Яна 17 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Васіля Сёмухі
Прамо́віўшы гэта, Іісус узвёў вочы Свае да неба і сказаў: Ойча! прыйшоў час: прасла́ў Сы́на Твайго, каб і Сын Твой прасла́віў Цябе,
Пасьля гэтых словаў Ісус узьвёў вочы Свае да неба і сказаў: Войча! прыйшла гадзіна: праславі Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе,
бо Ты даў Яму ўла́ду над усякай пло́ццю, каб усяму, што Ты даў Яму, даў Ён жыццё вечнае;
бо Ты даў Яму ўладу над усякаю плоцьцю, каб усяму, што Ты даў Яму, даў Ён жыцьцё вечнае:
а жыццё вечнае ў тым, каб зна́лі Цябе, адзíнага íсціннага Бога, і Таго, Каго Ты пасла́ў: Іісуса Хрыста.
а гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб спазналі Цябе, адзінага, сапраўднага Бога, і пасланага Табою Ісуса Хрыста.
Я прасла́віў Цябе на зямлí: завяршы́ў спра́ву, якую Ты даў Мне зрабіць;
Я праславіў Цябе на зямлі, выканаўшы ўсё, што Ты даручыў Мне зрабіць;
і цяпер прасла́ў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Само́га той сла́ваю, якую Я меў у Цябе ране́й, чым стаў існава́ць свет.
І сёньня праславі Мяне Ты, Войча, у Цябе Самога славаю, якую Я меў у Цябе раней стварэньня сьвету.
Я адкрыў імя́ Тваё лю́дзям, якіх Ты даў Мне ад свету; яны былí Твае, і Ты даў іх Мне, і яны захава́лі слова Тваё;
Я адкрыў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне ад сьвету; яны былі Твае, і Ты даў іх Мне, і яны выканалі слова Тваё;
цяпер зразуме́лі яны, што ўсё, што Ты даў Мне, гэта ад Цябе;
цяпер уразумелі яны, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе ёсьць;
бо сло́вы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялí і сапраўды́ зразуме́лі, што Я ад Цябе вы́йшаў, і ўве́равалі, што Ты паслаў Мяне.
бо словы, якія Ты даў Мне, Я перадаў ім, і яны прынялі і ўразумелі ў праўдзе, што Я зыйшоў ад Цябе, і ўверавалі, што Ты паслаў Мяне.
Я за іх малю́, не за ўвесь свет малю́, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае;
Я малю за іх: не за ўвесь сьвет малю, а за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае;
і ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і Я прасла́віўся ў іх;
і ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і Я праславіўся ў іх.
і Я ўжо не ў свеце, а яны ў свеце, Я ж да Цябе іду́. Ойча Святы́! захава́й іх у імя́ Тваё, тых, каго Ты даў Мне, каб яны былí адно, як і Мы.
Я ўжо ня ў сьвеце, а яны ў сьвеце, а Я да Цябе іду. Войча Сьвяты! аслані іх у імя Тваё, тых, каго Ты Мне даў, каб яны былі адзіныя як і Мы.
Калі Я быў з імі ў свеце, Я захо́ўваў іх у імя́ Тваё; тых, каго Ты даў Мне, Я збяро́г, і ніхто з іх не загíнуў, толькі сын пагíбелі, каб збыло́ся Пісанне;
Калі Я быў зь імі ў сьвеце, Я асланяў іх у імя Тваё; тых, каго Ты даў Мне, Я захаваў, і ніхто зь іх не загінуў, апрача сына пагібелі, каб збылося Пісаньне.
цяпер жа Я да Цябе іду́ і гавару гэта ў свеце, каб яны ме́лі ў сабе радасць Маю́ по́ўную.
А цяпер да Цябе іду, і гэта кажу ў сьвеце, каб яны мелі ў сабе радасьць Маю поўную.
Я даў ім сло́ва Тваё, і свет узненавíдзеў іх, бо яны не ад свету, як і Я не ад свету;
Я перадаў ім слова Тваё, і сьвет зьненавідзеў іх, бо яны не ад сьвету, як і Я не ад сьвету.
Я не малю́, каб Ты ўзяў іх са све́ту, але каб захава́ў іх ад зла;
Не прашу, каб Ты ўзяў іх ад сьвету, а каб асланіў іх ад ліхога;
яны не ад све́ту, як і Я не ад све́ту;
яны не ад сьвету, як і Я не ад сьвету.
асвяцí іх íсцінаю Тваёю: сло́ва Тваё ёсць íсціна.
Асьвяці іх у праўдзе Тваёй: слова Тваё ёсьць праўда.
Як Ты пасла́ў Мяне ў свет, так і Я пасла́ў іх у свет,
Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, так і Я паслаў іх у сьвет;
і за іх Я прысвяча́ю Сябе́, каб і яны былí асвячо́ныя íсцінай.
і за іх Я прысьвячаю Сябе, каб і яны былі асьвечаныя праўдаю.
Не за іх жа толькі малю́, але і за тых, што ве́руюць у Мяне дзя́куючы слову іх,
Не за іх жа толькі прашу, а і за тых, што ўверуюць у Мяне паводле слова іхнага:
няхай усе будуць адно: як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, так няхай і яны ў Нас будуць адно, каб уве́раваў свет, што Ты пасла́ў Мяне;
хай будзе ўсё адзінае: як Ты, Войча, ува Мне, і Я ў Табе, так і яны хай будуць у Нас адзіна, — каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне.
і славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім; каб яны былí адно, як Мы адно:
І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім: хай будуць адзіныя, як Мы адзіныя.
Я ў іх, і Ты ўва Мне; няхай будуць яны ў даскана́лым адзíнстве, і няхай спазна́е свет, што Ты пасла́ў Мяне і ўзлюбíў іх, як узлюбíў Мяне.
Я ў іх, і Ты ўва Мне; хай будуць паяднаныя ў адно, і хай уведае сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.
Ойча! хачу, каб ты́я, каго Ты даў Мне, там, дзе і Я, былí са Мною, каб яны бачылі славу Маю́, якую Ты даў Мне, бо ўзлюбíў Мяне ране́й заснава́ння све́ту.
Войча! якіх Ты даў Мне, хачу, каб там, дзе Я, і яны былі са Мною, хай бачаць славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне раней, чым пачаўся сьвет;
Ойча Пра́ведны! і свет Цябе не спазна́ў; а Я Цябе спазна́ў, і яны спазна́лі, што Ты пасла́ў Мяне;
Войча праведны! і сьвет Цябе не спазнаў; а Я спазнаў Цябе, і гэтыя спазналі, што Ты паслаў Мяне;
і Я паве́даў ім імя́ Тваё і паве́даю, каб любоў, якою Ты ўзлюбíў Мяне, у іх была́, і Я ў іх.
і Я адкрыў ім імя Тваё і адкрыю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, ў іх была; і Я ў іх.