадзі! Ты ве́даеш, што я люблю́ Цябе. Іісус кажа яму: пасі ягнят Маіх.
І калі яны абедалі, Ісус кажа Сымону Пятру: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне больш, чым яны? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві ягняты Мае.
Кажа яму зноў, другі раз: Сíмане Іонаў, ці лю́біш ты Мяне? Той кажа Яму: так, Госпадзі! Ты ведаеш, што я люблю́ Цябе. Іісус кажа яму: будзь пастухом аве́чак Маіх.
Яшчэ кажа яму другі раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві авечкі Мае.
Кажа яму трэці раз: Сíмане Іонаў, ці любіш ты Мяне? Засмуцíўся Пётр, што Іісус трэці раз спытаўся ў Яго: ці любіш ты Мяне? — і сказаў Яму: Госпадзі! Ты ўсё ведаеш; Ты ведаеш, што я люблю́ Цябе. Кажа яму Іісус: пасі авечак Маіх;
Кажа яму трэйці раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пётр замаркоціўся, што трэйці раз спытаўся ў яго: «ці любіш Мяне?» і сказаў Яму: Госпадзе! Ты ўсё ведаеш; Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві авечкі Мае;
праўду, праўду кажу табе: калі ты быў малады́, то падпяра́зваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а калі састарэ́ешся, то вы́цягнеш ру́кі твае, і іншы падпяра́жа цябе і павядзе́, куды не хочаш.
праўду, праўду кажу табе: калі ты быў малады, дык апаясваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а калі састарышся, дык выцягнеш рукі твае, і другі апаяша цябе і павядзе, куды ня хочаш.
А гэта Ён сказаў, даючы́ зразумець, якою смерцю Пётр прасла́віць Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: ідзі за Мною.
А сказаў гэта, даючы зразумець, якою сьмерцю Пётр праславіць Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: ідзі за Мною.
Агляну́ўшыся, Пётр бачыць, што ўслед ідзе вучань, якога любіў Іісус і які на вячэ́ры, прыхілíўшыся да грудзе́й Яго, сказаў: Госпадзі! хто вы́дасць Цябе?
А Пётр, абярнуўшыся, бачыць — за ім ідзе вучань, якога любіў Ісус, і які на вячэры, на грудзі Яму схіліўшыся, сказаў: Госпадзе! хто Цябе прадасьць?
Яго ўбачыўшы, Пётр кажа Іісусу: Госпадзі! а ён што?
Яго ўбачыўшы, Пётр кажа Ісусу: Госпадзе! а ён што?
Кажа яму Іісус: калі Я хачу, каб ён быў, паку́ль Я прыйду́, то што табе да гэтага? ты за Мною ідзі.
Ісус кажа яму: калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго? ты ідзі за Мною.
І разне́слася слова гэтае сярод братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Іісус, што той не памрэ, а сказаў: калі Я хачу, каб ён быў, пакуль Я прыйду́, то што табе да гэтага?
І пранеслася гэтае слова паміж братамі, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што не памрэ, а: калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?
Гэта і ёсць той вучань, які све́дчыць пра гэта і напіса́ў гэта; і ведаем, што све́дчанне яго íсціннае.
Гэты вучань і сьведчыць пра гэта і напісаў гэта: і ведаем, што ў ісьціне сьведчаньне ягонае.
Ёсць і многае іншае, што зрабіў Іісус, але, калі б падрабя́зна апісаць гэта, думаю, што і сам свет не ўмясцíў бы напíсаных кніг. Амінь.
Многа й іншага стварыў Ісус; але калі б пісаць пра тое падрабязна, дык, думаю, і самому сьвету не ўвабраць напісаных кніг. Амін.